Да сёмага поту

Чалавек пацее зімой і летам. Гэта, як гаворыцца, медыцынскі факт, і нікуды ад яго не дзенешся. Гэта натуральна і нармальна. Дзякуючы поту з арганізма выводзяцца таксіны, непатрэбныя солі, гармоны, падтрымліваецца тэрмарэгуляцыя арганізма. Потавых залоз на нашым целе не менш за тры мільёны. Самае вялікая іх колькасць размешчана ў вобласці падпах, далоняў і ступняў.

Уся справа ў нашым стаўленні да поту. Калі ўявіць сабе разгарачаных на балі дам эпохі Наташы Растовай, то пах у танцавальнай зале стаяў, па меншай меры, як у раздзявальні для спартсменаў. Аднак гэтых высакародных дам пастаянна суправаджаў смуродны пах конскага поту і гною, які стаяў на вуліцах і ў дварах, таму свецкія прыгажуні не былі надта педантычныя ў адносінах да паху ўласнага поту. А ўжо пра ранейшыя часы і гаварыць не варта.
Пах поту стаў раздражняць людзей толькі ў ХІХ стагоддзі, калі мыла стала па кішэні нават беднякам, з’явіліся грамадскія лазні і прыбіральні, пральні, а затым і гарачая вада ў кватэрах. Спачатку толькі мужчыны, а значна пазней і жанчыны сталі насіць ніжнюю бялізну, ды і хатнія ложкі абзавяліся прасцінамі, падкоўдранікамі і навалачкамі, чаго раней еўрапейцы не ведалі. І толькі ў ХХ стагоддзі былі створаны спецыяльныя рэчывы, якія не толькі надаюць целу прыемны водар, але і змагаюцца з самой праблемай потавыдзялення.
Хоць, строга кажучы, уласна пот, які выдзяляецца арганізмам, перад намі ні ў чым не вінаваты, паколькі валодае слабым, індывідуальным пахам і непрыемным ніяк быць не можа. Наадварот, у ім знаходзяцца ферамоны — лятучыя рэчывы, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць прадстаўнікоў супрацьлеглага полу, таму натуральны водар чыстага цела з’яўляецца, па сутнасці, “нагаворным зеллем”. Сам пот не мае паху і складаецца на 95—98 працэнтаў з вады. Праблемы пачынаюцца тады, калі наш пот пачынаюць “перапрацоўваць” бактэрыі, для якіх ён з’яўляецца пажыўным асяроддзем. Менавіта прадукты іх жыццядзейнасці і даюць той непрыемны пах, які дастаўляе нам столькі клопатаў.
Для барацьбы з пахам поту ў наш час задзейнічаны значны сегмент парфумернай прамысловасці. Сродкі супраць поту дзеляцца на дэзадаранты, якія не змяншаюць колькасць выдзеленага арганізмам поту, а знішчаюць яго пах за кошт таго, што ўтрымліваюць рэчывы, якія згубна дзейнічаюць на бактэрыі, і антыперспіранты, якія перашкаджаюць выдзяленню поту, закупорваючы потавыя залозы.
Дэзадаранты ўтрымліваюць антыбактэрыяльныя рэчывы і інгібітары ўтварэння ферментаў, якія адказваюць за ўзнікненне паху. Часта ў склад дэзадарантаў уваходзяць парфумерныя аддушкі, якія перабіваюць натуральны пах.
Антыперспіранты звужаюць поры скуры, тым самым значна памяншаючы выдзяленне поту, але не перашкаджаюць яго ўтварэнню. Дзеянне антыперспірантаў адбываецца за кошт цынку або арганічных злучэнняў хларыду алюмінію. Яны больш эфектыўныя, чым дэзадаранты, але ці бяспечна заглушаць адну з найважнейшых функцый скуры? Блакіруючы дзейнасць потавых залоз, антыперспіранты парушаюць натуральную тэрмарэгуляцыю і вывядзенне шкодных рэчываў з арганізма. Акрамя таго, солі алюмінію, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асноўнага дзеючага кампанента такіх прэпаратаў, часта выклікаюць алергічныя рэакцыі. Маюцца таксама паведамленні, што гэтыя злучэнні алюмінію, пранікаючы ў кроў праз скуру, здольны негатыўна ўплываць на абмен рэчываў у арганізме. Таму рэгулярнае выкарыстанне антыперспірантаў паказана далёка не кожнаму чалавеку. Гэтыя сродкі прызначаны ў першую чаргу для асоб, якія пакутуюць на так званы брамідроз — стан, які характарызуецца багатым выдзяленнем поту з непрыемным пахам. Людзям, якія не абцяжараны гэтай паталогіяй, для штодзённай гігіены больш падыходзяць дэзадаранты.
