Аўтаімунныя захворванні, стрэс і інфекцыі — галоўныя прычыны выпадзення валасоў

Пачатак вясны — не самы лёгкі час для нашага арганізма: авітаміноз, недахоп вітаміну Д і іншыя агрэсіўныя фактары навакольнага асяроддзя не лепшым чынам адбіваюцца не толькі на стане скуры, але і на выглядзе валасоў.

Пра тое, як рэанімаваць валасы пасля зімы, вылечыць акнэ і дэфіцытарныя станы арганізма, расказала кандыдат медыцынскіх навук, дэрматолаг-трыхолаг, урач антыўзроставай медыцыны, аўтар методыкі дыетатэрапіі акнэ Святлана Яўгенаўна ЗЕЛЯНЦОВА. 

— Святлана Яўгенаўна, з якімі захворваннямі скуры, валасоў да вас часцей за ўсё звяртаюцца пацыенты? Ці ёсць хваробы, якія можна аднесці да пэўнага ўзросту?

— Самыя частыя прычыны зваротаў да мяне — гэта акнэ і выпадзенне валасоў. У большасці выпадкаў гэта звязана з тым, што я вяду блог у “Інстаграм”, дзе аўдыторыя пераважна жаночая. А жанчын, як вядома, вельмі хвалю­юць праблемы знешнасці.

Што тычыцца акнэ, сённяшняя сітуацыя адлюстроўвае агульную тэндэнцыю да павелічэння гэтага захворвання па ўсім свеце. Тут выразна прасочваецца сувязь з сучасным ладам жыцця, а больш за ўсё з высокавугляводным тыпам харчавання, бедным на клятчатку і мікранутрыенты — коранем зла асноўных распаўсюджаных праблем сучаснасці. Можна нават сказаць, што гэта тыповая хвароба цывілізацыі. Акнэ не сустракалася ў плямёнах паляўнічых-збіральнікаў. Але калі яны перайшлі на заходні тып харчавання, адразу з’явілася. Акрамя гэтага, ёсць даследаванні, якія дэманструюць вялікую ступень распаўсюджанасці захворвання ў рэгіёнах з неспрыяльным экалагічным становішчам. Асабліва моцна ўплываюць на скуру паветраныя палютанты, а таксама ксенабіётыкі, якія трапляюць у арганізм з вадой і ежай. Так што, як бачыце, прычын для частых зваротаў да дэрматолага з гэтай праблемай больш чым дастаткова.

Узрост тых, хто пакутуе на акнэ, таксама змяніўся. Калі раней яно лічылася спадарожнікам падлеткавага ўзросту, то сёння часта не толькі захоўваецца пасля заканчэння пубертату, але і пачынаецца ў сталым узросце.

Прычыны ўсё тыя ж: няправільна складзены рацыён, у якім пераважаюць лёгкія вугляводы і прадукты з нізкай нутрытыўнай шчыльнасцю, а таксама знясіленне нашых сіс­тэм дэтаксікацыі.

Другая частая прычына зваротаў да трыхолага — выпадзенне валасоў. Гэта асобная вялікая тэма для размовы, таму што прычына гэтай з’явы можа хавацца ў розных захворваннях. Выпадзенне валасоў, ці алапецыя, можа быць рознай ступені выяўленасці і рознага тыпу: дыфузная (калі валасы выпадаюць раўнамерна па ўсім валасяным покрыве) ці ачаговая. Прычыны тут таксама могуць быць абсалютна рознымі — ад аўтаімуннага захворвання да сіфілісу.

