Каб дзіця не захварэла

Для многіх з нас восень прыходзіць не толькі з жоўтым лісцем і школьнымі сшыткамі, але і з насмаркам, кашлем і іншымі прастуднымі атрыбутамі ў дзяцей. Лячэнне і аднаўленчы перыяд пасля хваробы ў дзіцяці займаюць ад тыдня да месяца. Ці ёсць шанц пазбегнуць гэтых праблем і як справіцца з ускладненнямі пасля прастудных захворванняў, калі ўсё-такі дзіця захварэла, — вось пытанні, якія задаюць сабе бацькі з прыходам восені.

Першыя сімптомы ВРЗ выяўляюцца, як правіла, у выглядзе закладзенага носа і кашлю. Калі няправільна падысці да іх лячэння, яны затрымаюцца на некалькі тыдняў. Самае “бяскрыўднае”, што нясе кашаль і насмарк дзіцяці, — гэта пагаршэнне сну, зніжэнне апетыту і агульны ўпадак жыццёвых сіл і цікавасці да навучання.
Перш за ўсё рэкамендуем звярнуцца да педыятра, які прызначыць вам правільнае лячэнне з улікам асаблівасцей дзіцяці, яго стану і ўзросту, дасць накіраванне на лячэбныя працэдуры. Сёння, напрыклад, пры ўскладненнях прастудных захворванняў бронхалёгачнай сістэмы, спецыялістамі часта рэкамендуецца інгаляцыйная тэрапія, з дапамогай якой лекавыя прэпараты “дастаўляюцца” да месца запалення максімальна хутка, а прыёму лекавых прэпаратаў, якія аказваюць сістэмнае ўздзеянне на арганізм, наогул можна пазбегнуць.
Калі раней падобную тэрапію можна было прайсці толькі ў паліклініцы, то сёння кожны можа набыць інгалятар для дамашняга карыстання. Падобны прыбор кампактны і добры і для прафілактыкі (каб не даводзіць да хваробы), і як сродак для дамашняга лячэння, асабліва калі дзіця хварэе часта ці вы не хочаце лішні раз рызыкаваць і весці яго на працэдуру ў непагадзь. Пры выбары інгалятара звярніце ўвагу, што існуе два тыпы такіх прыбораў: паравыя і небулайзеры (распыляльнікі). Першыя выкарыстоўваюцца пры лячэнні захворванняў верхніх і сярэдніх дыхальных шляхоў (носа і горла) і, як правіла, разлічаны на выкарыстанне з імі травяных настояў, масел, мінеральнай вады. Другія забяспечваюць яшчэ і пранікненне раствору ў ніжнія аддзелы дыхальных шляхоў і прымяняюцца для дробнадысперснага распылення лекавых прэпаратаў (напрыклад, супрацьзапаленчых або мукалітыкаў, якія часцей за ўсё прызначаюць дзецям пры бранхіце).
Мамам, якія аддаюць перавагу немедыкаментознаму лячэнню, можна падумаць аб набыцці такой дамашняй прылады. Традыцыйныя інгаляцыі пры дапамозе падручных сродкаў (чайніка, каструлі і да т.п.) дактары катэгарычна не рэкамендуюць, паколькі нярэдка яны заканчваюцца апёкамі слізістай з-за занадта высокай тэмпературы пары. Цяпер не трэба прымушаць дзіця дыхаць пад ручніком над каструлькай з гарачай бульбай або запаркай лісця эўкаліпта, што для дзіцяці ператвараецца ў сапраўдную муку.
Рызыка сутыкнуцца з ВРЗ даволі высокая, бо дзеці ў транспарце і ў класе сутыкаюцца з вялікай колькасцю людзей, інфіцыраваных вірусамі прастуды. Ахвярамі віруса нярэдка становяцца і дзеці з добрым імунітэтам. Бывае, што прычынай ВРЗ можа быць стрэс, які адчувае дзіця пры рэзкіх пераменах у жыцці, такіх як сустрэча з новым калектывам і настаўнікамі, пераход на іншы распарадак дня.
Каб нейтралізаваць гэты стрэс, трэба ўдзяляць дзіцяці крыху больш часу і больш уважліва ставіцца да яго страхаў і скаргаў. Аднак памятайце і пра прафілактыку прастудных захворванняў: старайцеся часцей гуляць на свежым паветры, актыўна займайцеся спортам.
І не забывайце пра правільнае харчаванне. Маленькія дзеці непрыязна ставяцца да цыбулі і часнаку. Зрабіце бутэрброды з сырам, перацёртым з часнаком, а свежую цыбулю непрыкметна натрыце ў салат са свежай гародніны і зеляніны. Лятучыя фітанцыды, якія ўтрымліваюцца ў цыбулі і часнаку, засцерагуць дзіця ад вірусаў прастуды. Не забывайце пра курыны булён, малако, лімоны, апельсіны. Вельмі важныя ў прастудную пару тлушчы — сметанковае масла, печань траскі, тлустая марская рыба (палтус, масленая і інш.). Ну і, зразумела, арэшкі — дзеткі не адмовяцца іх пажаваць. Улічыце толькі, што арахіс — не арэхі, а разнавіднасць бабовых культур. Яго не толькі нельга параўнаць па каштоўнасці з арэхамі, але ён да таго ж можа выклікаць алергію.
Здаровае, спартыўнае, сытае дзіця, якое яшчэ і добра выспалася, лепш застрахавана ад прастуды, чым яго аднагодак, які да паўночы без перапынку хрусціць чыпсамі за камп’ютарнымі гульнямі.

Валянціна ЦЯРЭШКА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.