Пакаёвыя расліны ў інтэр’еры школы

Каб жыць, трэба сонца,
Свабода і маленькая кветка.
Ханс Крысціян Андэрсен

Пакаёвыя расліны вядомы чалавеку са спрадвечных часоў. Развядзенне іх — вельмі займальны і карысны занятак. У нашых дамах, у дамах нашых сваякоў і аднавяскоўцаў заўсёды шмат кветак. Цешаць вока бутоны чырвоных, ружовых, белых пеларгоній. Цэнтральнае месца ў хаце займае волат — фікус, аспарагус ці мірт — таксама любімыя нашымі роднымі і блізкімі.

Сапоцкінская сярэдняя школа штогод удзельнічае ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні школьнай тэрыторыі “Квітней, наш край” і штогод займае прызавыя месцы. Паралельна настаўнікі і навучэнцы займаюцца развядзеннем пакаёвых раслін у вучэбных кабінетах, рэкрэацыях, службовых памяшканнях.
Члены школьнага клуба па інтарэсах “Экадызайн” вырашылі як мага больш даведацца аб пакаёвых раслінах: вызначыць цэнтры іх паходжання, вывучыць фактары, якія ўплываюць на іх рост і развіццё, вызначыць уплыў раслін адна на адну, а таксама арыентацыю вокнаў памяшканняў школы па баках гарызонту, уплыў тэмпературы, інтэнсіўнасці асвятлення, выпрацаваць рэкамендацыі для кожнага школьнага памяшкання, падзяліцца сваімі напрацоўкамі са сваякамі, суседзямі, аднавяскоўцамі.
Удзельнікі клуба пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі пачалі працаваць над праблемай “Пакаёвыя расліны ў інтэр’еры школы”. Для сябе мы запазычылі шмат цікавага, карыснага, займальнага матэрыялу, прымяненне якога дапамагае нам у абнаўленні і вырошчванні пакаёвых раслін як у інтэр’еры школы, так і дома.
Пакаёвыя расліны супакойваюць нервовую сістэму, паляпшаюць якасць паветра. Акрамя таго, яны здольныя забіваць шкодныя мікраарганізмы, якія ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца ў паветры жылых памяшканняў. Вядомы сотні тысяч відаў раслін, якія валодаюць фітанцыднымі ўласцівасцямі. Вучоныя падлічылі, што расліны Зямлі штогод вылучаюць у атмасферу каля 490 млн т фітанцыдаў, лятучых рэчываў. Прыемны пах ландыша, язміну, ружы, бэзу, мяты, кропу і іншых раслін звязаны з утрыманнем у іх эфірных алеяў.
Заўважана, што паміж раслінамі і людзьмі існуе нябачная сувязь. Кветкі ўмеюць адчуваць! Так, калі ў час сваёй адсутнасці чалавек давярае догляд за кветкамі старонняму, абыякаваму да іх чалавеку, расліны пачынаюць чахнуць і згасаць, нават калі рэжым догляду за імі застаўся ранейшым, і ажываюць толькі тады, калі вяртаецца клапатлівы гаспадар. Навуковага тлумачэння гэтай з’яве няма, але існуюць версіі аб злучэнні кветкі і чалавека біятокамі.
Па патрэбе ў асвятленні ўсе расліны падзелены на тры групы: 1. Святлолюбівыя — кактусы, спаціфілум, герань, альяс, багаткі, цытрусавыя, пальмавыя. 2. Ценелюбівыя — сансеўера, манстэра, аспідзістра, папараць, традэсканцыі і інш. 3. Ценевынослівыя — бягоніі, драцэна, папараць, маранта, аспарагус, хларафітум, дыфенбахія, пеперомія, плюшч і інш.
Выбар раслін шмат у чым вызначаецца арыентацыяй вокнаў па баках гарызонту: * для азелянення памяшканняў, звернутых на поўдзень, можна браць альяс дрэвападобны, агаву амерыканскую, бягонію каралеўскую, розныя віды традэсканцый, юку; * для азелянення памяшканняў, павернутых на паўднёвы ўсход ці паўднёвы захад, бяруцца аспідзістра, бальзаміна, бягонія, дыфенбахія, драцэна, кактус, кала, архідэя Ванда, папараць, манстэра, сансеўера трохпалосая, спаціфілум, традэсканцыя, фікус, хларафітум чубаты; * для азелянення памяшканняў, якія знаходзяцца на поўначы, можна ўзяць бягонію металічную, дыфенбахію плямістую, багаткі, маранту.
Немалаважнае значэнне для развіцця раслін мае тэмпература паветра ў памяшканні. Пакаёвыя расліны дзеляцца на тры групы:
