Серозны менінгіт — група інфекцыйных захворванняў нервовай сістэмы, якія характарызуюцца вострым развіццём агульнамазгавога, менінгіяльнага сіндромаў і запаленчымі зменамі ў цэрэбраспінальнай вадкасці серознага характару. Серозныя менінгіты выклікаюцца часцей энтэравірусамі (вірусамі Каксакі і ЕСНА), радзей — вірусам эпідэмічнага паратыту, вірусам герпесу і інш.
Шляхі перадачы — паветрана-кропельны і кантактны. Часцей за ўсё можна заразіцца ў шматлюдных месцах, праз брудныя рукі, дрэнна вымытыя агародніну і фрукты, падчас купання ў забруджаных вадаёмах і рэках. Найбольш успрымальныя да серознага менінгіту дзеці ад 3 да 6 гадоў, з узростам устойлівасць арганізма да ўзбуджальнікаў павышаецца, таму дарослыя хварэюць на серозны менінгіт значна радзей. Дзеці да 6 месяцаў не хварэюць зусім, таму што маюць прыроджаны імунітэт, атрыманы ад маці.
Серозны менінгіт бывае двух тыпаў: першасны і другасны. Першасны менінгіт узнікае без папярэдніх інфекцыйных захворванняў. Узбуджальнікам яго выступаюць энтэравірусы. Другасны менінгіт узнікае як ускладненне пасля перанесенага інфекцыйнага захворвання. Узбуджальнікам у гэтым выпадку бываюць вірусы розных інфекцый: поліяміэліту, паратыту, адзёру, вятранкі і інш.
Ёсць некалькі відаў хваробы. Кожны з іх праходзіць па-свойму і мае свае наступствы.
● Форма Малярэ. Пачынаецца хвароба вельмі імкліва. Прычым спачатку з’яўляюцца сімптомы расстройства страўнікава-кішачнага тракту. Нягледзячы на тое, што характэрны для менінгіту сіндром развіваецца, тэмпература застаецца ў норме. Літаральна праз два дні хворы папраўляецца, але могуць з’явіцца рэцыдывы.
● Востры від суправаджаецца вельмі высокай тэмпературай — да 41 градуса. Часта нават паражаюцца некаторыя мазгавыя нервы.
● Серозны менінгіт можа быць і вострай гіпертэнзійнай формы. У гэтым выпадку прысутнічае сіндром захворвання, які характарызуецца рэзкім пад’ёмам тэмпературы. Галаўны боль пры гэтым вельмі моцны, рвота наступае без прычыны.
● Самая цяжкая форма серознага менінгіту — менінгаэнцэфаламіэлітычны від захворвання. Імгненна ўзнікаюць рэфлексы паталагічнага характару. Здараюцца нават паралічы.
● Існуюць серозныя менінгіты, якія выклікаюцца вірусамі поліяміэлітападобнага віду. Гэта захворванне ўзнікае выключна летам ці восенню. Паражае яно ў асноўным дзяцей, дарослых — вельмі рэдка. Кішэчныя расстройствы і высокая тэмпература суправаджаюць хворага пастаянна.
● Ёсць яшчэ і паратытны від. Развіваецца ён на фоне павелічэння ў памерах слінных залоз.
● Падчас эпідэмій грыпу ўрачы выяўляюць грыпозны серозны менінгіт. Ён развіваецца або на піку хваробы, або ўжо пасля яе.
● Нарэшце, вельмі часта сустракаюцца другасныя формы. Яны развіваюцца як ускладненні пасля насмарку, ангіны, пнеўманіі, нават кан’юнктывіту.
Сімптомы серознага менінгіту
Серозныя менінгіты ў дзяцей звычайна пачынаюцца з рэзкага павышэння тэмпературы і моцнага галаўнога болю, пасля чаго могуць з’явіцца і іншыя прыкметы гэтай хваробы. Вірус вельмі ўстойлівы да навакольнага асяроддзя і можа спакойна праіснаваць, напрыклад, у водаправоднай вадзе некалькі тыдняў і нават вытрымлівае кароткае кіпячэнне. Часцей за ўсё на гэты від менінгіту хварэюць дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту. Востры перыяд хваробы доўжыцца 3—5 дзён, а поўнае выздараўленне адбываецца прыкладна праз два тыдні. У многіх дзяцей прыкметы менінгіту скрытыя, што перашкаджае паставіць правільны дыягназ. Але, нягледзячы на гэта, прагнозы, якія тычацца наступстваў хваробы і выздараўлення, пры серозным менінгіце ў дзяцей больш станоўчыя.
Існуе шэраг прыкмет менінгіту ў дзяцей, іх называюць “менінгіяльны сіндром”. Выпадкі, калі гэтыя прыкметы праяўляюцца ўсе адразу, асабліва ў малых дзяцей, сустракаюцца рэдка.
Асноўныя прыкметы менінгіту ў дзяцей
● Моцны галаўны боль. (Можа ўзмацняцца пад уздзеяннем святла і гуку).
● Рвота.
● Вяласць. Практычна ва ўсіх выпадках дзіця проста ляжыць пластом.
