Бачыць наскрозь

Прыкладна 900 афтальмолагаў працуюць зараз у нашай краіне. Лічыцца, што гэта аптымальная лічба, зыходзячы з колькасці насельніцтва. Але ж і спецыялізаваная дапамога патрабуецца ўсё большай колькасці людзей, бо паталогіі органаў зроку — адна з самых распаўсюджаных праблем са здароўем. Практычна кожны другі школьнік мае тыя ці іншыя адхіленні.

— У Беларусі, дарэчы, як і ва ўсім свеце, найбольш частымі прычынамі слепаты становяцца глаўкома, катаракта, захворванні сятчаткі, прыроджаныя паталогіі органаў зроку, траўмы, — гаворыць галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя загадчык кафедры афтальмалогіі БелМАПА Таццяна Аляксандраўна Імшанецкая. — У 2014 годзе ў стацыянарах краіны лячылася больш за 46 тысяч пацыентаў, больш чым 31 тысяча з іх падверглася лазернай хірургіі. Самая распаўсюджаная афтальмалагічная аперацыя ў краіне — хірургія катаракты, у 90% выпадкаў яна ажыццяўляецца з прымяненнем малых разрэзаў, што, канечне, вельмі важна для пацыентаў. Беларускія спецыялісты робяць і мноства іншых аперацый на вачах, напрыклад, у мінулым годзе было здзейснена 150 перасадак рагавіцы. Прычым беларуская афтальмалогія дасягнула такога ўзроўню, што замежныя ўрачы едуць да нас павышаць кваліфікацыю. Так, па словах Т.А.Імшанецкай, грант на такое навучанне нядаўна выйграў спецыяліст з Санкт-Пецярбурга.
Прафілактыку захворванняў органаў зроку, безумоўна, трэба пачынаць у дзяцінстве, перш за ўсё з абмежавання работы і гульняў дзяцей з гаджэтамі. Пра гэта ўрачы гавораць доўга і ўпарта, але, на жаль, дастукацца могуць не да ўсіх, многія бацькі дагэтуль лічаць планшэт або мабільны тэлефон найлепшым сродкам заняць дзіця.
Між тым медыкі раяць абмежаваць кантакт дашкольнікаў з тэлевізарамі, мабільнымі тэлефонамі і г.д. 15-цю хвілінамі ў дзень. І дасягнуць гэтага рэальна: дзіцяці проста не трэба даваць у рукі ніякія гаджэты, школьніка неабходна матываваць. Дапаможа, упэўнены медыкі, добрая аргументаваная гаворка. Памятайце: звычайная блізарукасць можа так паўплываць на сятчатку, што чалавек страціць зрок.
Абсалютна недапушчальнае і чытанне з экранаў электронных кніг, планшэтаў, тэлефонаў у транспарце, калі цела знаходзіцца ва няўстойлівым становішчы. Яшчэ адзін сродак зменшыць кантакт і дзяцей, і дарослых з электроннымі сродкамі — карыстанне аўдыякнігамі.
— Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце налічваецца каля 1,5 мільёна сляпых дзяцей, — заўважае галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя прафесар кафедры афтальмалогіі БелМАПА Вікторыя Леанідаўна Красільнікава. — Прычым, па меркаванні экспертаў арганізацыі, у 40% выпадкаў дзіцячую слепату можна папярэдзіць.
Як расказала спецыяліст, у апошнія гады, дзякуючы сучасным тэхналогіям і методыкам, у Беларусі ўдалося скараціць колькасць сляпых дзяцей і дзяцей, якія слаба бачаць. Сярод асноўных прычын слепаты, інваліднасці ў дзіцячым узросце можна назваць прыроджаныя паталогіі, калі гаворка ідзе пра барацьбу за захаванне астаткавых зрокавых функцый, а таксама рэцінапатыю неданошаных, траўмы, захворванні сятчаткі.
— Перспектывы развіцця дзіцячай афтальмалогіі ў Беларусі заснаваны на тым, каб як мага больш укараняць у яе напрацоўкі афтальмалогіі дарослай, ствараць цесную сувязь паміж гэтымі звёнамі, — дадае В.Л.Красільнікава.

Марына ХІДДЖАЗ.