Кожны народ мае свае багатыя старажытныя традыцыі. Яны прысутнічаюць усюды: у адзенні, побыце, песнях, ежы. Так, да кожнага вялікага свята беларусы маюць пералік абавязковых страў. Хіба можна ўявіць Каляды без куцці, а Вялікдзень без куліча? Такой жа традыцыйнай беларускай ежай лічацца і бліны.
Ёсць шмат рэцэптаў гатавання бліноў, але нязменнымі інгрэдыентамі застаюцца малако, цукар, соль, яйкі, алей. Мука для іх гатавання можа выкарыстоўвацца розная. Такім жа разнастайным можа быць і начынне. Тут ужо ўсё залежыць ад вынаходлівасці гаспадыні. Мабыць, ніхто не адмовіўся б паласавацца блінамі з мёдам, яблыкамі, мяккім сырам, згушчаным малаком, грыбамі, мясам. Але, калі хочацца чагосьці незвычайнага і душа просіць свята, згатуйце карункавыя бліны, далікатныя, празрыстыя, пакрытыя дробнымі дзірачкамі, маляванымі вамі на патэльні.
У гэтай публікацыі я хачу не проста падзяліцца з вамі рэцэптам, а адкрыць некаторыя сакрэты гатавання найсмачнейшых бліноў.
- Для гатавання бліноў лепш за ўсё падыходзіць пшанічная мука.
- Каб пазбегнуць з’яўлення камячкоў, муку дадавайце невялікімі порцыямі, увесь час памешваючы.
- Для таго каб бліны атрымаліся вельмі далікатнымі, муку варта прасеяць 2 разы.
- Вада — аснова для тонкіх і моцных бліноў, але згатаваныя на малацэ намнога смачнейшыя. Змяшайце малако і ваду — атрымаюцца трывалыя і смачныя.
- Калі пячы бліны на кефіры, то яны атрымаюцца пышныя. Той жа эфект вы атрымаеце, калі зробіце бліны з дражджавога цеста.
- Пажадана мець асобную патэльню для выпечкі бліноў.
Такім чынам, паспрабуем гатаваць бліны з прыгожымі ажурнымі ўзорамі. Гэта не так складана, як вам здаецца. Цеста для тонкіх карункавых бліноў для малявання на патэльні можна зрабіць па любым рэцэпце, сёння прапаную гатаваць на малацэ.
Інгрэдыенты:
1 шклянка малака;
1 яйка;
0.5 ч.л. солі;
1 ч.л. цукру;
125 г мукі;
2 ст.л. алею.
З гэтай колькасці цеста атрымліваецца 8 бліноў, калі ў дыяметры ваша патэльня 20—22 см.
Спосаб гатавання:
1. У цёплае малако дадайце цукар, соль і яйка.
2. Узбіце масу венчыкам да пышнай пены.
3. Дадайце ў малочна-яечную сумесь прасеянную муку і зноў старанна ўзбіце, каб не засталося камякоў. Колькасць мукі можна павялічыць або паменшыць, галоўнае, каб цеста нагадвала вадкую смятану.
4. Уліце ў цеста алей і яшчэ раз добра размяшайце.
5. Зрабіце нагрэтым шылам маленькую дзірачку ў накрыўцы пластыкавай бутэлькі, пераліце ў яе цеста і шчыльна закруціце. Можна выкарыстоўваць бутэлечку з-пад кетчупу — яе накрыўка ўжо гатова да выкарыстання.
6. Перад гатаваннем першага бліна змажце алеем гарачую патэльню з антыпрыгарным пакрыццём і намалюйце што-небудзь зусім простае. Затым патэльню змазваць не абавязкова.
Падкажу, як маляваць цестам на гарачай патэльні:
1. Пераканайцеся ў тым, што ў цесце няма камячкоў, інакш адзін з іх закрые адтуліну бутэлькі — і ўзору не атрымаецца.
2. Дзірачка ў бутэльцы павінна быць не вельмі вялікай і не вельмі маленькай — прыкладна 2—3 мм у дыяметры. Лініі не павінны быць вельмі тонкімі, каб не пашкодзіць блін пры пераварочванні.
3. Не награвайце патэльню вельмі моцна, інакш блін згарыць задоўга да таго, як вы яго намалюеце.
4. Малюйце хутка, каб блін прапёкся раўнамерна і не паспеў прыгарэць.
5. Часцей злучайце паміж сабой завіткі, каб узор атрымаўся больш устойлівым.
Бліны, асабліва карункавыя, справа тонкая, і ў працэсе кулінарных эксперыментаў вы можаце сутыкнуцца з цяжкасцямі. Каб пазбегнуць магчымых памылак, трэба ведаць некаторыя хітрасці.
Чаму бліны рвуцца?
Хутчэй за ўсё, вы не далі цесту пастаяць, таму клейкавіна не паспела ўступіць у рэакцыю з іншымі інгрэдыентамі. Можа быць, у цесце (калі вы павялічваеце яго колькасць) мала яек ці мукі (калі на патэльні з бліноў выпараецца вільгаць, ад іх бадай нічога не застаецца — перавярнуць такія бліны немагчыма). Перабор з цукрам таксама парушае цэласнасць цеста, так што не перастарайцеся з дадаткамі.
Чаму бліны прыліпаюць?
Дрэнна прагрэтая патэльня можа прывесці да таго, што ўсе бліны атрымаюцца камяком, а калі патэльня наогул не падыходзіць для выпечкі бліноў, лепш яе не выкарыстоўваць. Бліны таксама могуць прыліпнуць, калі ў цеста не дабаўлены алей.
Чаму бліны атрымліваюцца сухімі?
Вялікая колькасць яек робіць бліны вельмі сухімі, хоць часам справа нават не ў гэтым. Існуе просты спосаб зрабіць карункавыя бліны мяккімі. Адразу ж, як блін спёкся, змажце яго сметанковым маслам, пакладзіце ў талерку і накрыйце другой талеркай.
Бліны ўжо гатовы, трэба гатаваць начынне.
Нам спатрэбіцца:
300 г вяндліны;
300 г грыбоў (шампіньёнаў);
4 ст.л. алею;
1 морква невялікага памеру;
соль і чорны молаты перац на смак;
1 ст.л. соку лімона;
2—3 ст.л. маянэзу;
лісце салаты (на кожны блін — па адным).
Да ўпрыгажэння альбо да начынкі можна дадаць адзін салодкі перац.
(У гэтым рэцэпце вяндліну і грыбы можна замяніць на каўбасу і агародніну.)
Спачатку паасобку пасмажце вяндліну, грыбы і моркву, каб пакінуць колер і смак кожнай стравы насычаным, дадаўшы соль і перац на смак, затым змяшайце ўсё ў адной ёмістасці разам з маянэзам і паліце адной лыжкай лімоннага соку. Такім чынам, начынне для бліноў гатова. Далей кладзём на блін ліст салаты, на яго — 1—1,5 лыжкі начыння і скручваем блін у ражок (начынне можна загадзя размеркаваць на колькасць вашых бліноў).
Прыгожыя карункавыя бліны заўсёды выглядаюць па-святочнаму.
Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.