Эхеверыя

Сярод таўсцянкавых прадстаўнікі роду эхеверыя (эчэверыя) — адны з самых упадабаных дэкаратыўных хатніх раслін. Хоць па марфалагічнай будове ўсе эхеверыі падобныя, уражваюць разнастайнасць форм і афарбовак іх лісця і знешняе аблічча парасткаў-разетак. Гэты сукулентны род уключае больш за 120 відаў (па некаторых звестках — 150). Ён названы ў гонар іспанскага батаніка і мастака Атанасіа Эчэверыя Кадоя, які жыў у XVIII стагоддзі і маляваў шматлікія расліны Мексікі.

У прыродзе эхеверыі растуць выключна на амерыканскім кантыненце. Яны распаўсюджаны ў засухаўстойлівых паўднёвых абласцях ЗША, у Мексіцы, Цэнтральнай Амерыцы, на поўначы Перу, у Балівіі і Чылі. Найбольшая разнастайнасць (больш за 40 відаў) адзначана на Мексіканскім узгор’і, дзе расліны сустракаюцца на вышыні 3500 м над узроўнем мора.
Усе эхеверыі — разеткавыя лісцевыя сукуленты з пакарочаным сцяблом, якія з узростам разрастаюцца ў густыя курціны. Хоць ёсць і выключэнні. Напрыклад, эхеверыя барвовая мае слаба выражанае сукулентнае лісце, рэдка размешчанае па спіралі на падоўжаным (каля 25 см) сцябле. Некаторыя віды ўтвараюць толькі адну разетку; у эхеверыі шматсцябловай і эхеверыі белавалосай сцябло разгаліноўваецца, з-за чаго расліна падобная на мініяцюрны хмызнячок. Лісце ў эхеверый часцей за ўсё суцэльна крайняе, размешчанае ў рыхлых разетках.Але асноўную даволі шматлікую групу ўтвараюць віды з кароткім сцяблом і шчыльнай альбо рыхлай разеткай лісця.
Марфалагічная будова лісця ў розных відаў значна адрозніваецца. Так, эхеверыя белавалосая і эхеверыя валасістая пакрыты густым лямцавым апушэннем, Рундэлі — раснічастымі валаскамі. У эхеверый дробназубчастай, элегантнай, гібрыднай, ліловай лісце з васковым налётам ружова-пурпуровых і блакітнаватых адценняў. Нярэдка лісце мае прыгожую чырвоную аблямоўку. У эхеверыі дробназубчастай край лісця хвалепадобны, таму расліна асабліва прывабная.
Дыяметр разетак у залежнасці ад віду вагаецца ад 3—4 см у мініяцюрнай эхеверыі прыгожанькай і эхеверыі Рундэлі, да 30 см у буйных экзэмпляраў эхеверыі цёмна-пурпуровай.
Яшчэ прыгажэй выглядае расліна падчас цвіцення. Кветкі ў эхеверый падобныя на званочкі, сабраныя ў каласы альбо гронкападобныя суквецці, часцей за ўсё яны чырвона-аранжавыя альбо жоўтыя, часам ружовыя альбо кармінавыя. Памеры кветак адрозніваюцца па відах. Буйнымі, доўгімі кветканосамі (да 30 см) адрозніваюцца эхеверыя дробназубчастая, валасістая і Шо. Кветканосы захоўваюцца да паўгода.
Большасць відаў цвіце ў зімовыя і асеннія месяцы.
Эхеверыі — стэрыльныя расліны і лёгка скрыжоўваюцца адна з адной. Дзякуючы гэтаму ў культуры выведзена шмат гібрыдаў з прыгожай афарбоўкай і формай лісця. Для атрымання насення неабходна перакрыжаванае апыленне. Насенне захоўвае ўсходжасць 18 месяцаў. Аднак звычайна кветкаводы размнажаюць эхеверыю вегетатыўна. Акрамя таго, у многіх гібрыдаў характэрныя прыкметы захоўваюцца менавіта пры вегетатыўным размнажэнні. Лісцевыя чаранкі і бакавыя парасткі з разеткамі лісця хутка ўтвараюць прыдаткавае карэнне. У многіх відаў лісцік, які выпадкова ўпаў на субстрат, лёгка дае жыццё новай расліне. Добра ўкараняецца і верхавінкавае лісце, што ўтвараецца на кветканосе.Хутчэй размнажаюцца віды з вялікай колькасцю даччыных разетак — такія, як эхеверыя агавападобная, эхеверыя мяса-чырвоная, эхеверыя вытанчаная, эхеверыя шызая (найбольш распаўсюджаная ў аматарскім кветкаводстве), эхеверыя элегантная. Размнажаць расліны можна на працягу ўсяго года, аднак лепшы час для гэтага — пачатак і сярэдзіна вясны, а таксама ранняя восень.