Любы дэзадаруючы сродак варта наносіць толькі на чыстую сухую скуру. Нанесены на бруднае цела, ён здольны толькі на выкананне функцыі сярэднявяковых духмяных рэчываў — “забіць” непрыемны пах, ды і то ненадоўга. Выкарыстоўваючы той ці іншы дэзадарант, варта мець на ўвазе, што ўжываць яго трэба строга па прызначэнні — дэзадарант для цела неэфектыўны для ног, а сродак для асвяжэння ног можа выклікаць раздражненне на пяшчотнай скуры цела.
Калі вы карыстаецеся адначасова і дэзадарантам, і духамі, водар іх павінен супадаць. Тое ж адносіцца да выкарыстання крэмаў і ласьёнаў для цела.
Штодзённае выкарыстанне антыперспірантаў непажадана. Для барацьбы з патлівасцю неабходна добра выконваць асабістую гігіену, падпахі павінны быць абавязкова паголеныя, галіць іх трэба як мага часцей, не дапускаць нават невялікай колькасці валасоў. Выкарыстоўваць разнастайныя сродкі, якія абараняюць падпахі ад поту.
Лепш за ўсё часцей прымаць душ і праціраць вобласць падпах сурвэткамі з дэзадаруючым або антысептычным эфектам па магчымасці кожныя 2—3 гадзіны.
Калі ў вас сухая адчувальная скура, то лепш за ўсё выкарыстоўваць сродкі, у склад якіх уваходзяць змякчальныя кампаненты — алей і гліцэрына. Вельмі сушаць скуру спірт і воцат.
Супраць паху поту ў хатніх умовах выдатна дапамагае марская соль. Прымайце 2 разы на тыдзень ванну з марской соллю, у ваду можна дабавіць некалькі эфірных кропель ванілі, апельсіна ці мяты — і вы адразу заўважыце, што патлівасць паменшылася. Супраць выдзяленняў поту дапаможа кара дуба ці настойка рамонка — 1 сталовую лыжку рамонка ці кары дуба заліць 1 шклянкай кіпеню, даць настояцца на працягу гадзіны і праціраць ім праблемныя зоны.
Выбірайце падыходзячыя водары, напрыклад, лаванды, ружы, пачулі, ядлоўцу, чайнага дрэва, у залежнасці ад свайго густу і паказанняў па стане здароўя.
Самае галоўнае ў справе барацьбы з потам — асабістая гігіена. Мыйце падпахавыя ўпадзіны, ногі і іншыя месцы, для якіх характэрна моцнае потавыдзяленне, два разы на дзень — раніцай і ўвечары, пажадана з мылам. Яшчэ лепш, калі ёсць магчымасць, штодня прымайце душ. Старайцеся насіць адзенне з натуральных матэрыялаў, даволі свабоднае, асабліва ў раёне падпах. Спрабаваць пазбавіцца ад паху поту, не выконваючы правілаў гігіены, бессэнсоўна, бо менавіта ў момант кантакту са скурай, калі пачынае адбывацца ўзаемадзеянне з бактэрыямі, з’яўляецца гэты непрыемны пах. Акрамя таго, абмяжуйце сябе ў тлустай і салодкай ежы. Ешце больш здаровых прадуктаў, садавіны і агародніны, ад гэтага пот становіцца менш насычаным, а яго пах менш непрыемным.
Калі казаць пра больш радыкальныя метады барацьбы з патлівасцю, то гэта зварот па дапамогу да ўрача. Як правіла, такі зварот неабходны, калі звычайныя сродкі дапамагаюць дрэнна. Ёсць спецыяльныя ін’екцыі, якія памяншаюць потавыдзяленне.

Жанна АЛЯКСАНДРАВА,
валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.