Вакцынацыя супраць інфекцыі COVID-19

У Рэспубліцы Беларусь пачалася імунізацыя супраць інфекцыі COVID-19 расійскай вакцынай “Спадарожнік V”. Вакцынацыя праводзіцца ў добраахвотным парадку. Спісы жадаючых педагогаў ужо збіраюцца ўпраўленнямі адукацыі. У наступную частку кампаніі імунізацыі (па даных Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, сакавік — красавік 2021 г.) будуць імунізавацца ўсе жадаючыя.

“Спадарожнік V”— першая ў свеце зарэгістраваная вакцына на аснове добра вывучанай платформы вектара адэнавіруса чалавека. Вектар — гэта вірусныя часціцы, вычышчаныя ад патагенных складнікаў, з устаўленым на іх месца генетычным матэрыялам віруса (код бялку), супраць якога вырабляецца вакцына. Гэты новы элемент бяспечны для арганізма, але ён дапамагае імуннай сістэме рэага­ваць і выпрацоўваць антыцелы, якія абараняюць ад інфекцыі. Па такім прынцыпе была створана прышчэпка ад віруснага гепатыту B, ротавіруснай інфекцыі, ліхаманкі Эбола. Каб забяспечыць працяглы імунітэт, расійскія вучоныя прапанавалі выкарыстоўваць два розныя тыпы адэнавірусных вектараў для першай і другой вакцынацыі, узмацняючы дзеянне вакцыны.

Часавы прамежак паміж першай дозай вакцыны і ўвядзеннем другой складае 21 дзень. Гэта якраз той час, на працягу якога выпрацоўваецца першасны імунітэт на ўвядзенне вакцыны.

Часовымі супрацьпаказаннямі да вакцынацыі з’яўляюцца: вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні; абвастрэнне хранічных захворванняў, кантакт з хворым на COVID-19 або з падазрэннем на гэтае захворванне менш чым за 14 дзён да прышчэпкі (вакцынацыю праводзяць пасля 14 дзён ад моманту кантакту).

Калі вы пасля першай дозы прэпарата захварэлі на ВРІ, то вакцынацыю праводзяць праз 2—4 тыдні пасля вылячэння або пачатку рэмісіі. Пры няцяжкіх ВРВІ, вострых інфекцыйных захворваннях ЖКТ дапускаецца правядзенне вакцынацыі пасля нармалізацыі тэмпературы.

Аксана БАЯРКІНА,
загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.