Дэкупаж зноў у модзе

У практыкуючых педагогаў, як і ва ўсіх калісьці, былі свае настаўнікі. Выдатна, калі ёсць магчымасць сказаць: “Я памятаю свайго настаўніка. У маім жыцці да гэтага часу прысутнічае тое, чаму я навучылася менавіта ў яго”. Святлана Валянцінаўна Курская, сурдапедагог Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, можа так сказаць. Аднак пра ўсё па парадку.

Святлана Валянцінаўна вучылася ў Навасёлкаўскай (Пранчакоўскай) сярэдняй школе з політэхнічным ухілам. І вучылася… сталярнай справе. Спрыяў набыццю ўменняў настаўнік Якаў Канстанцінавіч Пабягайла. І ў дарослым жыцці Святлане гэтыя ўменні спатрэбіліся. Дваццаць восем гадоў назад, пасля заканчэння інстытута, яна прыйшла працаваць у Мінскую абласную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. І першыя думкі на новым працоўным месцы былі такія: “Трэба разнастаіць жыццё вучняў школы-інтэрната, каб пасля ўрокаў у іх была магчымасць рабіць нешта сваімі рукамі для сябе або для сям’і”. Тады і ўспомніла, што ў школе вучылася выпілоўваць. Заказала ў Маскве лобзікі і пілкі. Калі з’явіліся інструменты, кнігі, альбомы — закіпела работа.
Як паказаў вопыт, думка заняць вучняў пасля ўрокаў выпілоўваннем з фанеры была выдатная. Дзеці задаволены, іх бацькі таксама. Яшчэ б, хлапчукі і дзяўчынкі дарылі мамам і татам зробленыя сваімі рукамі цукерніцы, падстаўкі пад алоўкі, пад гаршкі для кветак, шкатулкі, рамачкі для фота, апрацоўчыя дошкі, вазачкі, кашпо, розныя ўпрыгажэнні. Святлана Валянцінаўна выпілоўвала разам з хлопцамі. Каб створаныя рэчы сталі яшчэ больш прыгожымі, педагог са сваімі вучнямі асвоіла дэкупаж. Зараз дэкупаж перажывае другое нараджэнне, ён стаў модным. І гэта вельмі займальны занятак.

Дэкупаж (фр. decouper — выразаць) — гэта дэкаратыўная тэхніка, якая заключаецца ў выразанні малюнкаў з паперы і наклейванні іх ці прымацаванні іншым спосабам на розныя паверхні (тканіну, посуд, мэблю і г.д.). З дапамогай такой аплікацыі вытворцы мэблі імітавалі дарагія ўсходнія інкрустацыі (што было танней, але карысталася не меншым попытам). Дэкупаж быў вельмі модны пры двары французскага караля Людовіка XVI.
У Англіі дэкупаж набыў папулярнасць у Віктарыянскую эпоху, калі ў вялікай колькасці з’явіліся і сталі даступнымі лісты з надрукаванымі калекцыямі для выразання. Тады дэкупаж увайшоў амаль у кожны дом. Для работ у асноўным выкарыстоўваліся сентыментальныя матывы ў выглядзе малюнкаў кветак, пастаральных сцэнак, фігурак і анёлкаў. З Англіі дэкупаж у якасці хобі пераехаў у Амерыку. Сёння гэтая старажытная тэхніка зноў стала моднай і шырока распаўсюдзілася ў нашай краіне пры дэкарыраванні сумачак, капелюшоў, падносаў, 100_4568ёлачных упрыгажэнняў, сонечных гадзіннікаў, скрыначак, посуду, упаковак і г.д., а таксама пры стварэнні эксклюзіўных прадметаў інтэр’ера, пры аздабленні адзення і вырабе модных аксесуараў. Зараз да традыцыйнай тэхнікі дадаўся дэкупаж з сурвэтак, тканін. На тканінах прымяняюцца нават камп’ютарныя інавацыі, якія дазваляюць выкарыстоўваць трохмерны дэкупаж, а таксама надрукаваныя на прынтары карцінкі рознага зместу.
Разнастайнасць матэрыялаў дазваляе дэкарыраваць любую паверхню: свечкі, кераміку, тканіну, дрэва, метал і іншае. А сукупнае выкарыстанне розных тэхнік, такіх як залачэнне, састарванне (брашыраванне, кракле, шэбі), мастацкі дэкупаж, аб’ёмны дэкупаж (з выкарыстаннем мадэльнай масы і іншых100_4557 матэрыялаў), стварае неабмежаваны прастор для творчасці.

Работы выхаванцаў Святланы Валянцінаўны адрозніваюцца прастатой тэхналогіі і практычнасцю. Важна, каб вынік дасягаўся хутка, каб рэчы, зробленыя рукамі дзяцей і настаўніцы, знаходзілі прымяненне ў побыце. У дэкупажнай калекцыі дзяцей ёсць ключніца, блокі для захоўвання папак, шкатулкі, талеркі, гадзіннікі, фігуркі анёлаў, блокі для запісаў, апрацоўчыя дошкі, слоічкі для сыпучых прадметаў, вазачкі.
“У нас ёсць свае сакрэты эканоміі, — дзеліцца Святлана. — Гадзіннікі мы рабілі са старых пласцінак, слоічкі для сыпучых прадметаў, вазачкі і нават шкатулкі могуць атрымацца з пластыкавай асновы. Замест дарагога клею, які прадаецца ў магазінах для хобі, можна выкарыстоўваць звычайны клей ПВА. Калі ў акрылавую фарбу капнуць кропельку пігментнага канцэнтрату калорэксу, то можна атрымаць (і нядорага) патрэбны колер для афарбоўкі дэкупіраванага вырабу. Цікавы напрамак — упрыгожванне бутэлек незвычайнай формы. Паспрабавала працаваць з гэтым дома. Атрымалася даволі цікава. З дапамогай дэкупажу можна зрабіць карціну ў адпаведнасці з настроем і змясціць яе ў рамку. Вось гэтая сумная дама зроблена з дапамогай дэкупажнай карты. Карціна з танцуючай парай з’явілася ў мяне як успамін аб танцавальных вечарах у санаторыі, дзе я нядаўна адпачывала. Дэкупіраваным вырабам можна надаваць выгляд старадаўніх з дапамогай кракелюрнага лаку. Магчымы і аб’ёмны 3D-дэкупаж. Такому спосабу я яшчэ толькі вучуся. Дарэчы, мы з дзецьмі хоць і захоплены дэкупажам, але працуем і ў іншых тэхніках. Ствараем з дэкаратыўнага шнура анёлкаў, вееры з пластмасавых відэльцаў і атласных стужачак, вырабы з паперы. У школе ўсе запомнілі нашу Калядную зорку з трубачак каляровай паперы. Мы з дзецьмі натхняем адно аднаго. Я іх зараджаю новымі ідэямі, а ў іх вучуся тонкасці колеравага ўспрымання”.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.