Дзяцінства на праспекце

Не так даўно культурны ландшафт сталіцы папоўніўся адным цікавым аб’ектам. Недалёка ад цырка, у доме па праспекце Незалежнасці, адкрыўся Музей дзяцінства. Тут сабрана каля 450 цацак, найперш — лялек, розных народаў і эпох. Дэвіз музея: “Гуляць, спазнаваць, ствараць!” 

Мяне, шчыра кажучы, вельмі радуе, што апошнім часам у Мінску раз-пораз з’яўляюцца новыя незвычайныя музеі: Музей карэт, Музей піва, Музей рэтрабензакалонак, Музей ката… Гэта робіць нашу сталіцу больш утульнай, больш хатняй, больш гаваркой. А яшчэ — раднейшай, дабрэйшай, здольнай зразумець твае слабасці, так бы мовіць, пайсці табе на ўступкі, а не прыдушыць чарговы раз сваім бетонна-шкляным гмахам.
Такія музеі звычайна ствараюцца з ініцыятывы канкрэтных апантаных людзей, а не міністэрстваў і арганізацый. І Музей дзяцінства — не выключэнне. Яго заснавальніца — у мінулым дзіцячы псіхолаг — Галіна Сыракваш расказвае, што ідэю стварэння такога музея выношвала каля сямі гадоў, а апошнія чатыры гады мэтанакіравана збірала экспанаты, вандруючы па еўрапейскіх блышыных рынках, выкупляючы каштоўныя “прадметы дзяцінства” ў айчынных калекцыянераў, набываючы іх праз інтэрнэт-аўкцыёны.
“У нас, канечне, назва такая гучная — Музей дзяцінства, — гаворыць Галіна, — але я думаю, што гэта хутчэй творчая пляцоўка для дзяцей розных узростаў. Мы разлічваем на тое, што тут, у нашым музеі, яны зацікавяцца гісторыяй і культурай розных народаў свету, геаграфіяй (я ўвогуле не разумею, як можна не любіць геаграфію!), а ўжо затым, па меры сталення, будуць асвойваць сур’ёзныя музейныя прасторы. Справа ў тым, што для дзяцей вельмі важныя матывацыя, зацікаўленасць, якраз тое, што інтэнсіўна страчваецца пачынаючы ўжо з першых класаў школы. Тым больш у сучасным свеце, дзе, фактычна, усё замяняе інтэрнэт і людзі, дарэчы, як дзеці, так і дарослыя, перастаюць цаніць вопыт непасрэдных зносін з культурай, прадметамі мастацтва. Лічаць, што праз віртуальныя экскурсіі яны ўжо ўсюды пабывалі, усё пабачылі. І нават зусім не напружваюцца, каб зрабіць хоць бы спробу акунуцца ў свет цудоўнага, адчуць яго атмасферу. А я нават па сваім яшчэ небагатым музейным вопыце магу меркаваць: многія дзеці, убачыўшы тут нават рэплікі тых ці іншых артэфактаў, зробленыя нашымі майстрамі з педагагічнага ўніверсітэта, пачынаюць задаваць пытанні па раскопках, археалогіі, гісторыі… Ім усё гэта на самай справе становіцца цікава! А яшчэ калі яны недзе чулі пра гэта раней, асабліва калі бачылі ў камп’ютарных гульнях, у іх удвая павышаецца цікавасць. Яны пачынаюць разумець, што ўвесь гэты віртуальны камп’ютарны свет пабудаваны на прататыпах, што ўсё гэта не фэнтэзі, а ад пачатку рэальнае жыццё, якое да таго ж яшчэ і вельмі таямнічае, а ім ніхто не адкрыў, для чаго, чаму і навошта…”
Мы размаўляем з Галінай Сыракваш у музейнай майстэрні — адным са шматлікіх пакояў двух’яруснай кватэры, якая раней належала Герою Савецкага Саюза колішняму старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васілю Іванавічу Казлову, а цяпер ператварылася ў Музей дзяцінства. На вялікім доўгім стале заўважаю шматлікія загатоўкі для вырабу дзецьмі розных лялек — пераважна славянскіх, але і японскіх, кітайскіх, афрыканскіх, а таксама персанажаў з камедый дэль артэ, герояў славянскіх казак, вядомых гістарычных постацей…
“Спачатку мы расказваем гісторыю той ці іншай лялькі, — тлумачыць мая суразмоўніца, — прычым часцей за ўсё ў параўнальным кантэксце. Напрыклад, калі робім японскую “дажджавую” ляльку тэру-тэру-бозу, якую японскія сяляне вывешвалі на вокны і верылі, што яна спыніць дождж, мы расказваем паралельна і пра славянскіх аналагічных лялек. І ў дзяцей, сапраўды, загараюцца вочы! Я не ведаю, можа быць, гэта нам так шанцуе, але да нас прыходзяць дзеці і бацькі, якія вельмі чула рэагуюць на тую інфармацыю, якую мы ім даём. Яны фатаграфуюць лялек, пытаюцца пра сайты, дзе можна знайсці інструкцыі па іх вырабе… Цікавасць ёсць! Дзеці рэальна хочуць зрабіць нешта сваімі рукамі! І мы пастаянна абнаўляем нашу майстэрню. Асабліва прыемна бачыць, калі дзеці працуюць разам з бацькамі, і сумна, калі дзіця нешта хоча, а мама яго тузае: “Хадзем хутчэй, хутчэй!”
