Я ўпэўнены, што сённяшні рэцэпт вас асабліва зацікавіць, таму што гэты прадукт можа падавацца на стол як самастойная страва, а таксама як дабаўка або начынка да іншай стравы. З гэтага гатовага дамашняга паштэту можна згатаваць бясконцую колькасць закусак на святочны стол — і вынік заўсёды будзе гарманічны, высакаякасны і эфектны! Ну а калі гасцей не прадбачыцца, то гэта выдатная ідэя для снедання, абеду ці вячэры.
Паштэты бываюць розныя: мясныя, шпротны, з печані, грыбоў, агародніны, бабовых. Паштэты нязменна карыстаюцца папулярнасцю і з’яўляюцца выдатнай закускай нашай беларускай кухні.
Я вам прапаную дамашні курыны паштэт з яркім прысмакам грэцкага арэха — гэта выдатная замена каўбасе. Велізарны плюс гэтага паштэту — у яго нізкай каларыйнасці. Такую дыетычную закуску з курыцы можна прыгожа падаць на святочны стол, нарэзаўшы кавалачкамі, а можна проста намазаць на хлеб — і выдатны хуткі бутэрброд гатовы. Дзякуючы арэхам і моркве, паштэт атрымліваецца прыгожага крэмавага колеру.
Нягледзячы на тое што мясны паштэт і тушонка — гэта тыя прадукты, якія заўсёды можна знайсці на паліцах у магазіне, усё ж варта хоць раз паспрабаваць зрабіць іх у хатніх умовах. Бо для дамашняга паштэту вы возьмеце добрае, якаснае мяса, а не абрэзкі, правільна згатуеце яго з любімымі спецыямі. Будзьце ўпэўнены: вынік вашай працы перасягне гатовыя магазінныя закускі па ўсіх параметрах. Колькі б вы ні згатавалі, усё будзе з’едзена хутка і з апетытам!
Курыны паштэт парадуе вас дамашнім, знаёмым смакам, далікатнай тэкстурай і неверагодна прыемным водарам. Дзякуючы таму, што ў гатаванні выкарыстоўваюцца толькі стандартныя, базавыя спецыі, вы зможаце паэксперыментаваць з дабаўкамі.
Нам спатрэбіцца:
- курыныя яйкі — 4 шт.;
- морква — 2 шт.;
- рэпчатая цыбуля — 1 шт.;
- жэлацін — 20 г;
- соль і чорны молаты перац — на смак;
- дробка мускатнага арэха;
- ядры 4 буйных грэцкіх арэхаў;
- філе курынай грудкі — 500 г;
- курыныя кумпячкі — 1 кг.
Курыныя яйкі загадзя адварваем у вадзе з дабаўленнем солі (не больш за 8 мінут пасля закіпання), астуджваем і чысцім. Курынае мяса (і філе, і кумпячкі) прамываем і кладзём у каструлю.
Абіраем адну вялікую цыбуліну і дзве буйныя морквы і кладзём у каструлю з мясам (разразаць нічога не трэба).
Заліваем усё халоднай вадой, ставім на агонь і варым да гатоўнасці мяса, прыкладна 45 мінут. Потым агонь выключаем, мяса і агародніну ахалоджваем у булёне да хатняй тэмпературы.
У міску або ў сатэйнік высыпаем жэлацін, заліваем яго 1,5 шклянкі астылага булёну (аб’ём шклянкі — 250 мл). Перамешваем і пакідаем на 15 мінут да набракання жэлаціну.
Ахалоджанае мяса дастаём з булёну, знімаем скурку і вынімаем косткі. Мякаць наразаем на невялікія кавалачкі. Моркву таксама дастаём з булёну, наразаем на кавалачкі сярэдняга памеру. Звараныя ўкрутую яйкі разразаем на 6—8 частак.
Усе падрыхтаваныя прадукты перакладваем у чашу блэндара, наліваем крыху булёну і здрабняем усё да стану пасты разам з ядрамі грэцкага арэха.
Атрыманую масу перакладваем у міску, солім і перчым на смак, дабаўляем мускатны арэх.
Сатэйнік з набраклым жэлацінам ставім на агонь. Чакаем, пакуль жэлацін растворыцца, пастаянна яго памешваючы. Даводзіць да кіпення ні ў якім разе не трэба.
Растоплены жэлацін выліваем у паштэт, старанна змешваем. Формы, у якія будзем заліваць паштэт, змазваем алеем. Выліваем у формы падрыхтаваную масу, накрываем харчовай плёнкай і ставім у халадзільнік мінімум на дзве гадзіны.
Дастаўшы з халадзільніка, калі ў вас металічныя формы, апускаем у посуд з гарачай вадой на некалькі секунд.
Гатовы паштэт перакладваем на талерку, упрыгожваем кавалачкамі лімона, лісцем пятрушкі і журавінамі, а калі такіх прадуктаў няма пад рукой, то іх можна замяніць на моркву, марынаваныя грыбы, арэхі, цвёрды сыр, сметанковае масла, курагу, чарнасліў, парэчкі і мяту.
Яшчэ мне хочацца даць некалькі падказак для тых, хто мала знаёмы з гатаваннем дамашняга паштэту і правіламі яго захоўвання.
Курыны паштэт можа захоўвацца ў халадзільніку не больш за тры дні, таму не варта гатаваць яго зашмат. Калі ж у складзе такога паштэту прысутнічае свежая зеляніна, то тэрмін яго захоўвання скарачаецца да адных сутак. Таму пры наяўнасці лішкаў гэтага прадукту яго рэкамендуецца як мага хутчэй замарозіць. Яшчэ адзін нядрэнны варыянт — гатаваць выдатную начынку для блінцоў або піражкоў. А каб зрабіць колер паштэту больш яркім, у яго дадаюць такія вострыя прыправы, як папрыка, кары і іншыя з прыдатных да курынага мяса. Не бойцеся дабавіць і нарэзаны балгарскі перчык — ён выдатна разнастаіць безаблічную масу і пры гэтым не дасць занадта шмат соку. Калі ж хочацца зрабіць больш яркім смак курынага паштэту, можна дадаць у яго вэнджанае сала, цёрты сыр, марынаваныя грыбы або дробна парэзаныя салёныя агурочкі.
Усё гатова! Смачна есці!
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.