Стравы з бульбы — гэта заўсёды смачна і сытна! Яны не маюць патрэбы ў рэкламе, усе гаспадыні любяць і шануюць бульбу. У любой хаце яна займае на стале ганаровае месца.
Бульба выдатна спалучаецца з любымі прадуктамі — рыбай, мясам, грыбамі, малаком, агароднінай, зелянінай. Бульбу смажаць, вараць, тушаць, запякаюць, робяць пюрэ, катлеты, аладкі, рагу. Нездарма народная мудрасць сцвярджае: “Хлеб — бацька, бульба — маці”.
Бульба — другі хлеб для беларуса, а стравы з бульбы — нязменны атрыбут кожнага стала. Не знойдзецца, напэўна, сям’і, дзе не любілі б гэтай агародніны. Далікатнае бульбяное пюрэ, салата, духмяная запяканка, зразы і аладкі з падліўкай, пірагі і дранікі — колькі цудоўных пачастункаў можна прыгатаваць. Гэты клубняплод дорыць нам невычэрпныя магчымасці для кулінарнай творчасці.
Сёння я хачу прапанаваць вам нескладаную страву, вартую таго, каб прысутнічаць на вашым святочным стале. Гэта фаршыраваная бульба. Яе галоўная вартасць — у даступнасці прадуктаў, арыгінальнасці і прастаце ў прыгатаванні.
Паверце, паспрабаваўшы гэтую страву, вы пераканаецеся, што нездарма стаялі ля пліты і трацілі час на прыгатаванне. Фаршыраваная бульба парадуе вас насычаным смакам і стане асалодай для ўсіх, хто яе прадэгустуе. Будзьце ўпэўнены: нават з простых прадуктаў можа атрымацца па-сапраўднаму смачная і вытанчаная ежа.
Для прыгатавання фаршыраванай бульбы нам спатрэбяцца наступныя інгрэдыенты:
• Бульба — 1 кг
• соль — 1 ч.л.
• соус — на смак
• мука — 1 ст.л.
• таматны сок — 1 шклянка
• смятана — 150 г
• алей рафінаваны — 1 ст.л.
Начынка:
• фарш мясны — 200 г
• сметанковае масла — 1 ст.л.
• кроп свежы — 1 галінка
• цыбуля белая — 1 шт.
• соль — 5 г
• чорны перац — 1/4 ч.л.
• чырвоны перац — 1/4 ч.л.
• перац духмяны молаты — 3 дробкі
• яйка — 1 шт.
• сыр — 70 г
Бульбіны павінны быць аднолькавыя па памеры. Іх трэба памыць і адварыць у лупіне ў салёнай вадзе 15 мінут (не да поўнай гатоўнасці).
Ваду зліць, бульбу абліць халоднай вадой і абабраць. У кожнай бульбіне з процілеглых бакоў зрабіць зрэзы (для ўстойлівасці) і выняць з сярэдзіны частку мякаці.
Потым трэба прыгатаваць начынку. Цыбулю рэпчатую нарэзаць дробнымі кубікамі і змяшаць з мясам, кропам, сырам, яйкам і сметанковым маслам. Пасаліць, паперчыць і добра змяшаць.
Гатовым фаршам напоўніць бульбіны і паставіць іх на змазаную алеем бляху. Зверху пакласці крыху смятаны (па палове чайнай лыжкі).
Запякаць у духоўцы 25—30 мінут пры тэмпературы 220—250оС.
Застаецца прыгатаваць падліўку. На патэльні разагрэць алей, дабавіць муку і злёгку падсмажыць. Развесці смятанай і дабавіць таматную пасту. Пракіпяціць, пасаліць, паперчыць. Падліўку падаваць асобна.
У начынцы замест мяснога фаршу можна выкарыстоўваць дробна нарэзаную рыбу або мікс з агародніны. Можна таксама начыніць бульбу смажанымі грыбамі або цыбуляй з яйкам.
Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.