Дама ў капелюшы

Так атрымалася ў жыцці, што з гэтай кветкай у мяне звязаны цяжкія ўспаміны: шмат гадоў назад у кастрычніку не стала маёй бабулі, якая была для мяне ўсім. Хаця і да бацькоў у мяне прэтэнзій не было.
Пару гадоў назад я падумала, што з кветкамі звязана і таінства нараджэння, і таінства смерці. Такое жыццё. І сонечным вераснёўскім днём набыла на рынку тры кусцікі хрызантэм: белых, чырвоных і ружовых.

Чырвоныя праз тыдзень з клумбы ўкралі, а вось ружовыя і белыя ёсць у мяне да цяперашняга часу. У мяне так званыя хрызантэмы-“дубкі” — невысокія, з пышным капялюшыкам махровых кветак невялікага памеру. Па тэрмінах цвіцення яны сярэдняпознія, пачынаюць цвісці ў трэцяй дэкадзе жніўня. Цвітуць да замаразкаў. Улетку я іх добра паліваю і падкормліваю “Аксідатам торфу”. Дзяленнем і размнажэннем яшчэ не займалася.
Яшчэ адзін куст бэзавай хрызантэмы мне падарылі. Яна сярэднярослая, зусім некапрызная ў доглядзе. Увесну пры кусце ўтварыліся густыя прыкаранёвыя парасткі. Я іх аддзяліла і рассадзіла. Сам куст таксама падзяліла. Зараз ён збіраецца цвісці. Так што ніякіх цяжкасцей з хрызантэмамі ў мяне пакуль не ўзнікла. Праўда, вывучаючы кветкавыя часопісы, бачыш такія экзоты, што, магчыма, яны і патрабуюць нейкіх асаблівых агратэхнічных прыёмаў. Можа, і ў мяне калі-небудзь будзе такая кветка — марыць часам бывае карысна.

А цяпер аб некаторых асаблівасцях гэтых незвычайных кветак.
Дзяленнем куста варта займацца ў пачатку чэрвеня, калі мінуе пагроза замаразкаў, альбо ў жніўні-верасні. Расліны для дзялення выбіраюць самыя пышныя, добра развітыя. Колькасць іх залежыць ад узросту матачніка і асаблівасцей гатунку. Для атрымання 3-4 пасадачных адзінак дзеляць трохгадовы куст. Куст выкопваюць і вострым нажом дзеляць яго на часткі з адным альбо некалькімі парасткамі, якія маюць карэнне. Адразу ж высаджваюць на пастаяннае месца, добра паліўшы.
Маладыя кусцікі, асабліва пры восеньскім размнажэнні, на зіму абавязкова ўкрываюць. Лепш за ўсё выкарыстаць яловы лапнік, як і для руж, але падыдуць і галінкі шматгадовых раслін, якія адцвілі.
Адным з найбольш надзейных спосабаў размнажэння хрызантэм лічыцца і чаранкаванне. Падыходзіць ён тым, у каго ёсць падвальнае памяшканне. Пасля цвіцення выбраныя для чаранкавання кусты нізка абразаюць і, выкапаўшы, кладуць на захоўванне ў цёмнае халаднаватае памяшканне пры тэмпературы 4—6 градусаў, засыпаюць пяском. Там яны знаходзяцца да канца лютага.

У канцы лютага кусты пераносяць у памяшканне з тэмпературай 15 градусаў і саджаюць у ёмістасці з пажыўнай глебай. Расліны паліваюць і праз тыдзень падкормліваюць аміячнай салетрай. Калі ёсць магчымасць, можна ўстанавіць падсветку зверху. Праз два-тры тыдні прыступаюць да чаранкавання. У чаранка павінна быць пругкая, але не адраўнелая аснова. З мягкай асновай парастак загніе.
Перад пасадкай у чаранкоў абрываюць ніжняе лісце, верхняе пакарочваюць на палову. Высаджваюць чаранкі ў спецыяльныя скрыні з пажыўнай глебай на глыбіню 1,5-2 см. Наверх пажыўнай сумесі пажадана насыпаць пясок слоем у 3-4 см. На скрынях робяць дужкі і ўкрываюць чаранкі плёнкай. Праз два-тры тыдні, калі на чаранку будзе бачны прырост, можна сцвярджаць, што ён акараніўся. Пасля гэтага кожны чаранок высаджваюць у шклянкі альбо вазончыкі вышынёй 12—15 см.
Для лепшага кушчэння расаду 1-2 разы прышчэпліваюць і падкормліваюць “Аксідатам торфу”.
За два тыдні да пасадкі ў адкрыты грунт расаду закальваюць, выносячы на веранду альбо лоджыю. На пастаяннае месца высаджваюць у канцы мая.
Вядома, гэты спосаб размнажэння хрызантэм для вельмі апантаных кветкаводаў ці тых, хто прадае хрызантэмы.