1. Цеплалюбівыя расліны, якія нармальна растуць пры тэмпературы 18—20°С: бягонія каралеўская, колеус, пеперомія, санхецыя, сенполія і інш.
2. Умерана цеплалюбівыя, для іх нармальнага развіцця дастаткова тэмпературы на ўзроўні 15—18°С: агава, аспідзістра, алоэ, зігакактус, клівія, каланхоэ, манстэра, сансеўера, традэсканцыя.
3. Холадаўстойлівыя расліны, якія патрабуюць паніжанай тэмпературы і добра сябе адчуваюць пры 8—14 °С: гартэнзія, прымула, фуксія, цыкламен і інш.
Члены гуртка “Экадызайн” высветлілі, што для нармальнага развіцця раслін неабходна дастатковая вільготнасць. Аптымальная вільготнасць паветра для большасці пакаёвых раслін складае 70—80%. Некаторыя віды — папараць, маранта — маюць патрэбу ў вільготнасці паветра 90—95%. Вільготнасць паветра ў памяшканнях звычайна бывае каля 50—55%, а ў перыяд ацяпляльнага сезона паніжаецца да 30%.
Атрыманыя тэарэтычныя веды спатрэбіліся нам для таго, каб у перыяд ацяпляльнага сезона падтрымліваць аптымальную вільготнасць паветра, неабходную для нармальнага росту, развіцця і цвіцення раслін. Паміж кветкавымі вазонамі мы сталі ставіць сподкі з вадой, размяшчаць скрыні з увільготненым мохам або пяском. Добрым увільгатняльным сродкам з’яўляецца апырскванне, але пры гэтым мы памятаем пра тое, што вада павінна быць не ніжэй за тэмпературу навакольнага паветра. Апырскванне асабліва добрае летам. Не рэкамендуецца апырскваць віды з моцна апушанным лісцем — сенполіі, многія бягоніі: кроплі вады, затрымліваючыся на іх, выклікаюць пашкоджанне тканкі ліста, таму мы ставім расліны на паддон з мокрым пяском, мохам ці торфам.
Важна забяспечыць расліны дастатковай колькасцю кіслароду, у якім маюць патрэбу не толькі сцябло і лісце, але і карэнне. Расліны любяць свежае паветра з умеранай вільготнасцю. Памяшканне, дзе стаяць вазоны з раслінамі, пастаянна праветрываем. Гэта асабліва актуальна вясной і летам, калі павялічваецца колькасць святла і цяпла і расліны развіваюцца найбольш актыўна.
У той жа час неабходна сачыць за тым, каб на расліны не трапляў струмень халоднага паветра, таму што для іх вельмі шкодныя скразнякі, асабліва ў зімовы час.
Нельга забываць пра тое, што карэнню таксама неабходны прыток кіслароду. Таму для паляпшэння паветрапранікальнасці глебы час ад часу мы варушым зямлю ў кветкавых гаршках завостранай палачкай або відэльцам, імкнучыся пры гэтым не пашкодзіць карэнне. Пакаёвыя расліны павінны быць абавязковым кампанентам у інтэр’еры школы. Вы спытаеце: чаму? Яны добра ўспрымаюцца эстэтычна, паляпшаюць псіхалагічны клімат, стымулююць разумовыя здольнасці навучэнцаў, рэгулююць сардэчную дзейнасць, станоўча ўплываюць на працаздольнасць, знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы.
Памятайце! Прынёсшы ў хату вазон з пакаёвай раслінай, мы бяром на сябе адказнасць за дабрабыт жывога арганізма, які патрабуе ўвагі, догляду, ласкі і любові. Стаўцеся да кветак як да жывых істот і атрымлівайце асалоду ад пладоў сваёй працы. Хай кветкі радуюць вас сваёй прыгажосцю і супакойваюць у цяжкія хвіліны жыцця.
Рэкамендацыі па школьным азеляненні
* Для азелянення школы бярыце расліны, якія лёгка размнажаюцца: сансеўера, колеус, хларафітум, бягоніі, цысус, антурыум, каладыум, пеперомія.
* Для азелянення школьных калідораў выкарыстоўвайце найбольш вынослівыя дэкаратыўныя расліны. Для цёплых памяшканняў можна браць манстэру, пальмы, фікус, сансеўеру, аспідастру, для больш халодных месцаў — папараць, кітайскую ружу, агаву, альяс.
* Выключыце расліны, якія могуць выклікаць раздражненне скуры і слізістых абалонак. Да іх адносяцца прымула, малачаі, алеандр, паслён, аднагадовы перац.