Па ўмовах утрымання эхеверыі можна раздзяліць на 3 групы. Эпіфітным відам, што ў прыродзе растуць у лясах Мексікі, неабходна цяпло і высокая вільготнасць. Да іх адносяцца эхеверыя ружовая, эхеверыя нітоская, эхеверыя Шыруса.
Віды з цёплых сонечных абласцей Паўднёвай Амерыкі маюць патрэбу ў яркім сонечным асвятленні і высокай тэмпературы. У перыяд вегетацыі субстрат павінен быць умерана вільготным, але ў перыяд спакою (у зімовыя месяцы) — сухім. Да гэтай групы адносяцца віды, якія цвітуць вясной і летам.
Невялікую групу складаюць горныя расліны, якія растуць на ўзроўні 3000—4000 м над узроўнем мора. У зімовыя месяцы ім патрэбна тэмпература плюс 5—10 градусаў, у цёплы час года — шмат сонца, паветра і ўмераны паліў.
Для вырошчвання эхеверый падыходзяць неглыбокія вазоны і лёгкі пескаваты водапранікальны субстрат абавязкова з дабаўленнем драўніннага вугалю. Слой дрэнажу павінен быць не менш як 2—3 см. З сакавіка па ліпень 2 разы ў месяц падкормліваюць расліны слабым мінеральным угнаеннем.
У цяперашні час найбольш распаўсюджаны эхеверыя шызая і эхеверыя элегантная. У летні час іх нават можна высадзіць на кветкавую клумбу. Але ўсё ж асноўнае прызначэнне гэтых сукулентаў — аздабленне інтэр’ера. Ведаючы паходжанне таго альбо іншага віду, можна вырошчваць практычна любыя эхеверыі.
Вельмі прыгожая эхеверыя агавападобная Black Prince (“чорны прынц”) — бессцябловая расліна са шчыльнай разеткай карычневага завостранага бліскучага лісця дыяметрам да 15 см.
Расліну трэба трымаць на самым светлым падаконніку, асабліва ў зімовыя месяцы — такім чынам захоўваецца афарбоўка лісця. Умераны паліў — вясной і летам, зімой практычна не паліваюць.
Шматлікія бессцябловыя разеткі эхеверыі мяса-чырвонай дыяметрам 8—10 см утвараюць густыя падушкі. Лісце ружавата-шэрае. Кветканосы шматлікія, вышынёй да 15 см, з’яўляюцца ў снежні — лютым, кветкі аранжава-чырвоныя. Від лёгка размнажаецца разеткамі і лісцевымі чаранкамі.
Эхеверыя раснічастая з Мексікі ўтварае адзінкавую разетку, зрэдку развівае сцябло вышынёй да 7 см. Разетка густая, паўкруглая, складаецца з 30—40 штук інтэнсіўна-зялёнага лісця, часта з чырвонай аблямоўкай. Па краях лісця растуць “раснічкі” да 3 мм. Кветканос кароткі, да 13 см.
Вельмі прывабная эхеверыя ліловая родам з Мексікі. Яе бессцябловыя разеткі дасягаюць у дыяметры 15 см. Лісце шырокалопасцевае, коратка завостранае на вяршыні. Лісце мае бела-ліловую афарбоўку. Кветкі каралава-ружовыя, з’яўляюцца ў лютым — сакавіку.
Да адной з самых прыгожых адносіцца эхеверыя Шо. Шматлікае блакітна-ружовае лісце даўжынёй 4—8 см з вострым хвалістым краем размешчана на кароткім сцябле і ўтварае разетку да 20 см у дыяметры. На яркім сонцы лісце інтэнсіўна-ружовае і пакрываецца густым васковым налётам. Ружовыя кветкі расцвітаюць у ліпені — верасні.
Сярод мініяцюрных відаў выдзяляюцца эхеверыя вытанчаная і эхеверыя Рундэлі. Першая ўтварае шматлікія атожылкі. Лісце блакітнавата-зялёнае, 2 см даўжынёй і 1 см шырынёй, сабранае ў густыя разеткі. Кветканос да 20 см у вышыню, кветкі жоўта-чырвоныя. У формы Рундэлі разеткі ўсяго 4—5 см у дыяметры. Лісце падоўжана-эліпсападобнае, чырвоныя кветкі з’яўляюцца ў канцы вясны.
У эхеверыі валасістай уся расліна густаапушаная. Сцёблы кароткія, з узростам разгаліноўваюцца, з кароткім чырвона-карычневым валоссем. Лісце падоўжана-ланцэтнае, з абодвух бакоў густа пакрыта белымі валаскамі, сабрана ў плоскія разеткі. Жоўта-чырвоныя кветкі, падобныя на званочкі, развіваюцца на кветканосе вышынёй 20 см. Цвіце ў красавіку — маі. Апушаныя эхеверыі паліваюць значна радзей, чым астатнія.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота з інтэрнэту і Святланы ІЛЬЮК.