Больш просты спосаб чаранкавання ў адкрытым грунце. Кусты-матачнікі на зіму старанна ўкрываюць, з наступленнем вясны ўкрыццё знімаюць. Калі каранёвыя парасткі дасягнуць вышыні 12—15 см, іх наразаюць на чаранкі 6-7 см і высаджваюць у адкрыты грунт пад нахілам. Вядома, на парнічок лепш зрабіць дугі і ўкрыць па першым часе плёнкай (па тыпу агурэчнага парніка). У цёплае надвор’е плёнку можна знімаць, а ў халоднае — зноў нацягнуць.
Пры такіх умовах чаранкі праз 3—4 тыдні гатовы да высадкі на пастаяннае месца.
Дарэчы, мне расказвалі, што карэньчыкі даюць нават хрызантэмы, якія стаяць у букеце. У такіх выпадках поспех чаранкавання — 50 на 50.
Можна і паспрабаваць.
А ёсць кветкаводы, якія ўвогуле раяць набываць кусцікі хрызантэм позняй вясной, паверыўшы прадаўцу на слова. Сумленны прадавец і каардынаты свае дасць, і падкажа, якія асаблівасці догляду таго альбо іншага гатунку. Нешта не атрымалася — вы ўжо нічога не купіце ў гэтага чалавека, а для яго гэта таксама нязручна.

А цяпер некалькі слоў пра перазімоўку.
Для паспяховай перазімоўкі важна правільна падрыхтаваць кусты садовых хрызантэм. У апошніх чыслах кастрычніка трэба абрэзаць парасткі на вышыню 10 см. Ні ў якім гатунку нельга абразаць каранёвыя парасткі – крыніцу аднаўлення кветкі вясной. Пасля гэтага кусты акучваюць, падсыпаўшы пад іх перагной з торфам. На наступным этапе трэба паклапаціцца пра ўкрыўны матэрыял. Можна выкарыстаць дубовыя і кляновыя галінкі, лісце клёна, сасновы і яловы лапнік. У канцы кастрычніка расліны трэба акучыць, а прыкрываць у лістападзе ў лёгкае марознае надвор’е.
Бывае і так, што кастрычнік даволі халодны і не ўсе кусты зацвітаюць, асабліва познія гатункі. Вы можаце выкапаць упадабаны куст у вялікі вазон, і ён зацвіце ў вас пры пакаёвай тэмпературы. У гады майго дзяцінства адна мая суседка-кветкавод не ленавалася перад замаразкамі выкопваць па 15—20 кустоў хрызантэм і садзіць іх у вёдры, каструлі, скрыні. На верандзе і ў пакоі было сапраўднае царства хрызантэм усіх гатункаў. Але ў яе быў падвал і была магчымасць пасля цвіцення захаваць кветкі да вясны.
Тэмпература ў падвале павінна быць 3-4 градусы, там не павінна быць сыра.
Калі ж хрызантэма захоўваецца ў адкрытым грунце, абавязкова прасачыце, каб яна не расла ў нізіне. Зіму яна перажыве, а ўвесну, асабліва калі шмат дажджоў, вымакне. Не дапаможа нават укрыцце.
Каля нашага і суседніх дамоў на гарадскіх клумбах расце шмат хрызантэм. Можа, і не такія яны ўжо пышныя, але мілыя і прывабныя. Таму непераборлівыя гатункі хрызантэм можна вырошчваць нават у горадзе.

Ала ШАЎЦОВА.