Бяспечныя паводзіны ў спякоту

Лета — выдатны сезон: пара адпачынкаў, загарадных  прагулак,  адпачынку на прыродзе.  Аднак  залішняе знаходжанне на сонцы,  асабліва  ў  гарачыя дні, небяспечнае і  можа  прывесці  да  рэзкага пагаршэння здароўя,  звязанага з пераграваннем арганізма. У  групе рызыкі ў першую чаргу знаходзяцца  дзеці  і  пажылыя людзі, а таксама  асобы,  якія  пакутуюць на хваробы сістэмы  кровазвароту  і  парушэнні абмену рэчываў (цукровы  дыябет, захворванні шчытападобнай  залозы, атлусценне і інш.).

Прычынай узнікнення праблем са здароўем служыць парушэнне тэрмарэгуляцыі арганізма. Пры павышэнні тэмпературы навакольнага асяроддзя да 25—30°С, высокай вільготнасці паветра, што характэрна для клімату Беларусі, працяглым знаходжанні на сонцы аддача цяпла абцяжарваецца, што прыводзіць да перагравання арганізма. Гэтаму спрыяюць таксама непадыходзячае адзенне (сінтэтычнае, цёмных колераў, занадта цёплае), фізічныя нагрузкі, парушэнне пітнога рэжыму, ужыванне алкаголю. Адбываецца павышэнне тэмпературы цела, якое суправаджаецца паталагічнымі змяненнямі розных функцый арганізма. З’яўляецца слабасць, мля­васць, адчуванне стомленасці, санлі­васць, галаўны боль, галавакружэнне, шум у вушах, смага, пачырваненне і вільгот­насць скуры, пачашчэнне пульсу і дыхання на фоне нармальнай тэмпературы цела. Можа ўзнікнуць сонечны ўдар. У гарачае надвор’е на вуліцы, у душным памяшканні або транспарце можна страціць прытомнасць і без папярэдняга перагравання або знаходжання з непакрытай галавой на сонцы.

Каб не дапускаць перагравання арганізма, дастаткова выконваць наступныя рэкамендацыі:

• пазбягайце працяглага знаходжання на сонцы: старайцеся планаваць свой дзень так, каб выхады на вуліцу прыпадалі на раннія ранішнія або вячэрнія гадзіны; калі ж такой магчымасці няма, то трымайцеся ценявога боку вуліцы або знаходжання ў халаднаватых памяшканнях;

• старайцеся апранаць лёгкую свабодную вопратку светлых колераў пераважна з натуральных тканін;

•  выконвайце пітны рэжым: ужывайце пітную ваду да 2,5—3 літраў у дзень; аптымальным варыянтам з’яўляецца выкарыстанне негазіраванай пітной вады, халаднаватага несалодкага чаю, натуральнага морсу (ужыванне пакетаваных сокаў і салодкіх газіраваных напояў не толькі не зніжае, але і ўзмацняе смагу); бярыце з сабой невялікую бутэльку з вадой (карысна мець пры сабе бутэльку з пульверызатарам, з якой можна апырскваць сабе твар і рукі);

• абавязкова насіце ў спякоту лёгкі галаўны ўбор з баваўняных або льняных тканін светлых колераў;

• акцэнт у харчаванні ў гарачыя дні павінен быць зроблены на ўжыванні прадуктаў, якія лёгка засвойваюцца арганізмам, у тым ліку агародніне і садавіне і іншых прадуктах расліннага паходжання, нятлустых кісламалочных прадуктах, мясе, рыбе, у рацыёне павінен быць мінімум солі і цукру. Аднак з надыходам спякоты ўзрастае небяспека заражэння вострымі кішэчнымі інфекцыямі (ВКІ), таму ў летнія гарачыя дні асабліва важна выконваць неабходныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні: гатаваць ежу толькі ў колькасці, неабходнай для бягучага спажывання; гатовую ежу старанна засцерагаць ад любога забруджвання, бо на руках, сталах, інвентары, які выкарыстоўваецца пры апрацоўцы прадуктаў, могуць знаходзіцца хваробатворныя мікробы; садавіну, ягады і агародніну старанна мыць у праточнай вадзе, агародніну перад ужываннем або гатаваннем салатаў пажадана аб­даць кіпенем; выконваць умовы захоўвання і тэрміны прыдатнасці харчовых прадуктаў;

• перад выхадам на вуліцу выкарыстоўвайце спецыяльныя касметычныя сродкі (крэмы, гелі, ласьёны), якія валодаюць сонцаахоўным фактарам.

Збіраючыся загараць, не наносьце на скуру дэкаратыўную касметыку, крэмы і спіртаўтрымліваючыя ласьёны, якія могуць павысіць адчувальнасць скуры да сонечных апёкаў, прывесці да ўтварэння стойкіх пігментных плям.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-гігіеніст Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.