Але тое, што я часцей за ўсё бачу, звязана менавіта з няправільным харчаваннем. І тут на першы план выхо­дзяць дэфіцыты розных мінералаў і вітамінаў. Адзін з самых распаўсюджаных — жалезадэфіцыт. Згодна з азначэннем, якое дае Сусветная арганізацыя аховы здароўя, “дэфіцыт жалеза з’яўляецца асноўным і найбольш распаўсю­джаным парушэннем харчавання ў свеце. Ён прыводзіць да цяжкіх наступстваў: дрэннага здароўя, заўчаснай смяротнасці, страты заробку. Узровень яго распаўсюджанасці ­здзіўляе — 2 млрд чалавек, а гэта значыць, што больш за 30% насельніцтва свету пакутуюць на анемію”. Прычым больш уразлівымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца жанчыны дзетароднага ўзросту і дзеці.

Наш арганізм так уладкаваны, што пры дэфіцыце жыццёва важнага нутрыента, якім у тым ліку з’яўляецца жалеза, ён будзе накіроўваць яго на самыя надзённыя патрэбы. Харчаванне валасянога фалікула да такіх не адносіцца, таму валасы і пакутуюць.

І гэта я згадала толькі жалеза. А ёсць жа яшчэ і цынк, селен, ёд. Бялок, у рэшце рэшт. Без паступлення ўсіх гэтых і многіх іншых рэчываў у арганізм не будзе ні прыгожых валасоў, ні здаровай скуры.

Мала ўжываць усё патрэбнае з ежай або нутрыцэўтыкамі. Важна, каб гэта яшчэ і засвоілася. Тут усё залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца наш страўнікава-кішачны тракт, ці ўсё ў парадку з кіслотнасцю страўніка, жоўцю, кішэчнымі бактэрыямі.

Такім чынам, можна доўга выкарыстоўваць толькі вонкавыя сродкі для валасоў са шматабяцальнымі складнікамі. Але ні да якога выніку, акрамя патрачаных грошай і часу, гэта не прывядзе.

— Многія адносяць валасы і пазногці да эстэтыкі, не падазраючы, што часта іх стан гаворыць пра больш сур’ёзныя недамаганні ў арганізме. Ці заўсёды можна знайсці праблему, праз якую выпадаюць валасы, і паспяхова вырашыць яе? Чаму валасы часцей за ўсё выпадаюць вясной і восенню?
І як зразумець, што іх выпадзенне ў дадзены перыяд — гэта норма, а не паталогія?

— Прычын насамрэч вельмі шмат. Многія ведаюць, што павышанае выпадзенне валасоў развіваецца пры захворваннях шчытападобнай залозы. Але вельмі часта бывае так, што і шчытападобная залоза сама пакутуе ад ужо пералічаных вышэй прычын. Таму перш чым пачаць прымаць гармоны, магчыма, варта паспрабаваць ліквідаваць вітамінна-мінеральныя дэфіцыты і нармалізаваць харчаванне. Натуральна, усё гэта трэба рабіць пад кантролем урача.

Такога дыягназу, як “выпадзенне валасоў”, не існуе. Практычна любое захворванне ўнутраных органаў можа адбіцца на гушчыні валасоў. Прыём некаторых лекавых прэпаратаў, моцны ці працяглы стрэс, аперацыя, вострая інфекцыя — усё гэта можа паслужыць штуршком да выпа­дзення валасоў. Прычыну трэба шукаць у падзеі, якая здарылася прыкладна за два месяцы да таго, як вы заўважылі праблему. Такая асаблівасць звязана з цыкламі развіцця воласа. Менавіта таму праз некалькі месяцаў пасля сезона ВРВІ, вясной, мы часта назіраем павышаны ўзровень выпадзення валасоў.

Часам такая праблема развіваецца пасля жорсткай абмежавальнай дыеты або галадання. Пра гэта варта памятаць тым, хто прагне пахудзець любой цаной.

Асобна трэба сказаць пра выпадзенне валасоў пасля родаў. Часта яно бывае настолькі інтэнсіўным, што жанчына ўпадае ў паніку. Гэта абсалютна фізіялагічны працэс, і, як правіла, у хуткім часе ён спыняецца самаадвольна, але пры ўмове адсутнасці дэфіцытарных станаў, якія мы ўжо абмеркавалі.

