Вясновыя ключыкі

Прымула — вясновая кветка. За непаўторную, пяшчотную прыгажосць гэтую расліну выбіраюць многія садаводы. Налічваецца больш за чатырыста гатункаў гэтай кветкі. Практычна ў кожнай краіне паходжанне назвы гэтай расліны авеяна легендамі і міфамі. Акрамя таго, прымула лічыцца лекавай раслінай. Цікава, што  хвалістыя апушаныя лісточкі прымулы называюць “баранчыкамі”, а  суквецці — “ключыкамі”, бо тыя нагадваюць некалькі маленькіх ключыкаў.

За ранняе цвіценне прымулы называюць вясновымі першацветамі. Прымула — гэта карэнішчавая травяністая невысокая шматгадовая расліна. Кветкі бываюць разнастайнай афарбоўкі, сустракаюцца двух- і нават трохколерныя. Пасля цвіцення ўтвараецца плод-каробачка з дробным цёмна-карычневым насеннем.

 Існуе шмат цікавых легенд аб прымулах. Самая распаўсюджаная расказвае пра тое, як апостал Пётр ахоўваў браму ў рай і згубіў ключы, а на тым месцы, дзе яны ўпалі на зямлю, выраслі жоўтыя кветкі, якія нагадваюць маленькія ключыкі.

Шматлікія гатункі прымулы маюць не толькі вялікую разнастайнасць афарбовак — яны могуць быць розныя і па форме кветак, лісця.

Догляд

Прымулы непатрабавальныя ў доглядзе. Для пасадкі раслін выбіраю абароненыя ад прамога сонечнага святла ўчасткі, з лёгкай па тэкстуры, увільготненай глебай. Пры падрыхтоўцы ўчастка падчас перакопкі ўношу комплексныя ўгнаенні. У залежнасці ад структуры глебы можна правесці дадатковыя дзеянні: на лёгкіх пясчаных глебах унесці торф і ліставую зямлю, на цяжкіх — пясок. Догляд прымул прадугледжвае рэгулярны паліў, рыхленне глебы, ахову ад хвароб і шкоднікаў, унясенне комплексных угнаенняў, выдаленне пустазелля.  

Размнажэнне

Размнажаюць прымулы як насеннем, так  і дзяленнем куста. Насенне высейваю ў год збору. Працэс вырошчвання кветкі з насення няпросты, карпатлівы. Пры гэтым трэба ўлічваць, што многія гатункі прымул маюць патрэбу ў халоднай стратыфікацыі: апрацоўцы, што імітуе такія ўмовы жыцця насення, якія адпавядаюць натуральным перападам тэмператур. Існуе метад апрацоўкі насення холадам. Для гэтага падрыхтуйце кантэйнер з сухім земляным субстратам для пасадкі насення. Выкарыстоўваю такі склад глебы: дзярновая зямля, торф, пясок. Затым сею насенне па сухой паверхні глебы. Насенне можна крыху заглыбіць, а зверху пасы­паць зямлёй. Шчыльнасць пасеваў не павінна перавышаць 4—6 зярнят на 1 кв.см. Для сеяння выкарыстоўваю пінцэт. Пасля  апырскваю зямлю, кантэйнер накрываю шклом і стаўлю ў халадзільнік з тэмпературай +5—+10°С  на 6—9 дзён. Трэба ведаць, што прымулам, якія прайшлі стратыфікацыю, неабходна забяспечыць аднолькавую тэмпературу для росту — ад +12 да +18оС. Затым кантэйнеры з расадай стаўлю ўдалечыні ад прамых сонечных прамянёў. Цалкам прыбраць шкло з расады можна будзе праз 1—2 тыдні. Да гэтага моманту расткі ўжо памацнеюць. Паліваць расліны лепш апырскваннем з дробнадысперснага пульверызатара.

Калі ў расліны ўтвараюцца першыя сапраўдныя лісточкі, трэба правесці пікіроўку. Маладыя расткі перасаджваю, па магчымасці не чапаючы карані, у невялікія шкляначкі. Догляд раслін уключае акуратны паліў.

Развіццё расліны адбываецца вельмі інтэнсіўна. Высадж­ванне ў адкрыты грунт ажыццяўляю тады, калі паветра пра­грэецца да тэмпературы больш за +10°С і знікае рызыка нач­ных замаразкаў. Пры перасадцы расткоў на пастаяннае месца будзьце акуратныя з каранёвай сістэмай. Адле­гласць паміж раслінамі пры пасадцы залежыць ад памеру куста — 25—30 см для буйных гатункаў і 15—20 см для дробных. Пасля пасадкі робяць паліў. З моманту актыўнага росту ўношу комплексныя ўгнаенні. Пасадкі прымулы пажадана мульчыраваць пластом сухога лісця вышынёй каля 5—7 см. Узімку такі пласт абароніць расліны ад вымярзання.

Перасадка шматгадовых прымул

Калі прымулы доўга растуць на адным месцы без перасадкі, у іх памяншаецца цвіценне, а карэнішча, якое знахо­дзіцца блізка да паверхні глебы, агаляецца. Таму штогод увосень, пачынаючы з другога года, да раслін трэба падсыпаць дадаткова зямлю або мульчыраваць лістотай, каб прыкрыць карэнне. Дзяленне прымулы і перасадка мае свае перавагі: дазваляе атрымаць новы пасадачны матэрыял і амаладзіць расліну. Таму прыкладна праз 3—5 гадоў развіцця, калі прымулы настолькі разрастаюцца, што можна іх размна­жаць, раблю гэта дзяленнем кустоў. Пасля цвіцення і паспявання насення ў расліны надыходзіць перыяд летняга спакою. Гэтая асаблівасць развіцця абумоўлівае аптымальны тэрмін падзелу раслін: канец жніўня — пачатак верасня або ранняя вясна. Перш чым выкапаць прымулу, яе паліваюць. Затым расліну дзеляць на часткі невялікага памеру. Галоўнае, каб заставалася хаця б адна пупышка аднаўлення. Падзеленыя кусцікі трэба як мага хутчэй высадзіць у грунт і паліць. Затым па меры неабходнасці праводзім рыхленне глебы для паля­пшэння аэрацыі, выдаляем пустазелле.

Выкарыстанне  ў садовым дызайне

Прымулы — адны з першых вясновых кветак, якія распускаюцца на нашым гімназічным участку. Са свайго шматгадовага вопыту адзначу, што гэтыя расліны прыгожа глядзяцца на бардзюрах, рабатках, на камяністых горках і нават пад полагам ліставых дрэў, дзе яны выдатна сябе адчуваюць.  З мноства гатункаў прымул часцей выкарыстоўваю для пасадкі кандэлябравыя, дробназубчастыя, кароткасцябловыя прымулы жоўтага, белага, бэзавага, чырвонага колераў.

Прымулы прыгожа глядзяцца з цюльпанамі і нарцысамі. Таксама ўдала спалучаюцца з расходнікам з’едлівым, бела­кветнікам вясновым і іншымі відамі раслін.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота аўтара.