Нам, сапраўды, вельмі важна скіраваць бацькоў да разумення таго, як гэта цікава і карысна займацца нечым разам з дзецьмі… А я хачу сказаць, што зараз расце вельмі творчае пакаленне — ім усё хочацца даведацца, да ўсяго хочацца дакрануцца. І вельмі крыўдна, калі ўсё гэта заглушаецца недзе да 5 ці 6 класа”.
Я прашу Галіну правесці для мяне невялікую экскурсію па музеі. Перш-наперш заходзім у так званы казачны пакой. Тут прадстаўлены лялечныя героі самых розных казак і твораў у стылі фэнтэзі. Пасярэдзіне Гары Потэр гэтакіх немаленькіх памераў, які схіліўся над сваёй чароўнай шахматнай дошкай. Як высвятляецца, гэтую ляльку Гары Потэра бацькі адной дзяўчынкі купілі для яе ў Лондане, але тая зусім не ўразілася і спакойна рассталася з гэтай шыкоўнай цацкай. Тут жа бачым герояў вядомых дзіцячых кніжак: Папялушку, Шчаўкунчыка і многіх іншых. Да міжпакаёвых дзвярэй прытулілася фрэкен Бок, выкананая ў поўны рост. Уражвае!
Пераходзім у залу старадаўніх лялек. Тут прадстаўлены як арыгіналы (англійскія і французскія лялькі другой паловы ХІХ стагоддзя, нямецкія лялькі пачатку ХХ стагоддзя і інш.), так і рэплікі, выкананыя ўжо сучаснымі майстрамі. Штосьці можна браць рукамі, а штосьці, як, напрыклад, англійская васковая лялька Бебе 1860 года, прадбачліва знаходзіцца на паліцы ў шафе за шклом. Дарэчы, у сувязі з калекцыяй англійскіх лялек Галіна Сыракваш расказвае гісторыю пра тое, як аднойчы ў Лондане яна пазнаёмілася з мужчынам, які прадаваў на блышыным рынку рарытэтную ляльку. Як высветлілася, тая лялька належала яго маці, заўзятай калекцыянерцы старадаўніх лялек, адзення і ўсялякіх іншых прадметаў з “лавки древностей”. Даведаўшыся пра тое, што Галіна збірае экспанаты для Музея дзяцінства, той мужчына прапанаваў ёй пазнаёміцца з яго маці. І Галіна праз нейкі час зноў паехала ў Лондан ды набыла ў англійскай калекцыянеркі ладную частку яе калекцыі лялек. “Пасля наведвання той англійскай сям’і засталіся незабыўныя ўражанні, — прыгадвае Галіна Сыракваш. — Англічане ўвогуле дзіўныя людзі, а гэтыя… Я нават не ведаю, як яны жывуць! У іх уся кватэра — як “лавка древностей”! Тут лялькі, тут салдацікі, тут карціны, тут яшчэ нешта… Цэлы пакой адведзены пад уборы віктарыянскай эпохі! А мне тады проста пашанцавала. Дарэчы, заўважце, мы не імкнуліся збіраць экспанаты па прынцыпе “чым танней, тым лепш”. Мы ўсё-такі хацелі сабраць лялькі і цацкі ад старажытнасці да сучаснасці, падняць невядомы пласт у гэтым сэнсе”.
