Нашы німфеі-феі

Белы гарлачык — адна з самых чароўных водных раслін. У фальклоры розных народаў можна сустрэць пра яе мноства паданняў і легенд. Славяне асацыіравалі белы гарлачык з русалкай, называючы яго “адалень-травой”, і прыпісвалі яму цудадзейную магічную сілу. Адмысловымі ўласцівасцямі яго надзялілі за тое, што ён выкарыстоўваўся ў медыцыне, служачы проціяддзем і сродкам ад зубнога болю. На аснове назвы яму прыпісалі ўласцівасць перамагаць не толькі боль, але і злых людзей, ведзьмакоў, усялякія няшчасці. Скандынаўскія казкі гавораць пра тое, што ў кожнага гарлачыка ёсць асабісты сябар эльф, які суправаджае яго ўсё жыццё, нараджаючыся і паміраючы разам ім. Старажытнагрэчаскі міф расказвае пра німфу, якая загінула ад нераздзеленага кахання да Геракла і ператварылася ў незвычайнай прыгажосці кветку. Некаторыя называюць белы гарлачык “дзіця сонца”, бо на досвітку ён раскрываецца насустрач сонечным промням, а на заходзе закрывае бутон. Старажытныя егіпцяне лічылі, што вадзяная лілея мае сувязь з нябеснымі свяціламі, бо распускаецца на досвітку і ззяе днём. Як адзін са знакаў вечнага жыцця яе клалі ў саркафагі фараонаў.

Сямейства гарлачыкавых налічвае каля 40 відаў німфей, якія растуць практычна ва ўсіх кліматычных паясах. Мы лепш за ўсіх ведаем белы гарлачык, які распаўсюджаны ў прэсных вадаёмах. Цяпер выведзена шмат холадаўстойлівых і цеплалюбівых гатункаў з кветкамі рознай афарбоўкі і памераў. Сіняя і фіялетавая афарбоўка сустракаецца пакуль толькі ў трапічных німфей, якія атрымліваецца вырошчваць толькі пры тэмпературы не ніжэй 20°С. У натуральным асяроддзі белыя гарлачыкі цвітуць адначасова, але каля месяца. Культурныя ж гатункі німфей цвітуць з пачатку лета да самых замаразкаў.
На тэрыторыі нашай школы ёсць водны сад, якім ганарацца нашы вучні. Гэта невялікі райскі куток, куды можна прыйсці, калі цяжка на душы, каб палепшыць свой настрой. У абласным конкурсе ў намінацыі “Водны сад” наша школа атрымала дыплом ІІ ступені.
Якія ж асаблівасці водных німфей, як іх разводзіць і даглядаць?
Лепш за ўсё набываць і перасаджваць вадзяныя лілеі з пачатку мая да канца верасня. Расліны можна высаджваць непасрэдна ў грунт на дне вадаёма, а ў невялікіх вадаёмах іх значна зручней размяшчаць у розных кантэйнерах (чыгунах, скрынях, кошыках). У гэтым выпадку расліны будзе зручна прымаць на зіму або пераносіць на іншае месца. Для пасадкі лепш выбіраць невысокія, але шырокія ёмістасці з дрэнажнымі адтулінамі. Калі дзіркі і шчыліны ў іх сценках занадта вялікія, кантэйнеры можна заслаць знутры мешкавінай, каб з іх з часам не вымываўся грунт. Яшчэ адна парада па скрынях для німфей чыста эстэтычная: неабходна выкарыстоўваць кантэйнеры цёмных тонаў, тады яны не будуць заўважныя і не адцягнуць увагу ад кветак.

Для пасадкі німфей лепш за ўсё выкарыстоўваць стары кампост з дабаўленнем буйназярністага пяску і садовай зямлі. Касцявая мука — выдатнае ўгнаенне для вадзяных лілей. Але яе нельга рассыпаць на субстрат: адразу ж змые вадой. Можна змяшаць яе з грунтам, але ў гэтым выпадку яна хутка мінералізуецца, пажыўныя рэчывы растворацца ў вадзе, перастануць аказваць дабратворны ўплыў на німфеі і прывядуць да “цвіцення” вады. Самы лепшы спосаб падкормкі водных раслін — змясціць пад іх карэнішча пры пасадцы або па меры неабходнасці шары, злепленыя з сумесі гліны і касцявой мукі.
Размнажаць німфеі можна адрэзкамі карэнішча і насеннем. Насенне высаджваюць у грунт на дне вадаёма альбо ў кантэйнеры з зямлёй, апускаючы іх затым у ваду. У нашых умовах гібрыдныя белыя гарлачыкі насеннем не размнажаюцца, іх можна размножыць толькі дзяленнем карэнішча. Карэнішча вадзяных лілей разгалінаванае і мае спячыя пупышкі. Для размнажэння можна выкарыстоўваць любы кавалачак карэнішча з пупышкай. Звычайна рэкамендуецца прысыпаць зрэзы тоўчаным драўняным вугалем. Кавалкі карэнішча без пупышак для размнажэння не падыходзяць.