У кожным выпадку, калі сутыкаемся з дыфузным выпа­дзеннем валасоў, варта пэўны час паназіраць: вельмі верагодна, што хутка ўсё скончыцца гэтак жа нечакана, як і пачалося. Аднак здаць аналізы і пераканацца ў адсутнасці ў сябе асноўных дэфіцытаў ніколі не пашкодзіць. Як паказала нядаўняе апытанне падпісчыкаў у маім блогу, нямногія прахо­дзяць такі штогадовы чэк-ап.

Вядома, не ўсё зводзіцца да дэфіцытаў і не заўсёды ўдаецца знайсці прычыну выпадзення валасоў. А вучоныя працягваюць вывучаць, па якіх законах функцыянуе фалікул.

Так, адно з нядаўніх даследаванняў пацвердзіла, што курэнне з’яўляецца адным з самых значных фактараў, якія прыводзяць да аблысення. Іншае даследаванне прадэманстравала станоўчы ўплыў ужывання рыбнага бялку ў ежу. Таксама вывучаецца ўзаемасувязь алапецыі з узроўнем вітаміну Д у арганізме і многае іншае. Верагодна, хутка мы будзем ведаць пра прычыны выпадзення валасоў значна больш, а значыць, навучымся паспяхова яго лячыць.

— Як вы ставіцеся да навамодных метадаў лячэння і падтрымання здаровага выгляду валасоў, якія ў тым ліку прапаноўваюць касметычныя салоны? І якія з народных спосабаў захавання прыгажосці валасоў можаце парэкамендаваць сваім пацыентам?

— Да некаторых навамодных метадаў лячэння я стаўлюся дастаткова стрымана. Лічу, што нейкія з іх мо­гуць быць небяспечнымі. Я схільна праяўляць асцярожнасць, кіруючыся прынцыпам “не нашкодзь”. І толькі доўгатэрміновыя назіранні пакажуць, ці маю я ў гэтым рацыю.

Практычна кожнаму магу парэкамендаваць рэгулярна выконваць нескладаныя практыкаванні і прымяняць тэхнікі самамасажу для паляпшэння кровазвароту ў скуры валасістай часткі галавы. Гэта тое, што даступна ўсім і ў любым выпадку акажа дабратворны ўплыў на гушчыню і сілу вашых валасоў.

Што тычыцца народных метадаў, да іх таксама трэба падыходзіць з розумам. Некаторыя з іх могуць быць сапраўды карыснымі і дапамогуць насычаць фалікулы вітамінамі або аказваць мясцовае раздражняльнае дзеянне, тым самым паляпшаючы мікрацыркуляцыю. У той жа час якімі-небудзь з іх лёгка выклікаць раздражненне на скуры галавы ці паспрыяць закупорванню вусцяў сальных залоз.

У любым выпадку, паўтаруся, я амаль заўсёды сродкі мясцовага дзеяння лічу дадатковымі, а перавагу аддаю тым метадам, якія ўздзейнічаюць на праблему знутры.

— Доўгія і дагледжаныя валасы — гэта заўсёды прыгожа. Для тых, хто не можа іх адгадаваць, індустрыя прыгажосці прыдумала шмат выратавальных метадаў. Самы вядомы спосаб — нарошчаныя валасы. Ці здольны яны папсаваць свае валасы і паспрыяць развіццю больш актыўнай алапецыі?

— Безумоўна, часам валасы могуць пачаць выпадаць у выніку няправільнага догляду ці з-за празмернага ўздзеяння на іх. Вылучаюць нават асобны від алапецыі — тракцыённую. Калі гаварыць простай мовай, гэта аблысенне ад тугіх прычосак. Развіваецца яно часцей за ўсё ў тых, хто носіць афракосы, тугія хвасты і пучкі, а таксама занадта моцна накручвае валасы на бігудзі.