● Рыгіднасць мышцаў. Паспрабуйце дзіцяці, якое ляжыць на спіне, прыціснуць падбародак да грудзей. У выпадку рыгіднасці мышцаў, зрабіць гэта вельмі цяжка, а, часцей за ўсё, увогуле немагчыма.
● Хворыя дзеці стараюцца ляжаць на баку, падціснуўшы ногі і адкінуўшы галаву назад.
● У немаўлят да года можа набракаць цемечка.
Усе гэтыя прыкметы менінгіту ў дзяцей ускосныя і служаць толькі для пастаноўкі папярэдняга дыягназу. Канчатковы дыягназ, і, адпаведна, лячэнне, вызначаюць толькі па выніках аналізу спіннамазгавой пункцыі. На жаль, гэтая вельмі непрыемная працэдура з’яўляецца адзіным дакладным метадам дыягнаставання хваробы. Пры ўзнікненні серознага менінгіту ў дзяцей урачы звычайна даюць добры прагноз, за выключэннем асобных выпадкаў. Дзіця лечыцца ў стацыянары, дзе знаходзіцца пад наглядам медыкаў 2-3 тыдні. Потым дзіця, якое перахварэла на серозны менінгіт, ставіцца на ўлік у неўрапатолага. Найважнейшая ўмова для правільнага, паўнавартаснага лячэння з далейшым выздараўленнем — гэта правільны і своечасова пастаўлены дыягназ.
Падчас працэдуры спіннамазгавой пункцыі ў дзіцяці, хворага на менінгіт, спіннамазгавая вадкасць малочнага колеру выцякае пад ціскам. Але, нягледзячы на тое, што працэдура балючая, пасля яе хвораму адразу становіцца лягчэй, галаўны боль практычна суцішаецца, тэмпература паступова нармалізуецца.
Менінгіт — хвароба небяспечная сваімі наступствамі. Калі своечасова не звярнуцца за медыцынскай дапамогай, наступствамі серознага менінгіту могуць быць страта слыху (часткова ці цалкам); страта зроку; парушэнне маўленчага апарату. У дзяцей магчыма затрымка псіхічнага развіцця. У асабліва цяжкіх выпадках — кома ці смерць.
Менінгіт вызначаецца на падставе спалучэння трох прыкмет:
● наяўнасць сімптомаў менінгіту;
● прыкметы інфекцыі;
● наяўнасць характэрных змен у цэрэбраспінальнай вадкасці.
Лячэнне серознага менінгіту
Серозны менінгіт добра паддаецца лячэнню, і пры своечасовым звароце за медыцынскай дапамогай вялікая верагоднасць станоўчага выніку. Лячэнне адбываецца толькі ва ўмовах стацыянара (доўжыцца 3-4 тыдні) і назначаецца пасля пацвярджэння дыягназу і вызначэння ўзбуджальніка хваробы. Пры вострым цячэнні хваробы лячэнне неабходна пачаць як мага хутчэй.
Пасля лячэння маленькія пацыенты знаходзяцца на дыспансерным уліку ў неўрапатолага. У далейшым менінгіт будзе яшчэ доўга нагадваць пра сябе галаўнымі болямі, павышанай стомленасцю, праблемамі з запамінаннем.
Прафілактыка серознага менінгіту
Як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад заражэння серозным менінгітам?
● Купацца толькі ў дазволеных месцах, асабліва дзецям. Паколькі адкрытыя вадаёмы могуць быць крыніцай інфіцыравання.
● Піць толькі ачышчаную і кіпячоную ваду.
● Старанна мыць рукі, захоўваць правілы асабістай гігіены.
● Старанна мыць і абдаваць кіпнем агародніну і фрукты.
● Загартоўваць свой арганізм і весці здаровы лад жыцця.
● Утрымлівацца ад кантакту з хворым на менінгіт. Некаторыя тыпы менінгіту перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, напрыклад, пры пацалунках, кашлі, чыханні, а таксама ў выніку супольнага выкарыстання прадметаў асабістай гігіены, напрыклад, зубной шчоткі ці ручніка. Калі ў вашай сям’і ёсць хворыя на менінгіт, пастарайцеся ізаляваць іх ад астатніх членаў сям’і.
● Пасля блізкага кантакту з хворым на менінгіт абавязкова звярніцеся да ўрача. У залежнасці ад ступені блізкасці кантакту і тыпу менінгіту вам неабходна будзе прыняць антыбіётык для прафілактыкі захворвання.
● Будзьце асабліва асцярожныя падчас падарожжаў у патэнцыяльна небяспечныя раёны. Некаторыя тыпы менінгіту пераносяцца жывёламі і насякомымі, таму старайцеся трымацца ад іх як мага далей і не забывайце карыстацца сродкам супраць насякомых.
Вакцынацыя дапамагае папярэдзіць многія хваробы, якія могуць прывесці да менінгіту. Часцей за ўсё прышчэпкі супраць менінгіту робяць дзецям у раннім узросце.
Юлія ЖЫБУЛЬ,
загадчык аддзялення 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.