Уявіць жыццё сучаснага чалавека без бытавога газу ўжо немагчыма. Выкарыстанне газавых пліт і балонаў — справа для нас, на першы погляд, будзённая, але ў пэўных умовах небяспечныя сітуацыі ўзнікаюць нават пры рабоце з добра знаёмым абсталяваннем.
Пацвярджаюць гэта і статыстычныя даныя: няшчасныя выпадкі адбываюцца часцей за ўсё па віне саміх гаспадароў. Прытрымлівацца прынцыпу “наладжаны побыт добра, а бяспечны — яшчэ лепш” людзі, на жаль, пачынаюць толькі пасля таго, як зробяць памылку. Між тым забываць, ад чаго залежыць ваша жыццё і здароўе, ні ў якім разе не варта!
У першую чаргу звярніце ўвагу на спраўнасць газавых прыбораў — эксплуатаваць іх нават пры самых малых непаладках нельга. У выпадку выяўлення якіх-небудзь дэфектаў адразу ж перакрыйце падачу газу, праветрыце памяшканне і выклічце аварыйную службу па тэлефоне 104.
Майце на ўвазе, што нармальнае гарэнне характарызуецца спакойным полымем гарэлак, якія маюць выразныя блакітна-зялёныя ядры з фіялетавымі каўпачкамі. Калі ж вы бачыце жаўтавата-чырвонае адценне — значыць, поўнага згарання газу не адбываецца: гарэлка копціць.
Калі гатуеце, не забывайце адкрываць фортку і ўключаць выцяжку. Не ўстанаўлівайце кухонную мэблю, іншыя гаручыя прадметы і матэрыялы бліжэй за 20 см ад газавага абсталявання. Не разагравайце на газавых прыборах лёгкаўзгаральныя вадкасці. Не сушыце рэчы над полымем пліты. Дзверы з памяшкання, дзе ўстаноўлена газавае абсталяванне, павінны адкрывацца вонкі. Абавязкова перакрывайце кран падачы газу, калі сыходзіце з хаты, і ўвечары перад сном. Не падпускайце малалетніх дзяцей да газавай пліты (балона) і не дазваляйце ім гуляць на кухні.
Адчуўшы характэрны пах газу, адкрыйце вокны, перакрыйце газавы вентыль, патэлефануйце ў службу газу ад суседзяў ці з тэлефона-аўтамата. Не ўключайце святло і не карыстайцеся запалкамі або запальнічкамі. Не націскайце кнопку электрычнага званка і не карыстайцеся тэлефонам. Лепш выцягнуць шнур з разеткі, каб і вам не маглі патэлефанаваць. Часам іскра з’яўляецца пры ўключэнні і выключэнні электрапрыбораў (вельмі часта — халадзільніка) і яе дастаткова, каб выклікаць выбух, нягледзячы на меры засцярогі.
Катэгарычна забараняецца:
выкарыстоўваць газавае абсталяванне для абагравання памяшканняў;
падключаць да газавага абсталявання самаробныя гарэлкі і іншыя прыстасаванні;
самавольна падключаць і адключаць газавыя прыборы і балоны, разбіраць іх і рамантаваць, пераносіць на іншае месца.
Спосабы выяўлення ўцечкі газу:
на вока — на паверхні газавых труб, змочаных мыльнай вадой, у месцы ўцечкі ўтворацца бурбалкі;
на слых — у выпадку моцнай уцечкі газ выходзіць з трубы са свістам;
па паху — характэрны пах, які мае газ, становіцца мацней паблізу ўцечкі.
Ніколі не правярайце ўцечку газу адкрытым агнём!
На тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, дачных кааператываў, садаводчых таварыстваў, блокаў будынкаў-вагончыкаў пры адсутнасці цэнтралізаванага газазабеспячэння пры размяшчэнні газабалонных установак павінны выконвацца наступныя патрабаванні:
1. Індывідуальныя газабалонныя ўстаноўкі для забеспячэння газам кухонных пліт павінны размяшчацца ў прыбудове з негаручых матэрыялаў (металічнай шафе, пад металічным кажухом) каля глухога ўчастка знешняй сцяны на адлегласці не менш як 0,5 м ад вокнаў і дзвярэй жылога будынка.
2. Не ўстанаўлівайце газавы балон у нахіленым або перавернутым становішчы.
3. Колькасць балонаў, якія захоўваюцца ў прыбудове (шафе), не павінна перавышаць двух.
4. Шафы і кажухі павінны мець прыстасаванні для замыкання і адтуліны для праветрывання.
Алеся ДЗЕНІСЕНКА,
Цэнтр прапаганды МЧС Беларусі.