Наступная зала ўмоўна называецца савецкай — не па геаграфіі, а па часе вырабу. Адна наведвальніца, заўважае Галіна, неяк прынесла ў музей цэлую калекцыю лялек, сярод іх вельмі каштоўныя гэдээраўскія і літаральна савецкія, вырабленыя на знакамітай Іванаўскай фабрыцы. “А ўвогуле, я хачу сказаць, што, як ні дзіўна, менавіта ў гэтай зале дзеці пачынаюць усміхацца, фатаграфавацца, актыўна браць лялек у рукі, — гаворыць мая субяседніца. — Гэта таму, што нашы савецкія лялькі былі ўсё-такі вельмі пазітыўнымі, цёплымі, добрымі. А гэта вельмі адчуваюць дзеці…”
Нарэшце мы трапляем у самую цікавую (асабліва для “пасталелых дзяцей”), так званую этнічную залу, дзе сабраны лялькі розных эпох і кантынентаў. Тут прадстаўлены старажытныя Рым, Грэцыя, Егіпет, індзейская культура (пераважна племені хопі), абарыгенная аўтэнтыка Аўстраліі, старадаўняя і сучасная культура Індыі, тэракотавыя кітайскія воіны, лялькі ініцыяцыі афрыканскага народа ндэбеле… Асабліва багаты японскі раздзел: японскія гліняныя лялькі догу, самыя разнастайныя лялькі, па якіх японскія дзяўчынкі вывучаюць іерархію свайго грамадства. Уражвае і калекцыя славянскіх лялек, асабліва балгарскія лялькі без вачэй, вырабленыя з кукурузы. Калі вы прыйдзеце ў Музей дзяцінства, то ці сама Галіна Сыракваш, ці яе памочнікі-экскурсаводы, валанцёры з ліку студэнтаў і школьнікаў, раскажуць вам пра тое, што духі некалі зрабілі тры лялькі для балгарскіх дзетак. Тая, што была з кукурузы, не магла адвесці ад самой сябе вачэй і зусім забылася пра дзетак. І тады ў якасці пакарання духі пазбавілі яе вачэй…
На развітанне прашу Галіну Сыракваш расказаць якую-небудзь адметную гісторыю з жыцця музея. І яна прыгадвае, як аднойчы ў Музей дзяцінства прыйшлі тата з сынам — такія ўсе строгія, самаўпэўненыя. Для іх было вельмі цяжка праводзіць экскурсію, бацька раз-пораз рабіў выгляд, што ён і так пра ўсё ведае, а малы нават заявіў: “Не веру я ва ўсе гэтыя цуды! Бабуля правільна кажа, што я атэіст!” Але Галіна ўсё-такі правяла для іх экскурсію, пасля чаго прапанавала малому зрабіць ляльку. Бацька толькі хмыкнуў, некуды адышоў, а яны пачалі рабіць… “І вы ведаеце, самым вялікім для мяне “дзякуй” ад хлопчыка было тое, што ён мне ўрэшце сказаў: “А ўсё-такі я не атэіст. Усё-такі лялька — цуд!” Разумееце, вось гэты момант чараўніцтва, які павінен прысутнічаць у дзяцінстве, надзвычай важны. Бо вельмі сумна, калі зусім маленькія дзеці пяці-шасці гадоў пачынаюць даказваць, што яны дарослыя, што ім не трэба лялька, а трэба айфон… Казка наогул не павінна заканчвацца ніколі”.
Такое вось дзяцінства… Дзяцінства на праспекце. І ў літаральным сэнсе — на сталічным праспекце Незалежнасці, і ў пераносным — на праспекце нашай памяці, нашай культуры, нашага ўспрымання навакольнай рэчаіснасці.
Наша жыццё на самай справе ўсё больш нагадвае праспект — хуткаплынны, бесперапынны ў сваім руху, заточаны і прамы, як страла…
Ды раптам на праспекце ўзнікае дзяцінства.
Трэба ўбачыць. Прыпыніцца. Не задушыць.

DSCN0262.jpg(Сайт) DSCN0220.jpg(Сайт)

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.