Гранат вядомы чалавецтву здаўна. Ён згадваецца ў Торы, Каране і творах Гамера, а яго выяву знаходзілі ў храме Саламона ў Іерусаліме. Сімвалам сілы называлі яго ў Персіі.
Гранат — сапраўдная скарбонка карысных рэчываў, самыя важныя сярод якіх — пунікалагін і пунінавая (гранатавая) кіслата. Пунікалагін — вельмі моцны антыаксідант, які нейтралізуе свабодныя радыкалы. Гэтае рэчыва ўмацоўвае сценкі сасудаў і зніжае ўзровень “дрэннага” халестэрыну, перашкаджаючы ўтварэнню халестэрынавых бляшак.
Як сцвярджаюць вучоныя, спажыванне граната можа абараніць ад раку прастаты ў мужчын і малочнай залозы ў жанчын. Рэчывы, што ўтрымлівае гранат, запавольваюць размнажэнне ракавых клетак, а ў некаторых выпадках нават выклікаюць іх гібель.
Гэты плод дапамагае і ў барацьбе з артрозам, ад якога, па статыстыцы, пакутуе больш як 10 працэнтаў насельніцтва Зямлі. У абмене рэчываў у касцях і злучальных тканках вялікую ролі адыгрывае вітамін К, а яго ў гранаце багата.
Умацаванне імунітэту — таксама па сілах гранату, у 100 г якога ўтрымліваецца 20 працэнтаў дзённай нормы вітаміну С.
Чвэрці граната ў дзень дастаткова для ўмацавання імунітэту.
Гранат павышае ўзровень жалеза ў крыві, у выніку чаго павышаецца ўзровень гемаглабіну, які забяспечвае перанос кіслароду ў тканкі арганізма. Дарэчы, пры нізкім узроўні гемаглабіну пачынаюць выпадаць валасы. Каб захаваць прычоску — ешце гранаты.
У апошнія дзесяцігоддзі разнастайныя даследаванні звязваюць ужыванне граната з прафілактыкай і лячэннем цукровага дыябету 2 тыпу. Вядомыя спалучэнні ў гранаце, такія як пунікалагін і элагавая, галавая, алеанолавая, урсолавая кіслоты, маюць антыдыябетычнае дзеянне.
Даследаванні сведчаць і пра эфектыўнасць граната ў абароне ад хваробы Альцгеймера. Не раз ужо згаданы пунікалагін змяншае выяўленасць запаленчых працэсаў у галаўным мозгу і запавольвае ўзроставыя дэменцыі.
Таксама гранат утрымлівае харчовыя валокны, якія спрыяюць ачышчэнню кішэчніка. Такім чынам, гэты плод паляпшае страваванне.
Да гэтага мы з вамі вялі размову пра плады граната, а вось што тычыцца гранатавага соку, тут не ўсё адназначна. Любы сок — гэта напой з высокім утрыманнем цукру і невысокім утрыманнем вітамінаў. Таму піць яго, канечне, можна, але ад цэльнага зерня карысці больш. Па той жа прычыне (вялікае ўтрыманне цукру) гранатавы сок нельга піць нашча, інакш узровень глюкозы ў крыві можа падскочыць. Калі ж вы схільныя да рэфлюксу, сок граната лепш разводзіць вадой.
Пры гэтым гранатавы сок карысны ў барацьбе супраць шкодных бактэрый і грыбкоў. У прыватнасці, ён абараняе ад такіх захворванняў поласці рота, як стаматыт, парадантыт і гінгівіт.
Тым, хто пакутуе ад гастрыту або язвеннай хваробы, гранатавы сок трэба ўжываць вельмі асцярожна з-за яго высокай кіслотнасці, як і гіпатонікам — з-за яго ўласцівасці паніжаць ціск.
Як пачысціць гранат
Спачатку зрэжце “карону” плода, а затым зрабіце некалькі падоўжных надрэзаў па скурцы ад месца “кароны” ўніз. Цяпер яго можна падзяліць на сегменты.
Калі ж гранат усё роўна не паддаецца, набярыце ў каструлю вады і апусціце туды фрукт. Пад вадой акуратна расцягніце скурку, каб зерне высыпалася ў ваду. Адкіньце зерне на друшляк і абсушыце папяровым ручніком.
Падрыхтавала Вера НІКАЛАЕВА.