Карані і лісце белых гарлачыкаў не церпяць падсушвання, таму нельга расцягваць у часе працэс дзялення і пасадкі карэнішча, і да моманту высадкі трымаць іх лепш у вільготнай паперы або тканіне. Калі белы гарлачык расце непасрэдна ў субстраце дна вадаёма, то галоўнае пры дзяленні куста — правільна выкапаць карэнішча. Вострай лапатай трэба выразаць намечаны квадрат прыкладна 20х20 см каля асновы разеткі і асцярожна пацягнуць за чаранкі лісця. Як толькі асноўнае карэнішча будзе перарэзана, расліна пацягнецца з вады пры невялікім намаганні. Лісце выкапанага белага гарлачыка аддзяляюць ад тых, што засталіся ў вадзе. Калі лісця шмат, яго часткова выдаляюць. Расліну змяшчаюць у кантэйнер з вадой і ў такім выглядзе транспартуюць да месца пасадкі, а таксама захоўваюць некалькі дзён.
Аптымальная глыбіня, на якую трэба апусціць кантэйнер, залежыць ад гатунку. Карлікавым німфеям дастаткова 15 — 25 см, моцнарослым — 70 — 100 см. Для большасці гатункаў і відаў ідэальнай будзе глыбіня 30 — 60 см. Наш вадаём двухузроўневы: адна частка мае глыбіню 40 см, другая — 100 см. Увесну німфеі развіваюцца хутчэй, калі іх наблізіць да святла і цяпла. З гэтай мэтай, пакуль няма лісця, расліны размяшчаюць неглыбока — на палову названай адлегласці. Мы размяшчаем кантэйнеры з німфеямі ў тую частку вадаёма, дзе неглыбока. Пасля адрастання лісця німфеі апускаюць на рэкамендаваную глыбіню. Лісце пры гэтым патоне, але ўжо праз 2-3 дні зноў з’явіцца на паверхні вады.
Белыя гарлачыкі можна саджаць у грунт дна вадаёма, калі ён мае таўшчыню да 30 см. Каб карэнішча не ўсплывала, яго прымацоўваюць дротам або, аналагічна пасадцы ў кантэйнер, прыціскаць зямлю зверху шчэбнем і невялікімі камянямі. Расліны, пасаджаныя ў раннія тэрміны, паспяваюць укараніцца і даволі пышна цвітуць у першы год жыцця на новым месцы. Пры пасадцы белых гарлачыкаў у вялікіх вадаёмах да кавалкаў карэнішча можна прывязаць камень і закінуць у патрэбнае месца.

Да ліку самых вялікіх цяжкасцей у культуры белых гарлачыкаў варта аднесці захаванне іх у зімовы перыяд.
Расліны могуць застацца на сваіх месцах і зімой, калі знаходзяцца на глыбіні паўметра і больш (лічачы ад пупышак росту да паверхні вады), а вадаём вельмі вялікі. У гэтым выпадку ніякіх праблем з зімоўкай белых гарлачыкаў не ўзнікае: яны выдатна зімуюць без спецыяльнага ўкрыцця. Калі ж вадаём прамярзае да дна, то кантэйнеры з белымі гарлачыкамі варта выцягнуць, змясціць у ёмістасці з вадой і паставіць у халаднаватае месца, якое не прамярзае. Свае гарлачыкі мы захоўваем у школьным падвале ў ёмістасцях з вадой, якія закрываем накрыўкамі. Калі накрывак няма, можна завязаць ёмістасці плёнкай і зверху зрабіць маленькую адтуліну.
Абуджаюцца німфеі рана вясной, калі растане лёд і вада пачынае прагравацца. У гэты час неабходна вярнуць у басейн расліны, якія зімавалі не ў вадаёме (у падвале). Кантэйнеры з падвала пераносяць у вадаём і ўсталёўваюць на патрэбнай глыбіні. Да гэтага часу вадаём можа запоўніцца расталай вадой, зліваць якую для ўстаноўкі кантэйнераў не трэба. Калі вады нямнога, басейн запаўняем водаправоднай вадой. Пройдзе некалькі дзён — і вада “зацвіце”, стаўшы мутна-зялёнай. А ўжо праз тыдзень яна будзе крыштальна чыстай, але толькі пры адной умове: ваду нельга мяняць. Вясновыя замаразкі для марозаўстойлівых відаў не ўяўляюць небяспекі, нават калі зноў утворыцца скарыначка лёду.
Гарлачыкі, як правіла, не хварэюць і не маюць злосных шкоднікаў. Аднак у сухія спякотныя гады могуць пашкоджвацца тлёй. Самі расліны пры гэтым не пакутуюць, аднак некаторыя бутоны не раскрываюцца і гінуць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы,
педагог
дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.