#сядзім_дома з карысцю

Увесь свет перажывае няпростыя часы. Ва ўмовах самаізаляцыі складана ўсім, асабліва маленькім і актыўным дашкольнікам. У сваёй групе мы арганізавалі марафон для бацькоў, дзяцей і педагогаў ва ўмовах самаізаляцыі “Гуляем з тым, што выкінуць не шкада вам, а для дзяцей карысна” пад хэштэгам #сядзім_дома з карысцю.

Не сакрэт, што ў дашкольным узросце адной з найважнейшых задач з’яўляецца развіццё кагнітыўнага мыслення (гэта пазнавальны працэс, накіраваны на развіццё памяці, увагі, уяўлення, логікі, успрымання). У штодзённым жыцці дзіця сутыкаецца з разнастайнасцю форм і фарбаў — гэта любімыя цацкі, навакольныя прадметы. Бачыць яно і творы мастацтва — карціны, скульптуры, чуе музыку… Але калі гэтыя зносіны са светам адбываюцца стыхійна, без кіраўніцтва дарослых, то часцей за ўсё ўражанні аказваюцца павярхоўнымі і хутка сціраюцца з памяці. Вось тут і прыходзіць на дапамогу сенсорнае выхаванне — паслядоўнае, планамернае азнаямленне дзяцей з сенсорнай культурай чалавецтва.

Сенсорнае развіццё служыць асновай пазнання свету, першай прыступкай якога з’яўляецца пачуццёвы вопыт. Паспяхо­васць разумовага, фізічнага, эстэтычнага выхавання ў значнай ступені залежыць ад узроўню сенсорнага развіцця дзіцяці, г.зн. ад таго, наколькі дакладна дзіця чуе, бачыць, адчувае навакольны свет. Працэс пазнання маленькага чалавека адрозніваецца ад працэсу пазнання дарослага, бо дарослыя пазнаюць свет розумам, а маленькія дзеці — эмоцыямі.

Прапаную вырашаць задачы сенсорнага развіцця вашых дзяцей ва ўмовах самаізаляцыі. Заклікаю прыдумляць цікавыя, карысныя і бюджэтныя гульні разам з дзецьмі (чым больш, тым цікавей).

1. “ЧАРОЎНЫЯ КРУПЫ”

Гуляць пад наглядам дарослых!

У кожным доме знойдуцца крупы, фасоля або гарох, а таксама паднос ці форма для выпечкі (падыдзе і звычайны таз), пластмасавыя ёмістасці з-пад ёгурту або крэму рознага аб’ёму, форма для лёду, ячэйкі з-пад яек, закруткі ад дзіцячага пюрэ, каўпачкі ад старых ручак або фламастараў, накрыўкі ад маянэзу, пасты і да т.п., лыжкі рознага памеру, лейкі, сіта.

Можна пачынаць!

Высветлім: якія крупы (сухія ці мокрыя, сыпучыя ці не) — вывучаем уласцівасці прадметаў;

вызначым: колькі круп змяшчаецца ў розных ёмістасцях (шмат/мала); якую коль­касць лыжак можна насыпаць у розныя слоічкі (шмат/мала) — развіццё матэматычных уяўленняў (тут магчыма выкарыстанне лыжак рознага памеру);

даведаемся: праз якую лейку крупы “прабягаюць” хутчэй.

І нарэшце, можна хаваць розныя прадметы ў крупы і шукаць іх навобмацак, проста перасыпаючы і сціскаючы крупы ў далонях, а ў канцы сабраць усё, што рассыпалася, пры дапамозе толькі пальчыкаў (развіццё дробнай маторыкі).

2. “СМАЧНА І КАРЫСНА”

Для ўсіх аматараў салодкага пюрэ.

Для гэтай гульні спатрэбяцца: закруткі ад дзіцячага пюрэ (можна замяніць іх буйнымі гузікамі або пампонамі), ячэйкі з-пад яек, пінцэт (можна кухонны), чайная лыжка, ёмістасці з-пад ёгурту, формы для кексаў (аднаразовыя або сіліконавыя).

З дапамогай пінцэта раскладваем закруткі ў ячэйкі для яек  — трэніруем дробную маторыку рук; потым па колеры — сенсорыка; у напрамку (толькі зверху, знізу, праз адну) — прасторавае мысленне. Пінцэт можна замяніць чайнай лыжкай — зноў развіваем дробную маторыку рук. Замест ячэек для яек можна выкарыстоўваць формы для кексаў.

Выкладваем закруткі ад пюрэ (пампоны) на любую роўную паверхню ў лінію, круг — развіццё матэматычных уяўленняў; па колеры — сенсорыка. Можна пры гэтым выкарыстоўваць пінцэт.

3. “РАТАВАЛЬНІКІ”

На кухні заўсёды знойдзецца пакет з крупамі, няважна якімі (напрыклад, проса). Хуценька высыпаем крупы ў глыбокую міску ці кантэйнер і хаваем у ёй (ім) дробныя цацкі. У пачатку гульні вы можаце расказаць малому, як цудоўная каманда цацачных сяброў адправілася ў падарожжа на іншую планету. Але толькі яны прызямліліся і ступілі на яе, як трапілі ў сыпучыя пяскі, з якіх не могуць выбрацца самастойна.

Адпраўляемся разам з малым на дапамогу — адшукваем цацкі ў крупах і тым самым трэніруем дробную маторыку рук і робім масаж далоней.

Не забываем спытаць, якога колеру кожны герой. Гэта сенсорнае выхаванне. Многа ці мала мы выратавалі герояў? Палічыце іх разам з дзіцем  — вось вам і фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў.

4. “РЫБАЛОВЫ”

У гэтую гульню можна гуляць у ванным пакоі, а таксама на кухні. Бяром самы вялікі таз, наліваем у яго ваду, а затым запускаем туды рыбак (любыя цацкі і прадметы, якія не тонуць). І не бяда, калі няма сачка. Узбройваем дзіця вялікай лыжкай ці шумоўкай — і наперад. Для ваннай выдатна падыдуць дэталі ад канструктара “Лега”.

Тут вам і дробная маторыка, і каардынацыя рухаў. Спачатку вылавім прадметы чырвонага колеру, затым — зялёнага і г.д. Гэта ўжо сенсорнае выхаванне.

Калі ў вас двое дзяцей, можна арганізаваць спаборніцтва паміж імі: хто наловіць болей рыбак — развіццё элементарных матэматычных уяўленняў.

5. “ПАПЯЛУШКА”

У гэтай гульні неабходна высыпаць на паднос крупы двух відаў ці што-небудзь іншае — макарону, фасолю і г.д. Даём малому дзве талеркі — і за працу. Хвілін дзесяць цішыні вам гарантавана. Можаце і самі паў­дзельнічаць у гульні. Усе маленькія дзеці вельмі любяць дапамагаць дарослым, асабліва калі яны самі просяць іх аб дапамозе.

— Ой, і што гэта я ўтварыла, — гаворыць матуля, — не ў тую шклянку высыпала фасолю, усё пераблытала. Мне патрэбна твая дапамога.

І не забудзьце ў канцы сказаць, што без дапамогі вашага сына ці дачкі вы ні за што не справіліся б.

 Творчых вам поспехаў у сенсорным развіцці нашых дашкольнікаў! Далучайцеся да марафону!

Тамара БОРТНІК,
выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы.