Чараўніцтва нітак

З мэтай далучэння выхаванцаў да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва — ручнога ткацтва — на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы пяць гадоў арганізавана работа платнай паслугі “Дзіцячае ручное ткацтва”. Дзеці знаёмяцца з мастацтвам габелена і працэсам яго стварэння, вучацца тэхнікам і тэхналогіі ткацтва габелена.

Працэс навучання дзяцей ручному ткацтву прахо­дзіць у некалькі этапаў. На першым дзеці знаёмяцца з ткацтвам як адным з відаў старажытнага мастацтва. Заняткі накіраваны на развіццё цікавасці да ручнога ткацтва і габелена. Дзецям у даступнай форме тлумачыцца паняцце “габелен”, расказваецца пра ўзнікненне і развіццё ткацтва (у нашай краіне, і ў прыватнасці ў нашым раёне), пра гісторыю ткацкага станка. Выхаванцаў знаёмяць з габеленам і яго відамі — нятканы, гладкі (пласкасны), фактурны (рэльефны). Элементарныя веды пра мастацтва габелена хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць, разглядаючы выявы вядомых работ мастакоў-габеленшчыкаў. Таксама на занятках дзеці знаёмяцца з этапамі працэсу стварэння габелена і неабходнымі для ткацтва абсталяваннем і матэрыяламі. Дарэчы, падрыхтоўка матэрыялаў ідзе ў нас усё лета: збіраем ніткі розных відаў, шнуркі, стужачкі, тканіну, коркі, трубачкі, кардон і паперу, прыродныя матэрыялы і інш.

На другім этапе работа з дзецьмі накіравана на развіццё пачуцця колеру, кампазіцыі, фактуры матэрыялу ў працэсе авалодання прыёмамі нятканага габелена. Такі габелен выконваецца шляхам стварэння дзецьмi малюнка з наступнай аплікацыяй каляровымі ніткамі. Пры разглядзе ўзораў габелена ўвага дзяцей прыцягваецца да яго галоўных выяўленча-выразных сродкаў: колеру, каларыту, колеравай гармоніі.

На трэцім этапе дзеці знаёмяцца з асноўнымі прыёмамі і тэхнікамі ткацтва. У іх фармiруюцца ўменні карыстацца інструментамі і прыстасаваннямі для ручнога ткацтва, ствараць індывідуальныя міні-габеленчыкi, вырабляць элементы дэкору і рознымі спосабамі ўпрыгожваць імі габелены (“Вясёлыя Смяшарыкi”, “Паветраныя шарыкі”, “Кураня” і інш.)

Далей надыходзіць час непасрэдна ткацтва. Да гэтага этапу рыхтуемся, бо трэба вырабіць станкі. У нас яны з кардону рознай формы і памераў: круглыя і прамавугольныя.

Захапляцца ткацтвам — гэта на самай справе вельмі цікава. Хоць на першы погляд можа здацца, што гэта справа вельмі нудная, асабліва выкананне фактурнага (рэльефнага) пляцення. Зусім не — і дзяўчынкі, і хлопчыкі з задавальненнем займаюцца ткацтвам!

Яшчэ адзін варыянт ткацтва, які хочам паспраба­ваць, — станок на цыліндры. Дарослыя рукадзельніцы мо­гуць выкарыстоў­ваць бляшанкі, але мы ў мэтах бяспекі нарыхтавалі тубы ад туалетнай паперы і папяровых ручнікоў. Пасля заканчэння работы можа атрымацца, напрыклад, выдатная сумачка для дробных цацак.

Прадукцыйнасць нашай працы бацькі, калегі і выхаванцы бачаць рэгулярна. На любое мерапрыемства мы ладзім выставу нашых работ пад назвай “Чараўніцтва нітак”. Вырабы выхо­дзяць вельмі цікавыя. І паверце, дзеці атрымліваюць асалоду ад працэсу ткацтва. Вядома ж, існуе мноства заняткаў для дзяцей, але ткацтва — гэта нешта новае і незвычайнае, менавіта таму яны займаюцца гэтай справай з задавальненнем.

Ірына ПАЎТАРАК,
выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.