Аднагадовыя кветкі з’яўляюцца ў мяне на клумбе самымі рознымі шляхамі. Пра некаторыя я даведваюся праз часопісы і каталогі, некаторыя бачу на клумбах і потым ужо шукаю пра іх інфармацыю, а бывае і так, што проста прыцягне ўвагу малюнак на пакеціку з насеннем. Апошні варыянт — гэта пра сальпіглосіс.
Неймавернай прыгажосці кветкі, па форме падобныя на немахровую петунію, але расфарбаваныя ва ўсе колеры вясёлкі. Інтэрнэту ў мяне ў той час не было, на пакеціку прачытала інфармацыю, што пры вырошчванні расадай насенне сальпіглосіса прарастае ў поўнай цемры. Хаця можна вырошчваць яго і пасевам у адкрыты грунт.
Але аб усім па парадку. Самы першы год я вырошчвала сальпіглосіс расадай. У сярэдзіне сакавіка высеяла яго (насенне вельмі дробнае) у харчовы кантэйнер з накрыўкай і паставіла пад ванну. Акрамя таго, што там цёмна, там і больш высокая тэмпература, чым у іншых пакоях. Усходы з’явіліся праз 8—10 дзён, вельмі тонкія і дробныя. Недзе каля тыдня я трымала ёмістасць пад ваннай, апырскваючы ўсходы з пульверызатара, а пасля выставіла на акно. Расада хутка зазелянела і пайшла ў рост. Адзначу, што мая знаёмая звычайна вырошчвае расаду на акне — у гэтым выпадку яна проста накрыла скрыначку з сальпіглосісам цёмнай плёнкай, а потым яе зняла.
Добра памятаю, што расаду я не пікіравала, а калі высаджвала ў адкрыты грунт, выкарыстала два варыянты. Частку парасткаў высадзіла ў радкі, а частку пасадзіла “букетам”. У першым выпадку расліны выраслі больш моцныя і разгалінаваныя, што і павінна было адбыцца, але, паверце, “букет” выглядаў вельмі прывабна і незвычайна.
На наступны год я расаду распікіравала. І хоць старалася рабіць усё вельмі акуратна, пластыкавым відэльцам, некаторыя парасткі не прыжыліся. Праўда, зацвіў сальпіглосіс у трэцяй дэкадзе чэрвеня, на дзесяць дзён раней, чым звычайна.
У прыродзе гэтая кветка расце як шматгадовая расліна ў краінах Паўднёвай Амерыкі. Адсюль і правілы догляду — рыхлая водапранікальная глеба, умераны паліў, рыхленне. Усё гэта без фанатызму, кветка даволі непатрабавальная. Размясціць яе можна і ў цэнтры клумбы, і на заднім плане, бо яна даволі высокая, да 80 см. Прыгожа выглядае і як саліцёр, і ў групе. Калі дазваляе месца і ёсць жаданне, можна стварыць цэлую клумбу з адных толькі сальпіглосісаў розных колераў і адценняў.
Калі вы вырашылі пасеяць сальпіглосіс адразу ў адкрыты грунт, можаце зрабіць гэта і вясной, і восенню. Зрабіце невялікія бароздкі, рассыпце насенне і злёгку прысыпце пажыўным грунтам. Увосень высяваць сальпіглосіс трэба тады, калі зямля ў бароздках крыху прамерзне, а потым, як і ў першым выпадку, злёгку прысыпаць. Насення трэба браць у паўтара-два разы больш. Абавязкова паставіць калочкі, каб вясной не перакапаць гэтае месца. У цёплыя зімы сальпіглосіс дае нядрэнны самасеў.
Адзіны недахоп расліны — параўнальна тонкае сцябло, таму месца для пасадкі трэба выбіраць без моцнага ветру ці падвязаць да калкоў ліпкай лентай. Дарэчы, існуюць і нізкарослыя гатункі сальпіглосіса, але мне іх вырошчваць не даводзілася. Думаю, такі б варыянт падышоў у якасці бардзюра.
Цвіце гэтая кветка, калі стаіць сухая цёплая восень, даволі доўга, да сярэдзіны кастрычніка, і не губляе сваёй дэкаратыўнасці.
Важны момант — падабраць да сальпіглосіса суседзяў. Падыдуць і белая лабелія, і нізкарослы белы агератум, і белая брахікома. Яны сваёй строгасцю падкрэсляць какетлівасць сальпіглосіса.
Чамусьці гэтая кветка абдзелена ўвагай кветкаводаў. І сапраўды, інфармацыі пра яе малавата, ды і не ўсе маюць магчымасць вазіцца з расадай ці эксперыментаваць. Я таксама саджаю сальпіглосіс не кожны год, але не было такога, каб кветка мяне расчаравала.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.