Артэрыяльная гіпертэнзія ў дзяцей і падлеткаў сустракаецца адносна рэдка, але з’яўленне павышанага артэрыяльнага ціску ў падлеткавым узросце небяспечна рызыкай захавання яго ў наступныя гады і нядобрым прагнозам у адносінах да ўзнікнення ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту міякарда, інсульту і ў выніку інваліднасці і смяротнасці. Гэтыя захворванні вызначаюць структуру захваральнасці і смяротнасці дарослага насельніцтва ва ўсім свеце. Для Беларусі гэтая праблема таксама актуальная.
Пры артэрыяльнай гіпертэнзіі (АГ) артэрыяльны ціск (АЦ) пастаянна вышэйшы за ўзроставую норму, і гэты АЦ з’яўляецца галоўнай прыметай хваробы і не абумоўлены захворваннем якіх-небудзь іншых органаў (напрыклад, нырак, эндакрынных органаў) або іншымі прычынамі. Павышаны АЦ дрэнна ўздзейнічае на ўнутраныя органы, так званыя органы-мішэні (сэрца, сасуды, ныркі). Пры гэтым павялічваецца маса міякарда, патаўшчаюцца сценкі сасудаў, паскоранымі тэмпамі развіваецца атэрасклероз сасудаў сэрца (каранарных артэрый), аорты, мазгавых, нырачных і іншых артэрый. Пашкоджваюцца сасуды сятчаткі вока. Развіваюцца склератычныя працэсы ў нырачнай тканцы з далейшым парушэннем яе функцый (нырачная недастатковасць).
АГ бывае першаснай (эсэнцыяльнай) і другаснай (сімптаматычнай).
Першасная АГ — гэта самастойнае захворванне, яго фарміраванню ў дзяцей і падлеткаў могуць служыць розныя фактары:
— спадчынная схільнасць: захворванні сваякоў І і ІІ ступені роднасці, прычым з прыярытэтам мацярынскай лініі;
— псіхасацыяльныя стрэсы;
— маларухомы лад жыцця;
— дысгарманоз падчас пубертатнай перабудовы;
— шкодныя звычкі: тытунекурэнне, працяглае слуханне музыкі ў навушніках, камп’ютарная залежнасць, гульняманія;
— неадэкватны рэжым працы і адпачынку.
Другасная АГ у дзяцей узнікае ў большасці выпадкаў на фоне некаторых захворванняў:
— нырак (каля 70%);
— эндакрыннай сістэмы (тырэатаксікозу, сіндрому Іцэнка-Кушынга, феахрамацытомы і інш.);
— сардэчна-сасудзістай сістэмы (стэноз вусця аорты, недастатковасць клапанаў аорты і інш.).
Асноўным сімптомам АГ з’яўляецца павышаны АЦ. Хворыя могуць таксама скардзіцца на галаўныя болі, болі ў вобласці сэрца, дрэннае самаадчуванне, галавакружэнні, шум у вушах, мільгаценне “мушак” перад вачыма.
Для дыягнаставання АГ патрабуецца вымярэнне АЦ. Аднаразовае павышэнне АЦ не з’яўляецца сапраўдным. Для больш дакладнага вызначэння АЦ, цяжкасці АГ і яе прагнозу выкарыстоўваецца метад ацэнкі сутачнага профілю АЦ — сутачны маніторынг.
Асноўнай мэтай лячэння АГ з’яўляецца дасягненне ўстойлівай нармалізацыі АЦ, што зніжае рызыку развіцця ранніх сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Лячэнне дзіцяці з АГ можа быць немедыкаментозным і медыкаментозным, комплексным і працяглым.
Асноўнымі метадамі немедыкаментознай тэрапіі ў дзіцячым узросце з’яўляюцца:
— змяненне ладу жыцця;
— мерапрыемствы па зніжэнні залішняй масы цела;
— змяненне рэжыму і якасці харчавання — зменшыць ужыванне лёгказасваяльных вугляводаў (цукар, цукеркі), абмежаваць жывёльныя тлушчы, выключыць моцны чай, каву, вострае, вострыя прыправы, вэнджаныя прадукты, дадаваць у ежу вітаміны, уключыць у рацыён прадукты, багатыя на К і Mg (печаная бульба, гарбуз, кабачкі, фасоля, гарох, квяцістая капуста, бананы, абрыкосы, персікі, морапрадукты, тварог, аўсяныя крупы, проса, цвёрдыя гатункі сыру). Прымаць ежу 5-6 разоў у суткі;
— павялічыць фізічную актыўнасць;
— неабходна абмежаваць ужыванне кухоннай солі (5—7 грамаў у суткі);
— неабходна ліквідаваць адмоўныя псіхалагічныя фактары.
Медыкаментозная тэрапія назначаецца тады, калі выкарыстаны ўсе метады немедыкаментознага лячэння і адсутнічае эфект ад іх. Наяўнасць ранніх ускладненняў — рэтынапатыя, гіпертрафія левага жалудачка і інш. — з’яўляецца прамым сведчаннем для правядзення медыкаментознай тэрапіі.
Бацькам заўсёды неабходна памятаць, што пры любым адхіленні лічбаў АЦ ад нармальных паказчыкаў трэба звярнуцца да ўрача-кардыёлага, які назначыць комплекс абследаванняў, дасць рэкамендацыі па рэжыме, дыеце, вызначыць метады лячэння і тым самым прадухіліць у будучыні цяжкія захворванні.
Ларыса ШАЛАК,
урач-неўролаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.