Бяспечны адпачынак для маленькага дачніка

Многія сем’і з маленькімі дзецьмі праводзяць лета на дачы. Магчыма, дача — найлепшае месца для летняга адпачынку малыша. Тут і клімат мяняць не даводзіцца, і можна добраўпарадкаваць для маленькага дачніка дзіцячую пляцоўку са сваімі арэлямі і пясочніцай, зрабіць персанальнае “возера” ў тазіку ці басейне. А колькі магчымасцей для развіцця, навучання дзіцяці, яго загартоўвання і аздараўлення! Адным словам, дача — гэта здорава! Але і клапотна. Там маленькага даследчыка падпільноўвае мноства небяспек, часам нечаканых для яго бацькоў. Як жа падрыхтаваць дом і ўчастак да прыезду малыша, каб пазбегнуць бяды?

Дачны домік. Тут дзейнічаюць тыя ж правілы бяспекі, што і ў гарадской кватэры:

— прымаем усё лішняе, прадметы, да якіх дзіця можа дабрацца (посуд, вазы, сувеніры, рамкі з фотаздымкамі), павінны размяшчацца па-за зонай дасягальнасці цікаўнага карапуза;

— усе небяспечныя прадметы (гузікі і пацеркі, іголкі, нажніцы, манеты, манікюрны набор, лекі, запалкі, батарэйкі і г.д.) хаваем вышэй у шафы ці ў шуфлядкі, якія зачыняюцца;

— прыводзім у парадак разеткі і правады (разеткі закрываем тугімі заглушкамі, правады хаваем за цяжкую мэблю ці падымаем наверх);

— правяраем, наколькі надзейна замацаваны ўсе прадметы мэблі (шафкі, этажэркі, столікі, крэслы), якія малыш можа перакуліць на сябе; правяраем, ці не ўпадуць карнізы, калі малыш уздумае патузаць шторы; часова абыходзімся без доўгіх абрусаў і сурвэтак на сталах; калі на вокнах устаноўлены жалюзі, вышэй прымаем шнуры кіравання;

— звяртаем асаблівую ўвагу на дзверы: на іх не павінна быць кручкоў і шпінгалетаў (малыш можа зачыніцца знутры), замкі павінны лёгка адчыняцца з абодвух бакоў; не забываем замыкаць на ноч уваходныя дзверы ў дом, каб дзіця не змагло адправіцца на самастойную прагулку ў двор;

— правяраем лесвіцы (калі ў вас ёсць стацыянарныя лесвіцы на другі паверх, у падвал ці на гарышча, абавязкова закрыйце іх ахоўнымі агароджамі або спецыяльнымі дзверцамі-бар’ерамі, праз якія малыш не зможа пералезці);

— будзьце асцярожны з агнём: калі ў доме ёсць камін ці печ, сачыце, каб малыш не апёкся, схапіўшыся ручкай за гарачую рашотку або дзверцы; газавыя балоны павінны знаходзіцца ў спецыяльных металічных шафах і  быць зачынены на замок, каб малыш не дабраўся да вентыля падачы газу.

Дачны дворык. Малышы ўмудраюцца заўважыць і адшукаць шмат такога, на што дарослыя часта не звяртаюць увагу. Галоўнае правіла дзіцячай бяспекі — прадбачыць і прадухіліць усе магчымыя небяспекі. Перш-наперш уважліва агледзім увесь дачны ўчастак. Напрыклад, стаіць забытая татам лесвіца, па якой у лічаныя секунды можна забрацца на дах. Будзь­це ўпэўнены: малыш забярэцца. А ў закутку двара складзена гара дроў для каміна. Не сумнявайцеся: дзіця ўскараскаецца і туды… Веснічкі павінны надзейна зачыняцца. І лепш, каб у агароджы не было пралазаў — тады дзіця не адправіцца на несанкцыянаваную прагулку і суседскі сабака не прабярэцца ў двор. Усе дапаможныя памяшканні на дачы: хлявы, гараж, падвал, цяпліца, летні душ, туалет і іншыя — павінны быць абсталяваны замкамі, якія малыш не зможа адкрыць самастойна. У хлявах і гаражы нярэдка захоўваецца разнастайная дачная хімія, інструменты. Да ўсяго гэтага малыш не павінен мець доступ. Асабліва небяспечныя хімікаты для апырсквання раслін і бытавыя атруты. Збярыце іх усе разам і трымайце не проста ў зачыненым хляве, але яшчэ і на высокіх паліцах, куды дзіця не зможа дабрацца. Увесь садовы інвентар: рыдлёўкі, граблі, сякера, каса ­і г.д. — пасля выкарыстання адразу ж прымайце ў хлеў, які зачыняецца. Малыш можа параніцца, схапіўшыся рукой за навостраную касу ці скінуўшы на сябе цяжкую рыдлёўку. Гэта датычыцца любых прылад працы. Газонакасілка таксама не дзіцячая цацка. Калі яна працуе, лепш, каб малыша не было паблізу. У крайнім выпадку няхай назірае за працэсам з бяспечнай адлегласці. Калі пад нож касілкі трапіць камень, ён можа з вялікай хуткасцю адскочыць і траўміраваць дзіця. У мэтах бяспекі перад тым, як стрыгчы газон, прачэсвайце яго граблямі. Века склепа заўсёды павінна быць шчыльна закрыта. Тое ж самае можна сказаць і пра калодзеж ці шчыліну — гэта самыя небяспечныя зоны для дзіцяці. Калі на дачы ёсць басейн ці вялікія ёмістасці з вадой (бакі, бочкі), малыш ні ў якім разе не павінен знаходзіцца каля іх без дарослых: неабходна прыдумаць якія-небудзь накрыўкі, хаця б проста пакласці зверху некалькі дошак.