На школьных вокнах, якія выходзяць на ўсходні бок, лепш вырошчваць расліны з сярэднімі патрэбамі ў асветленасці: бягонію, узумбарскую фіялку.
На вокнах, якія выходзяць на захад, — бягонію каралеўскую, на паўночных вокнах добра адчуваюць сябе ценелюбівыя расліны, якія маюць патрэбу ў роўным клімаце: манстэра, пеперомія сіваватая, аспарагус перысты. На паўднёвых вокнах расліны атрымліваюць найбольш інтэнсіўнае і доўгае сонечнае апраменьванне, гэта добра для розных відаў кактусаў, драцэны, дыфенбахіі плямістай. Увага! Сок дыфенбахіі атрутны.Пры складанні кампазіцый:
* У “тропіках” можна пасадзіць карлікавыя гатункі: дыфенбахію, фітонію, драбналісцевыя папараці, антурыум. Для дэкаратыўнасці выкарыстоўваць сфагнавы мох, кару, кавалкі жывапісных каранёў і г.д.
* У кутку “пустыні” можна пасадзіць апунцыі, таўсцянку, расходнікі, агаву і іншыя роднасныя ім расліны-сукуленты. Сюды ж можна пакласці абломкі камянёў, кавалачкі торфу, проста пясок і гальку. Для стварэння гарманічных інтэр’ерных кампазіцый з пакаёвых раслін можна скарыстацца наступнымі рэкамендацыямі:
* Эфектныя расліны лепш глядзяцца асабняком, “сціплыя” варта размяшчаць групамі.
* Расліны з ярка афарбаваным стракатым лісцем лепш выкарыстоўваць як адзінкавыя.
* Ампельныя расліны можна вырошчваць у кампазіцыях з іншымі раслінамі ў падвесных кошыках або на спецыяльных падстаўках.
* Для большасці раслін добрым фонам з’яўляецца простая сцяна любога пастэльнага колеру.
* Шматколерныя расліны і бледныя кветкі лепш глядзяцца на цёмным фоне.

Гэта цікава ведаць

* Калі невялікі кактус паставіць побач з тэлевізарам, камп’ютарам і іншымі электроннымі прыборамі, ён здымае шкоднае выпраменьванне, якое зыходзіць ад іх.
* Карлікавы гранат станоўча ўплывае на ўмацаванне імуннай сістэмы.
* Людзям, якія пакутуюць ад бяссонніцы або начных кашмараў, рэкамендуецца вырошчваць у гаршках цыбулю і часнок.
* Звычайны плюшч здымае алергічныя рэакцыі, палягчае дыханне астматыкам і нейтралізуе выпарэнні ад бытавой хіміі.
* Манстэра, філадэндран, дыфенбахія супакойваюць нервовую сістэму і ствараюць у кватэры атмасферу сапраўдных тропікаў.
* У лісці пакаёвай герані (пеларгонія) утрымліваюцца рэчывы — паглынальнікі канцэрагенаў. Таму карысна трымаць у хаце герань для прафілактыкі раку.
* Звыклая, сціплая традэсканцыя валодае моцным антысептычным дзеяннем.
* Пастаўлены ля ложка мірт ачышчае паветра ад бактэрый і вірусаў і спрыяе паляпшэнню сну.
* Герань выганяе з пакоя мух і моль.

Люцына ЛІСОЎСКАЯ, настаўніца біялогіі Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. Фота аўтара і з інтэрнэту.