Шчасце — бегавая дарожка ці поле для апрацоўкі?

Кожны з нас, пражыўшы шчаслівую падзею, заўважаў, што нейкі час ярка радуецца ёй, а потым дасягнуты стан становіцца менш канцэнтраваным, менш прыметным і зусім знікае. Мы адпраўляемся ў новы паход па шчасце. Такое прасочванне адчування шчасця ў пясок не радуе нас і хацелася б змяніць ход падзей? Уявім, што аднойчы дасягнутае пачуццё застаецца з намі назаўсёды. Ці гатовы мы атрымліваць асалоду ад аднаго і таго ж усё жыццё і не ўпускаць у сваю душу новыя грані, адценні, нюансы шчасця, новы яго змест у адпаведнасці з часам, у якім жывём, з актуальным узростам, са станам здароўя, з каштоўнасцямі, якіх прытрымліваемся? Хутчэй за ўсё, большасць чытачоў адкажа, што гатовы абнаўляць сваё шчасце.

Падбяромся да нашага пытання з іншага боку: калі шчасце збіраецца і нікуды не сыхо­дзіць, не разыходзіцца ў прасторах псіхікі, то ці вытрымаем мы такі напор моцных эмоцый? Прыхо­дзіцца пагаджацца з тым, што прыліў і адліў шчасця натуральны, рацыянальны, нават ахоўвае нас ад непасільных нагрузак. Магчыма, хтосьці скажа, што, так разважаючы, прыйдзем да высновы, што адмоўныя эмоцыі нам неабходны і карысны. Так, неабходны. Так, карысны. Але ў абмежаванай колькасці, каб не стаць псіхалагічнай атрутай. Вядома, што для здаровага існавання чалавеку неабходна, каб на працягу дня на яго ўздзейнічалі тры віды раздражняльнікаў: тыя, што выклікаюць станоўчыя эмоцыі (35%), тыя, што выклікаюць адмоўныя эмоцыі (5%), і эмацыянальна нейтральныя (60%).

Якая карысць ад адмоўных эмоцый? Яны стымулююць пошук новых спосабаў дасягнення мэты, атрымання жаданага і проста неабходнага, служаць фонам, інструментам параўнання, адцяня­юць станоўчыя эмоцыі. Падкрэслім усё ж важнасць менавіта невялікай дозы адмоўных эмоцый. А ўжо калі мы сталі самі крыніцай такога роду перажыванняў для іншага чалавека, ведайце: каб нейтралізаваць, загладзіць ранкі ад перажытага, нам трэба будзе захаваць прапорцыю 1:7. Гэта значыць, на 1 частку негатыву прыйдзецца выліць 7 частак пазітыву.

Калі зноў вярнуцца да формулы эмацыянальнага дабрабыту чалавека, то напрошваецца выснова: чалавек запраграмаваны на шчасце. Ён абавязаны быць шчаслівым, калі хоча быць здаровым і паспяховым. Нездарма нам хочацца вяртацца туды, дзе мы былі шчаслівыя, вясёлыя, радасныя. Калі мы шчаслівыя ці нам цікава, мы можам варочаць горы. Дык паміж шчасцем і цікавасцю можна паставіць знак роўнасці? Часам — так. У цяперашні момант мне цікава пісаць гэты матэрыял. І я шчаслівая!

