Ciao, Bicicletta!

Ці не кожны з нас з дзяцінства памятае тое, як ён упершыню навучыўся нейкаму чалавечаму ўменню. Хтосьці асабліва выразна памятае, як навучыўся плаваць, хтосьці — чытаць, яшчэ хтосьці — пячы бліны… А мне з ранніх гадоў назаўсёды запомнілася, як я, наездзіўшыся на трохколавым веліку, навучыўся ездзіць на “дарослым”, двухколавым.

Мне 6 гадоў. Са мной побач старэйшы брат Максім. Яму 11. У яго “піянерскае” заданне, атрыманае ад бацькоў, — навучыць малодшага брата ездзіць на веласіпедзе. І ён вучыць. Бегае за мной, падтрымліваючы веласіпед за руль ці сядло, падхоплівае мяне, калі я куляюся на правы ці левы бок. А часам і не паспявае падхапіць. Мне балюча ад драпін, а яму балюча ад сваёй нежыццяздольнасці трэнера. І тады я кажу яму: “Разгані і адпусці! Не шкадуй мяне, калі ласка!” Ён разагнаў, адпусціў… І я, яшчэ хістаючыся ў розныя бакі і ледзьве кантралюючы руль, усё ж паехаў. Сам паехаў. Упершыню ў жыцці. Так гэтае “Разгані і адпусці!” назаўсёды ўрэзалася ў маю памяць у сувязі з веласіпедам.Чалавек, маю на ўвазе homo sapiens, таксама некалі вучыўся. Таксама куляўся на бок улева ці ўправа, таксама падаў, таксама плакаў, таксама кульгаў, пакуль не сеў на такі неверагодны агрэгат, які сам і назваў — веласіпед. Было гэта ў пачатку ХІХ стагоддзя, хоць быццам бы яшчэ Леанарда да Вінчы намаляваў двухколавы веласіпед з ланцуговай перадачай (многія даследчыкі лічаць гэты малюнак падробкай).
Дзіўнае ўсё-такі гэтае стварэнне — веласіпед! Чаго вартыя толькі адны яго назвы на розных мовах! Ну, байк (bike) і ровар (rower) — адпаведна з англійскай і польскай — ва ўсіх на слыху. Але вось якія яшчэ салодкія варыянты: հեծանիվ (па-армянску), kerékpár (па-венгерску), אופנוע (на іўрыце), divritenis (па-латышску), dviratis (па-літоўску), rijwiel (па-галандску), bisiklet (па-турэцку), polkupyörä (па-фінску), kolo (па-чэшску), cykel (па-шведску), jalgratas (па-эстонску).А, мабыць, найбольш прыгожа веласіпед назвалі яго бацькі, італьянцы: bicicletta. Вось гэтая бічыклета і завітала надоечы ў Мінск, у Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, дзе адкрылася выстава “Усё жыццё ў адным веласіпедзе”.
Ciao, bicicletta ! Прывітанне, веласіпед!
Прыватны калекцыянер з італьянскага горада Рыміні Маўрыцыа Урбінаці, здаецца, зрабіў немагчымае — сабраў усе магчымыя рамесніцкія велікі ХІХ і ХХ стагоддзяў з усёй Еўропы, найперш, натуральна, з Італіі. Цікавая ўжо сама гісторыя нараджэння яго ўнікальнай калекцыі, якая да Мінска аб’ездзіла многія еўрапейскія краіны, выстаўлялася на глабальнай выставе EXPO ў Мілане. Маўрыцыа вырас у беднай сялянскай сям’і, пасталеўшы, пачаў працаваць пекарам. так і займаўся ён гэтай немудрагелістай пекарскай справай доўгія гады, а можа, нават якраз і вельмі мудрагелістай, бо хлеб — усяму галава. Калекцыянерам жа ён стаў раптоўна. Аднойчы на блышыным рынку ён убачыў стары веласіпед шаўца. Маўрыцыа ўмомант спыніўся, зачаравана глядзеў на гэты дзіўны грувасткі апарат і пачаў тут жа выразна згадваць карцінкі з дзяцінства: як у канцы 40-х — пачатку 50-х на такім жа веласіпедзе калясіў па вузкіх вулачках Рыміні шавец і ўсё ў яго было пад рукой — набойкі, малаток, падэшвы, кавалкі скуры, нават маленькі зэдлік… А потым ён успомніў, што на не менш дзівакаватых веласіпедах ездзілі ў той час па горадзе цырульнікі, святары, малочнікі, фатографы, сантэхнікі, пчаляры, клоўны, лялечнікі, прадаўцы рыбы, мяснікі, камінары, нават пажарныя і дактары! Амаль не было тады яшчэ аўтамабіляў, а людзей трэба было карміць, стрыгчы, лячыць, прычашчаць, адпяваць, забаўляць… Вось і быў самым надзейным памочнікам чалавека ва ўсіх гэтых справах веласіпед, які дазволіў зрабіць працу рамесніка і работніка сацыяльных службаў больш даступнай і мабільнай. Тады на тым блышыным рынку Маўрыцыа Урбінаці, не задумваючыся, купіў веласіпед шаўца, які стаў першым у яго калекцыі веласіпедаў-рабацяг. І з таго часу Маўрыцыа проста апанавала страсць збірання гэтых унікальных экспанатаў. Сёння яго калекцыя налічвае 70 рамесніцкіх веласіпедаў. Нягледзячы на іх паважаны ўзрост (самаму “маладому” — больш за 60 гадоў), усе яны не падвяргаліся рэстаўрацыі і мадыфікацыі, усе аснашчаны аўтэнтычнымі прыладамі і прыстасаваннямі. Педалі ва ўсіх круцяцца, шыны надзьмуты, клаксаны гудзяць. Хоць зараз сеў ды паехаў!
