Не заўсёды ў нашым штодзённым меню прысутнічаюць першыя, другія стравы і дэсерты. Часам нам проста не хапае часу ці настрою, каб пастаяць ля пліты і нагатаваць ежы на цэлы дзень. І тады мы знаходзім выйсце са становішча, згатаваўшы адну карысную, сытную, надзвычай смачную страву.
Часта гаспадыні, вывучаючы розныя рэцэпты, імгненна пачынаюць успамінаць, ці ёсць у іх поўны пералік інгрэдыентаў, што прапісаны для закладкі ў будучую страву? Тут не трэба адчайвацца: калі ў вас чагосьці не хапае, некаторую агародніну можна замяніць. А таму вам карысна ведаць: з рыбай выдатна спалучаецца агародніна — самая простая, напрыклад, бульба ці памідоры. Асаблівы смак мае зялёная агародніна, такая як артышокі, шпінат. Травы таксама выдатна падыходзяць — мята або пятрушка. Незвычайным і прыемным дадаткам можа стаць некаторая садавіна — лімон ці апельсін. Гарнір павінен паляпшаць і падкрэсліваць смак рыбы, ён не павінен быць занадта яркім, не павінен адцягваць увагу.
Сёння прапаную такі варыянт салата, які заваюе ўсіх, хто любіць рыбу і агародніну. Рыбны салат пад коўдрай з морквы цікавы і просты ў гатаванні. Усе інгрэдыенты ўкладваюцца слаямі, таму настойліва прапаную выкарыстоўваць вялікі посуд або празрыстую салатніцу, каб страва знешне выглядала прыгожа на святочным стале. Калі прычыны гатаваць на вялікае застолле няма, то колькасць інгрэдыентаў рэцэпта смела можна падзяліць напалову.
Нам спатрэбіцца:
• рыба (вага вычышчанай рыбы або філе любой рыбы, у мяне — хек) — 800 г;
• вараны гарбуз — 400 г;
• памідоры — 400 г;
• яблыкі свежыя — 400 г;
• морква — 500 г;
• кукуруза марынаваная — 250 г;
• чарнасліў — 100 г;
• зеляніна пятрушкі — 1 пучок;
• рэпчатая цыбуля — 1,5 шт.;
• соль, перац на смак;
• алей для смажання;
• маянэз — 250 г;
• 2 лыжкі любога воцату (на шклянку вады);
• лімон — 1 шт.;
• лаўровы ліст;
• прыправа да рыбы;
• журавіны (для ўпрыгожвання) — 30—40 г.
У працэсе
Бяром вараны і астуджаны гарбуз і здрабняем яго (можна выкарыстаць блэндар), дадаём крыху солі і сок паловы лімона. Добра змешваем і выкладаем гарбуз на вялікую талерку першым слоем (я выкарыстаў шкляны посуд для выпякання памерам 27´27 см). Пасыпаем паверхню марынаванай кукурузай — гэта ўжо будзе другі слой салата.
Філе рыбы прамыць, абсушыць, нарэзаць на кавалкі. У каструлю наліць вады, пакласці зеляніну, нарэзаную палову цыбуліны, рыбу, лаўровы ліст, перац гарошкам, крыху падсаліць і адварыць да гатоўнасці. Гатовую рыбу выняць з каструлі, астудзіць і разабраць на дробныя кавалачкі. Паліць сокам з другой паловы лімона, пасыпаць рыбнай прыправай і выкласці трэцім слоем.
Нарэзаць цыбулю паўкольцамі і абсмажыць на патэльні да залацістага колеру. Асобна на іншай патэльні абсмажыць памідоры да гатоўнасці і астудзіць іх. Нарэзаць папярэдне прамыты і абсушаны чарнасліў, злучыць гэтыя прадукты і выкласці чацвёртым слоем на страву.
Яблыкі нацерці на буйной тарцы або нарэзаць дробнымі кубікамі, пасля чаго адправіць у ваду з дзвюма лыжкамі воцату на 15 мінут марынавацца. Затым зліць усю вадкасць і дадаць масу пятым слоем да нашага салата. Пасля гэтага трэба добра змазаць паверхню салата маянэзам.
Моркву нацерці на буйной тарцы, абсмажыць на алеі (можна выкарыстаць ужо вараную моркву) і, раўнамерна размеркаваўшы яе па ўсёй паверхні, абкласці так, каб не прасвечваўся ніжні слой салата. Салат гатовы. Я ўпрыгожыў яго буйной сеткай з маянэзу, журавінамі і пятрушкай.
Смачна есці! Буду рады, калі гэты рэцэпт вам спадабаецца і спатрэбіцца ў далейшым.
Рэцэпт ад Сяргея ХАРЭВІЧА.
Фота аўтара.