Яшчэ крыху матэматыкі. Формула чалавечага шчасця вядома. Палову яго, роўна 50%, вызначае наша фізічная і псіхічная прырода, той псіхафізічны патэнцыял, што падарылі нам мама і тата, на аснове якога фарміраваўся наш характар. Часткова (10%) шчасце вызначаюць тыя ўмовы і акалічнасці, у якіх мы жывём. Астатнія 40% — у нашым распараджэнні. Кіруючы імі, мы можам павялічыць, абнавіць змест, зменшыць, выключыць шчасце ў сваім жыцці. У нашых сілах зрабіць гэтае пачуццё больш доўгім пасля станоўчых падзей у жыцці. Як гэта робіцца? Для кожнага свае ключы да гэтага замка. Першы: паспрабуйце падзякаваць іншым людзям, акалічнасцям, самому сабе за тое добрае, што ёсць у вас. Скажыце прыемныя і шчырыя словы ўдзячнасці сваім бацькам, жонцы, мужу, дзецям, сябрам, калегам, сабе. Стварыце добры паток акалічнасцей для блізкіх ці далёкіх, але тых людзей, якія ма­юць патрэбу ў падтрымцы. Грэе ці не грэе? Іншы ключ — зрабіце разнастайнай сваю штодзённасць, узба­гачайце сваё шчаслівае меню. Для таго каб узбагаціць меню, яго трэба скласці. Мяне натхняе менавіта такая ідэя. Магчыма, хтосьці з чытачоў таксама выбера гэта.

Асабістае шчаслівае меню

Бачыць шчаслівай сваю дачку, яе сям’ю.

Зносіны з сям’ёй у поўным яе складзе і з кожным паасобку.

Зносіны з сябрамі і калегамі.

Прагулкі на прыродзе, падарожжы, паходы ў госці і прыём сяброў у сябе дома.

Фатаграфаванне і прагляд злоў­ленага ў аб’ектыў.

Гатаванне новай нескладанай стравы.

Шыццё сталовай бялізны, пасцельных рэчаў, цацак і адзення для ўнучкі.

Агляд раслін на дачы, каб убачыць іх рост і развіццё.

Стварэнне ўтульнасці ў доме, убудоўванне новага ў сваё жыллё.

Прагляд добрага фільма, чытанне кніг.

Прагляд спектакля, які ўвасабляе свежыя ідэі ці па-майстэрску пастаўлены.

Упрыгожванне і ўзбагачэнне сваіх лекцый, трэнінгаў, артыкулаў нестандартнымі падыходамі, фактамі, прыкладамі.

Вяртанне дадому з работы.

Стварэнне дамашняй калекцыі кніг.

Чытанне толькі што купленай новай кнігі любімага аўтара Ула­дзіміра Леві.

Выхад у свет першы раз у новым адзенні і абутку.

Удыханне пахаў лесу, лугу, ракі, вогнішча, таматаў, лімона, зеляніны, кавуна, марознага паветра.

Дабавіць у шчаслівае меню: язду на веласіпедзе па веладарожках у лесе побач з домам, прайсці па ўсіх экалагічных сцяжынах Мінска, запісацца ў танцавальную групу, наведаць некалькі летніх канцэртаў на адкрытым паветры.

Супрацьстаяць адаптацыі да ўнутранай асалоды ад шчасця можна, візуальна фіксуючы моманты радасных падзей. Разумецее, чаму маладыя робяць альбом і здымаюць фільмы пра вяселле? Ці маладыя бацькі захоўваюць момант выхаду з малышом на руках з раддома? Людзі здымаюць юбілеі і выпускныя, паступленне ў школу і г.д. Робіцца гэта для таго, каб мець магчымасць вяртацца ў той шчаслівы час, які хочацца помніць ва ўсіх дэталях. І іншыя падзеі таксама варты рэтраспектывы, хаця яны і не такія буйныя і спачатку здадуцца менш значнымі. А на самай справе кожны разам з блізкімі людзьмі пражыты эмацыянальна станоўчы час каштоўны. Запрашаю зазірнуць у чароўнае акно памятных фотаздымкаў. Трэці ключык да шчасця для мяне — залаты. А для вас?

Звязак ключоў для захавання шчасця папаўняем новым экзэмплярам. Увага — да прычын свайго шчасця. Такое асэнсаванне дапамагае спыніць часткова разбуральнае жаданне атры­маць больш. Колькі б вы ні атрымалі, заў­сёды ёсць больш. Вышэйсказанае не значыць, што імкнуцца да большага — дрэнна ці няправільна. Імкніцеся асэнсавана, асцярожна, узважваючы свае запатрабаванні, разумна трымайцеся іх ці майце сілу, смеласць адхіліць.