Нарошчаныя валасы таксама могуць паслужыць прычынай выпадзення, бо за кошт сваёй вагі даюць дадатковую нагрузку на фалікулы.

Лакалізацыя ачагоў аблысення пры гэтым залежыць ад тыпу прычоскі: валасы пачнуць выпадаць там, дзе яны падвяргаюцца найбольш моцнаму нацяжэнню. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў вобласці скроні і лба. На першых стадыях захворвання бывае дастаткова ліквідаваць траўміруючы фактар зменай прычоскі, і валасы адрастуць нанова. Але ў запушчаных выпадках фалікулы адміраюць, а на іх месцы ўтвараецца рубцовая тканка. У такім выпадку можа дапамагчы толькі аперацыя па перасадцы валасоў.

Заклікаю вас быць пільнымі. Асаблівую ўвагу на гэтую праблему прашу звярнуць мам дзяўчынак. Мне не раз даводзілася бачыць такіх ахвяр мацярынскага перфекцыянізму.

— Святлана Яўгенаўна, які ўплыў на валасы аказвае няправільны догляд? І ці трэба зараз, калі сонца становіцца больш актыўным, засцерагаць іх ад празмернага ўздзеяння УФ-прамянёў?

— Вядома, гаворачы аб доглядзе, нельга не згадаць пра пашкоджвальнае ўздзеянне прасікаў, плоек, занадта гарачага паветра фена. Усё гэта не дабаўляе валасам здароўя. Хімічныя склады для выпрамлення або завіўкі не толькі пагаршаюць праблему: у выпадку індывідуальнай адчувальнасці яны могуць стаць прычынай запалення скуры галавы.

Асобна хачу сказаць пра ўздзеянне сонца на валасы. Калі пра неабходнасць абароны скуры ад сонца ўжо ўсе ведаюць, то пра валасы ў гэтым сэнсе амаль ніхто не клапоціцца. Як вынік — восенню даводзіцца пакутліва аднаўляць тое, што засталося.

Якія ж меры трэба прымаць? Вядома, апранаць галаўны ўбор. У ідэале ён павінен быць з тканіны з UV-фільтрамі. Акрамя таго, шматлікія вытворцы касметыкі выпускаюць сонцаахоўныя сродкі для валасоў, я іх вельмі рэкамендую. Калі вы не выкарыстоўваеце нічога з гэтага, але ідзяце загараць, то варта хаця б нанесці на прабор звычайны сонцаахоўны крэм — скура там вельмі часта згарае, што, па-першае, само па сабе непрыемна, а па-другое, павялічвае рызыку анкалагічных захворванняў.

І некалькі слоў пра расчэсванне. Калі валасы выпада­юць, бескарысна расчэсвацца радзей — так вы іх не зможаце зберагчы. А вось прыток крыві да фалікул пры рэгулярным расчэсванні забяспечыце. Гэта значыць, гэтай працэдурай праблему нельга пагоршыць. Але пры няправільнай тэхніцы і выкарыстанні непадыходзячай расчоскі валасы могуць пашкоджвацца і абломлівацца. Таму расчэсвацца варта беражліва, ад кончыкаў. Не варта расчэсваць мокрыя, пасля мыцця, валасы, але і не трэба да­ваць ім занадта перасохнуць. Насуперак усеагульнаму меркаванню пра карысць драўляных грабянёў, гэта не так — на іх зубцах маюцца мікрашчарбіны, якія пашкоджваюць стрыжань воласа. Лепш аддаць перавагу чаму-небудзь з сучасных матэрыялаў.

На заканчэнне хачу сказаць наступнае: выпадзенне валасоў — гэта заўсёды сігнал арганізма аб тым ці іншым захворванні. І шукаць прычыну гэтай праблемы трэба, безумоўна, з урачом, каб не шкадаваць пасля пра страчаны час.

Гутарыла Наталля САХНО.