Сад і агарод. Неабавязкова ўвесь час трымаць дзіця ў двары каля дома — сад і агарод падо­раць малышу масу магчымасцей для маленькіх адкрыццяў. Тут усё цікава: можна даведацца, як расце садавіна і агародніна, пазнаёміцца з рознымі насякомымі, ірваць ягадкі адразу з куста. Толькі важна, каб садавіна, агародніна і ягады не былі апрацаваны хімікатамі. Лепш, каб у той час, калі малыш будзе на дачы, ніякая хімічная апрацоўка раслін не праводзілася. Як за дзіцем ні сачы, а яно ўмудрыцца пакаштаваць што-небудзь. Канечне, цікава сарваць непасрэдна з градкі пухірысты агурок і адразу яго з’есці. Прывучайце малыша да таго, што агародніна ці садавіна павінна быць спачатку вымыта, а ўжо потым з’едзена. І ўвогуле, часцей мыйце ручкі дзіцяці, бо яно гуляе ў зямлі, траве і пяску. Не высаджвайце на дачным участку атрутныя расліны, такія як ландыш, алеандр, дурнап’ян, марознік, баршчэўнік, клешчавіна. Напрыклад, у клешчавіны смяротна атрутнае насенне, і дзіцяці будзе дастаткова праглынуць некалькі зярнят, каб атрымаць цяжкае атручэнне. Пазбягайце дэкаратыўных кустоў з ­неядомымі ці атрутнымі ягадамі, такіх як бузіна, бружмель і г.д. Нават у некаторых прывычных і небяспечных на першы погляд раслін могуць быць атрутныя сцёблы, лісты ці насенне. Напрыклад, бацвінне, ягады і лісты бульбы змяшча­юць небяспечную атруту — алкалоід ­саланін. Калі малыш хварэе на алергічныя захворванні, не высаджвайце на дачы кветкі, што выдзяляюць многа пылку: астры, хрызантэмы, аксаміткі, стакроткі, наготкі. Калі ў вас у садзе ёсць арэлі, гамак, падвесная канапа, пільна правярайце, наколькі надзейна гэта ўсё замацавана, ці не абломіцца галіна, ці не парвецца вяроўка. Абсталюйце пляцоўку для дзіцячых гульняў у цяністым кутку сада, каб малыш як мага менш знаходзіўся пад прамымі сонечнымі прамянямі. Не забудзьце захапіць з сабой на дачу дзіцячы сонцаахоўны крэм і хусцінкі-панамкі.

Небяспечныя насякомыя і расліны. Надакучлівыя мухі і камары, пчолы і восы — усе яны ў нейкім сэнсе небяспечныя для малыша, і наша задача — максімальна абараніць ­маленькага дачніка. Мухі не толькі не даюць ­спаць раніцай, але і разносяць
не­бяспечныя хваробы, ­та­му пастаўце на вокны су­п­­­рацьмаскітныя сеткі: яны бываюць на ліпуч­ках і ў гэтым выпадку вельмі лёгка ўстанаўліваюцца. На ўваходныя дзверы можна павесіць доўгі кавалак цюлю ці спе­цыяльныя дзверы-рамку з нацягнутай сеткай. Аэразолі ад насякомых лепш не выкарыстоў­ваць: нават самыя бясшкодныя не трэба ўды­хаць дзіцяці. Замест гэтага развесьце ў доме ліпкую стужку ад мух, а ежу накрывайце спецыяльнымі пара­сонамі-сетачкамі. Гэтыя меры дапамогуць засцерагчыся і ад камароў. Але супраць іх можна скарыстацца фумігатарамі і рэпелентамі. Фумігатары — сродкі, якія знішчаюць камароў. Для дачы зручней за ўсё выкарыстоўваць электрафумігатар, які ўстаўляецца ў разетку. Рэпеленты выратуюць ад камароў у час вячэрніх прагулак, будуць адпуджваць іх ад дзіцяці. Выбіраючы сродак ад насякомых, уважліва чытайце інст­рукцыю. Многія рэпеленты шкодныя для малышоў да 3 гадоў.

Не забывайце, што ўкусы пчол і вос не толькі балючыя, але і мо­гуць выклікаць алергічныя рэакцыі. Прывучыце дзіця адносіцца да насякомых, якія кусаюцца, спакойна, без лішняй мітусні. Патлумачце, што не трэба махаць рукамі, калі пачне чапляцца аса, а неабходна проста спакойна адысці ўбок. Навучыце малыша глядзець у шклянку з кампотам ці сокам, перш чым піць: у іх магуць трапіць пчолы і восы, якіх можна выпадкова праглынуць разам з напоем. Укусы ў вобласць рота вельмі небяспечныя, таму што могуць прывесці да ацёку дыхальных шляхоў.

Уважліва праверце дахі і гарышчы на наяўнасць гнёздаў вос і шэршняў. Калі няпрошаныя госці знойдуцца, ад іх абавязкова прыйдзецца пазбаўляцца. Падумайце яшчэ раз, уважліва агледзь­це дом і дачны ўчастак. Ад гэтага шмат у чым будзе залежаць здароўе і бяспека вашага дзіцяці. Няхай летні адпачынак прынясе яму і вам толькі ­карысць, ра­дасць і прыемныя імгненні. ­Астатняе вам падкажуць інтуіцыя і любячае сэрца.

Надзея НЕСЦЕРАВА,
валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.