Які ні вазьмі з выстаўленых сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі веласіпедаў, кожны па-свойму ўнікальны.Вось, скажам, веласіпед малочніка. Проста неверагодна! Гэтая машына малочніку дазваляла не толькі развозіць ды прадаваць малочныя прадукты, але ад пачатку да канца весці ўвесь вытворчы працэс: забіраць малако ў кароўніку, круціць маслабойку, гатаваць тварог, сыр. Вобраз вясёлага малочніка на веласіпедзе стаў у Італіі фальклорным.
Вось веласіпед каваля. Не веласіпед, а цэлая кузня з кавадлам, малаткамі, шчыпцамі, вуглём для распальвання мяхоў! Каваль на веласіпедзе мог не толькі падкаваць каня, але і залудзіць каструлю, чайнік ці хатні грыль. Адным словам, быў майстрам на ўсе рукі, без якога немагчыма было абысціся ні ў адным доме.
Вось веласіпед доктара. Зноў жа не веласіпед, а цэлая бальніца з разнастайнымі інструментамі і лекамі. Асабліва важным у гэтай “хуткай дапамозе” быў спецыяльны кантэйнер, у якім падтрымлівалася нізкая тэмпература для захавання пеніцыліну — адзінага антыбіётыка для лячэння ўсіх інфекцыйных захворванняў. Вось веласіпед пажарнага брытанскай вытворчасці. Прыстасаваная да руля сірэна гучна апавяшчала ўсіх вакол, што некуды тушыць пажар спяшаецца ратавальнік і што яму трэба ўступіць дарогу.
Вось веласіпед цырульніка, які добра ведаў хітрасці сваёй прафесіі, а таксама тое, што кліенты бываюць вельмі розныя, у тым ліку капрызныя дамы і непаслухмяныя дзеці. Чаго толькі няма ў гэтай “цырульні на колах”! Брытвы, люстэркі, ручнікі, розныя ласьёны, шампуні, нават тазік для мыцця валасоў!
Вось веласіпед святара. Цікава, што, хоць святарамі былі мужчыны, веласіпед быў жаночы, без рамы. Святары перамяшчаліся на жаночых веласіпедах, каб не перашкаджала доўгая сутана. Абавязковым у святара-веласіпедыста быў мініалтар са святымі абразамі, часцінкамі мошчаў, алеямі.
Вось веласіпед камінара, аснашчаны дзіцячым сядзеннем. Яны ездзілі ўдвух — майстар-камінар і хлопчык-памочнік. Менавіта апошні часта рабіў самую брудную работу — сваім целам вычышчаў дымаход, вынырваючы потым адтуль з характэрным “загарам”.
Вось веласіпед прадаўца смажаных каштанаў. У свой час гэта лічылася неверагодным задавальненнем для італьянцаў — паспытаць толькі што сабраныя ў лесе і пры табе насмажаныя салодкія каштаны. Такі веласіпед быў адначасова вітрынай і жароўняй.
Вось веласіпед-тэатр — жывая афіша і культурная падзея! Між іншым ён вельмі нагадвае нашу батлейку. Лялькавод саскокваў з такога веласіпеда, хаваўся за шторкай і, водзячы лялькі, рознымі галасамі іх агучваў.
Вось веласіпед клоўна. Гэта адзіны экзэмпляр у свеце, створаны рукамі самога клоўна з Сан-Бенедэта-дэль-Тронта. А фішка яго ў тым, што абады колаў аблеплены вясёлымі кедамі. Калі клоўн едзе, узнікае неверагодны эфект — быццам сотні бліскучых кедаў самі круцяць колы.
І такіх “вось” можна ўбачыць на выставе “Усё жыццё ў адным веласіпедзе” яшчэ не адзін дзясятак.
Сёння Італія — развітая індустрыяльная дзяржава з такімі вядомымі на ўвесь свет брэндамі, як, напрыклад, “Івека” ці “Ферары” ў аўтамабільнай вытворчасці, “Прада” ці “Версачэ” ў індустрыі моды, “Чынзана” ці “Марціні” ў вытворчасці вермутаў… А пачыналася ўсё з веласіпеда, дакладней, маленькага чалавечка, рабацягі-рамесніка, для якога веласіпед быў усім — памочнікам, карміцелем, заводзікам. Усё чалавечае жыццё круцілася, пакуль круціліся колы. І італьянцы памятаюць пра гэта.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.