Дзеці і вада — бяда?

Самы лепшы час года для дзяцей — гэта лета. Ад адчування свабоды можна звар’яцець, а ад таго, што наперадзе шмат часу для адпачынку, увогуле страціць галаву. І гэта не перабольшанне, бо пасля навучальнага года дзеці, закінуўшы заплечнікі і партфелі, нават думаць не хочуць пра абавязкі, правілы і розныя табу. Усё! Свабода! Адстаньце ўсе!

Адно з самых любімых месцаў адпачынку і забаў у дзяцей — гэта вадаёмы. Вада, быццам магніт, цягне да сябе дзятву. Яны ля вады будуюць пясчаныя замкі, плыты, гуляюць у мяч, загараюць — заняткаў можна знайсці безліч. А ўжо калі пачынаецца агульная весялосць — ныранне, заплывы на хуткасць, скачкі з тарзанак, дрэў, дзе ўжо тут памятаць аб правілах бяспекі. Бо прыйшлі ж адпачываць і радавацца жыццю, а не ўспамінаць школьны курс АБЖ. На жаль, нястрымная дзіцячая энергія і адсутнасць жыццёвага вопыту прыводзяць да трагедый.

У гэтым годзе 2 чэрвеня ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці ўтапіўся чатырохгадовы хлопчык. Дзіця ў кампаніі са сваімі старэйшымі братамі 11 і 12 гадоў пайшло на рэчку купацца. Дадому вярнуліся толькі старэйшыя хлопчыкі. Цела малога паднялі са дна ракі вадалазы.

У мінулым годзе ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці ў час купання ўтапілася 14-гадовая школьніца. Дзве сястры пайшлі на мясцовую сажалку. Старэйшая, 14-гадовая навучэнка мясцовай гімназіі, паабяцала малодшай навучыць яе плаваць. Аднак штосьці пайшло не так і адзінаццацігадовая дзяўчынка пачала тапіцца. Старэйшая кінулася яе выцягваць, але выбілася з сіл і пачала клікаць на дапамогу. Пажылы мужчына, які рыбачыў на гэтай сажалцы, кінуўся ў ваду, але выратаваць паспеў толькі малодшую.

9-гадовае дзіця ўтапілася ў Прыпяці. Хлопчык з сябрам гуляў на рацэ ў раёне пасёлкаў Гурыны і Крынічны Гомельскай вобласці. Абодва ўпалі ў ваду і пачалі тапіцца. Аднаго з хлопцаў выратаваў выпадковы прахожы. Цела другога дзіцяці вадалазы АСВОДа знайшлі за кіламетр ад месца ўтаплення. Дзеці знаходзіліся на несанкцыянаваным пляжы без нагляду бацькоў.

Непаўналетнія не павінны знаходзіцца ля вады без дарослых — гэта жалезнае правіла. І перш за ўсё бацькі павінны растлумачыць гэта сваім дзецям. Пагаварыць пра ўсё, што можа адбыцца, папярэдзіць аб небяспецы і растлумачыць наступствы.

Дзеці, адпраўляючыся на вадаём без дарослых, не разумеюць у поўнай меры, што рызыкуюць сваім жыццём. Бацькі таксама не заўсёды задумваюцца пра наступствы. А дастаткова толькі адказаць сабе на простае пытанне: “А калі маё дзіця пачне тапіцца, хто яго выратуе? Такія ж, як яно само, дзеці?”

Вада — не толькі месца для адпачынку, гэта і зона небяспекі. Як данесці да людзей такую простую ісціну? Як пераканаць людзей у тым, што асцярожнасць на вадзе — гэта не патрабаванне АСВОДа і ратавальнікаў, не празмерная пільнасць або нечая перастрахоўка, а перш за ўсё неабходнасць. Возьмем, напрыклад, плавальныя цацкі, надзіманыя кругі, матрацы і іншыя атрыбуты, прызначаныя для адпачынку на вадзе. Многія бацькі ўпэўнены, што гэта надзейныя сродкі абароны. А вось тое, што надзіманы матрац можа аднесці ветрам далёка ад берага, ён можа ў любы момант лопнуць або проста перакуліцца, пра гэта мы не думаем. Чаму нядбайнасць заўсёды дамінуе над асцярожнасцю?

У мінулым годзе сям’я з Гомельскага раёна адпачывала на беразе ракі Сож. Мама з дачкой-сямікласніцай вырашыла паплаваць на надзіманым матрацы. Бацька застаўся на беразе. У час плавання матрац нахіліўся. Саслізнуўшы з яго, дзяўчынка, якая не ўмела плаваць, пайшла на дно. Глыбіня ракі — 8 метраў. Спробы бацькоў самастойна выратаваць дачку аказаліся беспаспяховымі.

