Запечаныя шампіньёны, фаршыраваныя сырам і часнаком

Шампіньёны частыя госці нашага стала. Незалежна ад сезона, іх заўсёды можна знайсці ў продажы. Рэцэпты страў з гэтага карыснага прадукту адны з самых даступных. З імі вараць смачныя супы-пюрэ, гатуюць другія стравы. А таксама выкарыстоўваюць у салатах і закусках. Гэтыя грыбы выдатна спалучаюцца з многімі прадуктамі, дадаючы ім смак і ні з чым не параўнальны водар.

Прапаную самы просты рэцэпт з усіх, якія я ведаю. Згатаваць па ім закуску можна за лічаныя хвіліны.

Нам спатрэбіцца:

Свежыя шампіньёны — 8-9 шт. немалога памеру.

Цыбуля — 1 шт.

Сыр — 250 гр.

Соль, перац молаты на смак.

Таматны соус з чырвоным перцам.

Грыбы памыць, ачысціць па неабходнасці і вельмі акуратна выразаць ножку амаль пад самы капялюшык. Чысціць верх шампіньёна не абавязкова.

Сыр пацерці на сярэдняй тарцы. Калі капялюшыкі ў грыбоў ма­юць сярэдні памер, то для іх прыкладна спатрэбіцца па 25—30 г сыру на кожны. Таму, калі ў вас іншая колькасць грыбоў, то разлічвайце колькасць кампанентаў у такіх прапорцыях.

Ножкі ад грыбоў здрабняем і смажым з дробна нарэзанай цыбуляй. Сталовай лыжкай, злёгку прысаліўшы кожны грыбочак знутры, раскладваем на дно кожнага капялюшыка гэтую начынку.

Здрабняем часнок (прэсам або проста нажом).  Таксама можна выкарыстоўваць сушаны прадукт.

Часнок змешваем з сырам, а таксама злёгку прысыпаем атрыманую масу перчыкам. Ён дасць нам смачны водар і надасць лёгкую пікантнасць.

Затым з сырнай масы скручваем невялікі шарык, падобны па памеры з унутранай паверхняй капялюшыка, і кладзём яго ўнутр. Гэта будзе наша другая начынка. Такім чынам запаўняем усе грыбочкі. Зверху кладзём па чайнай лыжцы таматнага соуса з невялікай дабаўкай чырвонага перцу.

Форму для запякання або бляху крыху змазваем алеем і выкладваем туды нашы шампіньёны.

Загадзя разаграваем духоўку да 160°С і змяшчаем туды форму з шампіньёнамі. Прыкладна хвілін праз 7—10 закуска будзе гатова. Сыр расплавіцца, а грыбочкі паспеюць запячыся.

Смачна есці!

Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.