У кожнага з нас ёсць спосаб застацца шчаслівым, нават калі не ўсё так, як хацелася, меркавалася, марылася. Шукайце, чаму радавацца і ў гэтых умовах. За акном дождж — ён за вас папрацаваў, паліўшы вашу клумбу ці градкі на дачы; ёсць час заняцца нечым іншым ці адпачыць. Прыйшлося стаяць у чарзе — з’явіўся час на абдумванне важнага ці прагляду паведамленняў для вас у тэлефоне. Затрымалі на рабоце — ёсць магчымасць дзецям праявіць сваю самастойнасць.

Чым больш разнастайнае наша штодзённае жыццё, тым ярчэйшае наша адчуванне дабрабыту. Як ствараць разнастайнасць? Адмяніце вячэру ў памяшканні — з’ешце яе на вуліцы, схадзіце ў кафэ, гатуйце яе па чарзе, стараючыся здзіў­ляць членаў сям’і асабістымі падыходамі. Праводзьце музычны дзень, а размовы замяніце прыдуманымі вамі арыямі. Увядзіце ў жыццё сямейны дзень гаварэння на замежнай мове. Няхай першы раз вы бу­дзеце немнагаслоўнымі, але наступны раз дакладна дасягняце ў гэтым большых поспехаў. Увядзіце дзень самакіравання для дзяцей, памяняйцеся з дзецьмі правамі і абавязкамі хаця б на адзін вечар ці раніцу.

Ці можна стаміцца ад дабрабыту? Канечне. Ёсць парадаксальны шлях захавання шчасця: пазбаўце сябе чаго-небудзь на час. І тое, што вам не было даступна па вашай жа ініцыятыве на нейкі тэрмін, стане для вас больш каштоўным і прынясе вялікае задавальненне. Успомніце глыток свежага паветра, зроблены першы раз на вуліцы пасля хваробы. А смак кавуна на языку, пасля зімы і восені без яго, сустрэчу з роднымі ці сябрам і пасля доўгага расставання, эмоцыі ў выхадны дзень пасля напружанага працоўнага тыдня, калі можна паспаць даўжэй, не спяшацца і знайсці час для любімай справы… Праўда, яны адчуваліся як шчасце? Паспрабуеце? Летам гэта нават зусім нерызыкоўна.

Каб супрацьстаяць адаптацыі да шчасця, не набывайце звычку эканоміць эмоцыі — перажывайце падзеі на ўсю катушку. Вяртайце эмацыянальную памяць, успамінаючы дэталі, праглядаючы відэа­запісы і фотаздымкі. Нездарма сёння папулярны сэлфі і ўвогуле фіксацыя моманту, які пражываецца. Добра, што працэс здымак і прагляду спрасціўся і якасць прадукту выдатная. Галоўнае, каб падзея і яе пражыванне былі важнейшымі за відэа і фотапрадукт.

Яшчэ адзін рэцэпт шчасця — у майстэрстве балансу. Імкнучыся да стану шчасця і захавання яго яркасці і вастрыні, не забудзьце, што ў будзённасці, у спакоі і прадказальнасці ёсць свая прывабнасць. Такі час павінен быць у жыцці чалавека. Справа — у прапорцыі, а таксама ў напаміне сабе пра тое, што добрага маеш, чаго добрага дасягнуў і колькі чалавек хацелі б стаць табой. Запомнім, што эмацыянальны голад не менш небяспечны, чым харчовы, і можа прывесці да хваробы. Таму радуйцеся, захапляйцеся, весяліцеся, сумуйце, цікаўцеся, здзіўляйцеся і ўсміхайцеся. Для таго каб усміхнуцца, неабходна ўключыць у работу 14 мышцаў, а каб зрабіць гнеўную ці зласлівую грымасу — цэлых 72! Накіруем нашу энергію на апрацоўванне і догляд палёў свайго шчасця?!

Святлана РАДЗЬКОВА.