Адпачываючы на беразе адкрытых вадаёмаў разам з дзецьмі, дарослыя забываюць пра тое, што гэта не басейн і любыя асаблівасці, няхай гэта будзе хуткае цячэнне, водарасці, ямы або віры, могуць аказацца пагібельнымі.

Два гады назад у Магілёве на Дняпры ўтапілася 7-гадовая дзяўчынка. Айчым вучыў дзіця плаваць у месцы, не абсталяваным для купання. Недалёка ад берага адпусціў дзяўчынку, але не ўлічыў моцнага цячэння, якое падхапіла дзіця і панесла. Выратаваць дзіця не ўдалося.

Летняя спёка з’яўляецца прычынай таго, што людзі стараюцца быць бліжэй да вады. А калі такой магчымасці няма, то робяць вадаёмы на сваіх прысядзібных участках, дачах — разнастайныя басейны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Але і тут не варта забываць пра бяспеку. Асабліва калі ў вас ёсць маленькія дзеці. Колькі б мала ні было вады ў дзіцячым басейне, малышу дастаткова спатыкнуцца і ўпасці тварам уніз…

Некалькі гадоў назад у Магілёўскай вобласці ў штучным вадаёме, выкапаным у двары прыватнага дома, утапілася дзіця. Пакуль бацькі былі заняты пасадкай бульбы, малыш гуляў на двары і выпадкова ўпаў у ваду. Знайшлі хлопчыка, калі было занадта позна.

Таму, калі вы карыстаецеся басейнам, прыміце ўсе меры засцярогі — загарадзіце яго, каб дзіця ні пры якіх умовах не змагло ўпасці ў ваду. Пастарайцеся прадугледзець усе магчымыя небяспечныя сітуацыі. Гэта ж датычыцца ваннаў, бочак з вадой і іншых ёмістасцей, якія выкарыстоўваюцца для паліву агарода. Бо малыя бясконца падыходзяць да вады памыць ручкі, кінуць у яе які-небудзь прадмет ды і проста з задавальненнем плюхаюцца ў любой ёмістасці, напоўненай вадой.

Некалькі слоў хацелася б сказаць і пра адпачынак з маленькімі дзецьмі каля вадаёма. Бацькі павінны разумець, што тут адназначна трэба быць пільнымі і знаходзіцца побач з дзецьмі, не адпускаць іх ад сябе ні на крок.

І ўвогуле самым галоўным і важным правілам для ўсіх дарослых, у якіх ёсць дзеці, няхай гэта будуць дашкольнікі або дзеці школьнага ўзросту, павінна быць адно: не пакідайце дзяцей ля вады адных! Памятайце пра гэта, дарагія дарослыя, бо за кожнай літарай гэтага, здавалася б, звычайнага і простага правіла — жыцці дзяцей, якіх ужо ніколі не вярнуць.

Правілы бяспечных паводзінна вадаёме (рацэ, возеры)

Калі вы адпачываеце разам з дзіцем:

* выбіраючы месца для купання, звярніце ўвагу на дно — яно павінна быць чыстым і неглыбокім, без карчоў, водарасцей і глею;

* праверце, ці няма на беразе бітага шкла, вострых камянёў і іншых небяспечных прадметаў;

* размяшчайцеся з дзіцем у цені дрэў, пазбягаючы прамых сонечных промняў;

* надзеньце на дзіця галаўны ўбор;

* не дапускайце сітуацый, калі дзіця знаходзіцца ў вадзе адно;

* назірайце за дзіцем, калі яно гуляе на беразе, не выпускайце яго з-пад увагі;

* уваходзьце ў ваду з дзіцем паступова, рэзкае апусканне можа справакаваць збой сэрцабіцця і сутаргі;

* не дазваляйце дзіцяці ныраць з агароджаў або берага;

* спыняйце свавольствы дзяцей на вадзе;

* не дапускайце пераахаладжэння дзіцяці, чаргуйце гульні на беразе з купаннем.

Калі вы не можаце быць побач з дзіцем на вадаёме, дамоўцеся з роднымі (блізкімі, знаёмымі, суседзямі), каб яны панаглядалі за ім у час купання.

* скажыце свайму дзіцяці, што давяраеце яму і хвалюецеся за яго жыццё і здароўе;

* растлумачце дзіцяці, што яго бяспека залежыць ад яго, таму яно павінна быць асцярожным і выконваць правілы паводзін на вадзе;

* папярэдзьце, што плаваць можна толькі ў знаёмых месцах, недалёка ад берага і ні ў якім разе не заплываць за буйкі;

* калі дзіця добра плавае, растлумачце яму, што хваліцца гэтым перад сябрамі і арганізоўваць спаборніцтвы не трэба;

* раскажыце пра небяспеку гульняў на вадзе;

* раскажыце дзіцяці, што, калі нехта топіцца, трэба выклікаць ратавальнікаў па тэлефоне 101 або 112.

Іна ЧУГАЙ,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.