Як падрыхтаваць дзіця да школы

Калі мы выпраўляем нашых дзяцей у школу, мы купляем ім сучасную форму, модны партфель, шматлікія школьныя прылады, наведваем педыятра, — гэта значыць, клапоцімся пра фізічнае здароўе. Але, на жаль, мала ўвагі звяртаем на іх псіхічнае здароўе. Да эмацыянальнага жыцця ў нас пакуль не прынята ставіцца сур’ёзна, хаця б таму, што эмацыянальныя парушэнні часта не маюць ніякіх знешніх праяўленняў. Чалавек можа добра выглядаць, выконваць свае абавязкі, у яго ў норме ўсе аналізы, але ўнутраны стан далёка не такі бясхмарны і можа суправаджацца велізарным унутраным напружаннем, якое з цягам часу трансфармуецца ў трывогу, дэпрэсію, псіхасаматычныя захворванні, парушэнні паводзін і інш. Такія змены могуць адбывацца як з дарослымі, так і з дзецьмі. І калі мы хочам, каб нашы дзеці былі здаровымі, то мы абавязаны ўлічваць і гэты нябачны, здавалася б, бок жыцця, бо здароўе — гэта стан не толькі фізічнага, але і псіхічнага, а таксама сацыяльнага дабрабыту чалавека.

Школа і дашкольныя ўстановы — гэта першыя сацыяльныя інстытуты, у якіх пачынаецца праверка на трываласць тых установак і навыкаў узаемадзеяння з навакольным светам, якія былі закладзены ў сям’і. Нягледзячы на шматлікасць псіхалагічных сцэнарыяў, існуюць найбольш тыповыя і распаўсюджаныя праблемы, на якія я хацела б звярнуць увагу. І адна з гэтых праблем — гэта так званы перфекцыянізм, імкненне, каб усё было толькі ідэальна. Праяўляецца гэта праз гіперадказнасць, адсутнасць права на самую нязначную памылку, жаданне ўсюды і ва ўсім быць першым, залежнасць самаацэнкі ад вынікаў дзеянняў і г.д. Натуральна, пастаяннае напружанне рана ці позна прыводзіць да сур’ёзных парушэнняў здароўя. А фарміруецца гэтая з’ява ў сем’ях з так званым аўтарытарным стылем выхавання, калі ціск з боку старэйшых пакаленняў настолькі вялікі, што страчваецца каштоўнасць самога працэсу навучання і жыцця ў цэлым. У такіх сем’ях усё нацэлена толькі на вынік, потым новыя спробы, новыя вынікі, і так да бясконцасці. Вядома ж, мэтанакіраванасць і настойлівасць у дасягненні мэты — гэта цудоўна, але калі яны суправаджаюцца спешкай, залішнім напружаннем, няздольнасцю адпачываць і атрымліваць задавальненне ад выніку, вось тут і пачынаецца бяда. Калі-нікалі дарослыя людзі, маючы некалькі вышэйшых адукацый, матэрыяльны дастатак, не могуць справіцца з паталагічнай трывогай ці губляюць цікавасць да жыцця. Напэўна, многія чулі пра гармон радасці і задавальнення — сератанін. Дык вось, пры такім стане фарміруецца недахоп гэтага рэчыва ў арганізме, што вядзе да шматлікіх псіхічных і псіхасаматычных захворванняў. Існуе іншая крайнасць — гіперапека, калі надзяваюцца “ружовыя акуляры” на вочы дзіцяці і яно прыходзіць у рэальны свет зусім непадрыхтаваным, думаючы, што і ўсе вакол, як яго блізкія, будуць пра яго клапаціцца, даводзіць яго справы да канца, не заўважаць недахопаў, замілоўвацца свавольствамі і правіннасцямі. Сутыкненне з рэальнасцю для такіх дзяцей вельмі жорсткае. Яны не спраўляюцца са знешнімі патрабаваннямі, і гэта выклікае каласальнае ўнутранае напружанне, якое вядзе да хваробы. Клопат пра блізкіх — найцудоўнейшае праяўленне чалавечай прыроды, але калі ён ператвараецца ў пражыванне жыцця за іншага, пазбаўленне самастойнасці, то няхай бацькі потым не здзіўляюцца, адкуль бяруцца залежнасці, асацыяльныя паводзіны, завышаная ці заніжаная самаацэнка такіх дзяцей і многія іншыя праблемы. І гіперадказныя, і гіперапякаемыя дзеці аднолькава не прымаюцца дзіцячым калектывам. Яны становяцца “белымі варонамі”, “завучкамі”, “батанікамі”, “мамчынымі сынкамі і дочкамі”, што яшчэ больш узмацняе іх цяжкі стан.
Для таго каб папярэдзіць гэтыя з’явы, дарослым самім неабходна быць паспяховымі, упэўненымі, незалежнымі, ініцыятыўнымі, захопленымі. Калі ў дзіцяці перад вачыма прыклад стомленых бацькоў, якія гадамі ходзяць на сумную і надакучлівую работу, не знаходзячы ў сабе ні сіл, ні жадання штосьці змяніць, канфліктуюць паміж сабой, асабліва пры дзецях, не знаходзяць часу для адпачынку, цікавых заняткаў, то наўрад ці ў яго будзе лёгкі шлях.
Дарагія бацькі! Выхоўваюць не словы, а справы, штодзённыя ўчынкі, рашэнні, памылкі, здольнасць іх прызнаваць і выпраўляць. Не бойцеся самі рабіць нешта новае, прыўносце ў ваша жыццё цікавасць і жывыя эмоцыі, якія параўноўваюць з прыправай да асноўнай стравы. Жыццё без эмоцый — гэта як ежа без солі і спецый. Але, вядома ж, тут вельмі важная мера. І яшчэ: мера ў кожнага чалавека свая, таму што ўсе мы ўнікальныя. Дайце вашым дзецям праявіць гэтую ўнікальнасць, дазвольце ім самім рабіць свае памылкі. Многія бацькі памыляюцца, калі думаюць, што дзеці — гэта гліна, якую ім трэба ляпіць. Дзеці першапачаткова нараджаюцца з пэўнымі генетычнымі асаблівасцямі, і ваша задача заключаецца толькі ў тым, каб дапамагчы дзіцяці праявіць усе свае лепшыя якасці. Дайце ім разнастайнасць выбару, падтрымайце іх ініцыятыву, дайце магчымасць саспець іх жаданням і навыкам, не падганяйце іх.
Універсальных парад не існуе. У кожным канкрэтным выпадку павінна праводзіцца індывідуальная работа, і калі ў вас узнікаюць пытанні і цяжкасці ва ўзаемаадносінах з вашымі дзецьмі і іншымі блізкімі, то не бойцеся звяртацца па дапамогу да псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў.

Ганна МІКУЛА,
урач-псіхатэрапеўт
гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера Мінска.