Як і многія іншыя, я веру ў тое, што людзі, якія маюць не толькі справу па душы, а яшчэ і прафесійнае хобі, радзей стамляюцца, сумуюць, адчуваюць адмоўныя эмоцыі, менш схільны да стрэсаў. Ірына Уладзіміраўна Зябко — менавіта такі чалавек. Працуе наша госця педагогам-псіхолагам у яслях-садзе № 393 Мінска. У вольны час займаецца квілінгам (вырабы з паперы спосабам скручвання), а таксама вэб-дызайнам. Пра апошняе мы і будзем гаварыць, тым больш, што і на рабоце ад такога захаплення шмат карысці і самых яркіх эмоцый.
— Чаму вас захапіла камп’ютарная графіка?
— Адна дамашняя гісторыя паклала пачатак маёй справе па душы. Старэйшы сын Віталь (у той час яму было 12 гадоў) папрасіў адкарэкціраваць карцінку на камп’ютары. Я не магла яму ў гэтым дапамагчы, на што ён заўважыў: “Ну, канечне, мама, ты ж у гэтай справе дыназаўр”. Крыўдна быць дыназаўрам у вачах сына. Вось я і вырашыла пайсці вучыцца на курсы вэб-дызайну. Якраз такія адкрыліся пры БДПУ імя Максіма Танка. Два гады займалася. Атрымала дыплом. Цяпер камп’ютарная графіка ўпрыгожвае маё жыццё. І не толькі маё. Адразу пасля заканчэння навучання зрабілі са старэйшым сынам праект да Новага года пра Дзядоў Марозаў усіх краін. Праект меў поспех у аднакласнікаў сына, спадабаўся педагогам. Дарэчы, цяпер Віталь, вывучаючы інфарматыку, раіцца са мной, асабліва калі складаную новую тэму праходзяць. Малодшаму таксама дапамагаю ў стварэнні праектаў для вывучэння англійскай мовы. Тэму “Мая сям’я” дзесяцігадовы Мікіта ўжо афармляў сам, падбіраючы і апрацоўваючы ў фоташопе сямейныя фотаздымкі, выбудоўваючы іх у кампазіцыю на свой густ.
— Зразумела, што маладое пакаленне адабрае маміна захапленне вэб-дызайнам. А ці лічыць яго сур’ёзнай і цікавай справай старэйшае?
— Канечне! Муж Уладзімір адразу набыў мне дастойны ноўтбук. Можа ўзяць на сабе дамашнія справы, праверку ўрокаў у дзяцей, калі бачыць, што я сяджу за камп’ютарам і захоплена тым, што раблю. Мама Наталля Іванаўна раз-пораз паказвае сваім сяброўка фотакалажы, віншаванні са святамі ў маім выкананні ў стылі камп’ютарнай графікі.
— Вы гаварылі пра карысць вашага захаплення для ўстановы адукацыі, дзе працуеце. Як упрыгожвае жыццё ясляў-сада камп’ютарная графіка?
— Плакаты, аб’явы ў стылі камп’ютарнай графікі атрымліваюцца прыгожыя, радасныя і пазітыўныя. А значыць, прыцягваюць увагу дзяцей, дарослых — іншымі словамі, працуюць. Апошні плакат па здаровым ладзе жыцця рабіла для фізкультурнай залы. Нагляднасць для заняткаў падбіраю, камбіную, выкарыстоўваючы падрыхтоўку вэб-дызайнера. Вось якраз 5 лістапада запланаваны адкрытыя заняткі, і для іх рыхтую візуальнае суправаджэнне. Для свят ствараем з калегамі прэзентацыі. І ў гэтай справе мае веды камп’ютарнай графікі запатрабаваны. Я вяду гурток для дзяцей “Цуды на пяску”. Выпускнікі гуртка атрымалі ад мяне на памяць яркія дыпломы, выкананыя на камп’ютары, фотакалажы. Дапамагаю выхавальнікам у афармленні інфармацыйнага кутка для бацькоў. Удзельнічаю ў афармленні сайта нашай установы. Стараюся, каб юзабіліці (зручнасць для карыстальнікаў) была забяспечана. Тут усё трэба ўлічваць: і колер, і памер шрыфту.
Мае ўменні запатрабаваны не толькі ў адукацыйным працэсе, але і ў жыцці педагагічнага калектыву. Напрыклад, на Дзень настаўніка педагогі знаходзілі на дзвярах сваёй групы маляўніча аформленае індывідуальнае віншаванне. На значныя падзеі ў асабістым жыцці педагогаў таксама адгукаюся аўтарскімі паштоўкамі. Раней гэта было сюрпрызам для калег, а цяпер ужо разумею, што гэтага прыемнага моманту чакаюць. Праяўленая ўвага прыемна ўсім маім калегам.
— А вас калегі радуюць аналагічным падыходам?
— Канечне, радуюць. Загадчыца сада Вольга Вячаславаўна Селівончык паклапацілася, каб у нас быў каляровы прынтар. Віншуюць калегі і мяне са значнымі падзеямі ў жыцці.
— Што параеце людзям, якія таксама не хочуць быць дыназаўрамі, а мараць стаць дасведчанымі ў камп’ютарнай графіцы?
— Раю вучыцца гэтаму захапляльнаму занятку. Можна і самастойна. Самае галоўнае — не баяцца. Вучыцца бясстрашнасці асвойваць новае можна ў дзяцей. Калі вельмі хочацца, абавязкова ўсё будзе атрымлівацца. Галоўнае — практыка. Пачынайце, спрабуйце. Алгарытмы, урокі, рэцэпты даступны ўсім у інтэрнэце. Першыя крокі для ўсіх аднолькавыя, ну а потым, як у кулінарыі, рэцэпт адзін, але ў кожнага атрымліваецца свая страва, творчы прадукт.
— Як кожнаму творчаму чалавеку хочацца задаць пытанне аб планах на будучыню.
— Планы ёсць. Нашай установе дашкольнай адукацыі хутка 35 гадоў. Рыхтуем свята. Задумалі зрабіць слайд-фільм пра яслі-сад. Пастараюся, каб ён быў яркім, змястоўным, як жыццё нашага педагагічнага калектыву, дзяцей і іх бацькоў.
Святлана РАДЗЬКОВА.