Архангелавы трубы, або Бругмансія

Яшчэ з дзясятак гадоў назад гэтая экзатычная кветка (хутчэй падобная на хмызняк) лічылася выключна аранжарэйнай раслінай. Іншая яе назва — архангелавы трубы. І сапраўды, яе паніклыя кветкі падобныя на грамафоны. Лісце ў расліны мае даўжыню ад 15 да 25 см, злёгку апушанае. Сама кветка можа вырастаць у вышыню да 1,5-2 м.

У беларускіх умовах прыёмы вырошчвання бругмансіі маюць свае асаблівасці. Вядома, вясной яе можна набыць на рынку альбо ў садовых цэнтрах, але каштуе яна нятанна. Больш выгадна вырасціць яе з чаранка, а ўжо дабыць яго, калі вельмі хочацца, можна.
Наразаюць чаранкі позняй восенню, перад замаразкамі, з дарослага хмызняку. Пры наразанні трэба захапіць хаця б кавалачак сцябла (гэта называецца “з пяткай”). Чаранкі даюць карэнне і ў вадзе, і ў грунце. Кветкавод з Бярэзінскага раёна настаўніца Тамара Насульская вырошчвае чаранкі ў вадзе. Прыжывальнасць — прыкладна 60%.
Мая суседка Галіна Сяргееўна садзіць чаранкі ў пластыкавыя ёмістасці памерам 0,5 л. Перад гэтым 2-3 гадзіны вытрымлівае ў стымулятары росту. Лішняе лісце абрывае. Пакуль не з’явяцца маленькія лісточкі (гэта знак таго, што расліна прыжылася), надзявае на пластыкавыя ёмістасці поліэтыленавыя пакеты. Палівае ўмерана, падкормлівае ўгнаеннем для пакаёвых кветак. У адкрыты грунт высаджвае парасткі ўжо даволі ўнушальнага памеру.

У прынцыпе, выкапаўшы бругмансію ў вялікую ёмістасць і прадаставіўшы ёй халаднаватую зімоўку (ад 5 да 10 градусаў), яе можна захаваць у зімовы перыяд. Іншая справа, калі раслін некалькі, не заўсёды ёсць такая магчымасць. Ну і ў падвале з бульбай яна таксама не захаваецца.
Пры пасадцы бругмансіі ў адкрыты грунт у пасадачную яму дадаюць попел. Каранёвую шыйку не заглыбляюць, зямлю навокал асцярожна прымінаюць і паліваюць. Улетку бругмансія любіць добры паліў. Лепш — увечары. Шкоднікі абыходзяць яе бокам.
Шчыра кажучы, у гэтым годзе я мела магчымасць назіраць квітнеючую бругмансію ў сябе на радзіме, у Гомельскай вобласці. У кветніку гаспадара (так, менавіта мужчына ў гэтай сям’і разводзіць кветкі) расло некалькі бругмансій — белага, ружовага і крэмавага колераў. Быў пачатак верасня, і цёплыя пяшчотныя колеры гэтых кветак так добра спалучаліся з ранняй восенню. Суседка расказала мне, што чаранкамі гаспадар ні з кім яшчэ не дзяліўся, але абяцаў. Шкадую, што тады з ім не пагутарыла. Магчыма, ва ўмовах Гомельскай вобласці можна паэксперыментаваць з зімоўкай у адкрытым грунце? Тым больш, што хмызнякоў некалькі. Тады ж дома зрабіла яшчэ адзін вывад: бругмансія падыходзіць для вялікіх клумб альбо кветнікаў, спалучаецца з цыніямі белага і жоўтага колераў, высакарослымі аксаміткамі, астрамі ласосевага і белага колераў. Яны добра адцяняюць яе незвычайную прыгажосць.
Нярэдка кветкаводы блытаюць бругмансію з датурай. Пра датуру мы ўжо пісалі. У яе кветкі глядзяць уверх, а ў бругмансіі — уніз. І датура размнажаецца насеннем.

Некалькі парад для тых, хто мае зімовы сад і хоча паспрабаваць вырошчваць бругмансію як кадкавую расліну.
Спачатку пра паліў. З красавіка па кастрычнік бругмансію паліваюць шчодра, пакуль вада не дасягне паддона, калі паліваць часта, але нямнога, карэнне не атрымае паветра і згніе. Любіць бругмансія і апырскванне вадой пакаёвай тэмпературы.
Вясной і летам кветка мае патрэбу ў арганічных і мінеральных падкормках. Падкормкі трэба праводзіць два разы на месяц комплекснымі мінеральнымі ўгнаеннямі. Летам, калі ёсць магчымасць, пажадана падкарміць арганікай (100 г гною і 2 сталовыя лыжкі попелу на 5 л вады).
Для пасадкі бругмансіі можна выкарыстаць такую сумесь: 2 часткі драўніннай зямлі, 1 частка лісцевай, 1 частка перагною, 1 частка пяску. Маладыя расліны перасаджваюць штогод, а ў дарослых толькі замяняюць верхні слой грунта.
Абавязкова патрэбен дрэнаж. На дно насыпаецца слой керамзіту вышынёй 5-6 см.
Размнажаюць бругмансію, якая расце ва ўмовах зімовага саду, веснавымі чаранкамі. Іх высаджваюць у адкрыты грунт, а калі яны прыжываюцца, высаджваюць як і дарослыя экзэмпляры.
У час цвіцення кветкі, якія адцвілі, выдаляюць, а расліны абразаюць на 2/3. Гэта запавольвае рост кветкі і спрыяе ўтварэнню бакавых парасткаў.
На жаль, пры вырошчванні бругмансіі ў закрытых памяшканнях яна можа пашкоджвацца белакрылкай. Таму абавязкова трэба рэгулярна праводзіць агляд ніжняй часткі ліста і пры неабходнасці апрацоўваць адпаведнымі прэпаратамі.

Ала ШАЎЦОВА.