Калісьці я выкладала псіхалогію зносін у 7-х класах педагагічнай гімназіі № 3 Мінска. Сямікласнікі — асаблівыя навучэнцы са свежым поглядам на свет увогуле і зносіны ў прыватнасці. Як мала мы іх і пра іх ведаем па-за школьным жыццём. Выпадак, які чарговы раз пераканаў мяне ў гэтым, адбыўся нядаўна. Сустрэлася з былым навучэнцам, цяпер ужо дарослым чалавекам, Ігарам Падцерабам. Аказалася, будучы гімназістам, ён займаўся суднамадэляваннем, удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах, на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у венгерскім горадзе Банке заняў 5 месца (у залік ідуць першыя 8 месцаў). Ігар расказаў, што кіраваў імі ў складаным і надзвычай цікавым захапленні выдатны педагог Юрый Віктаравіч Ермакоў. Мне вельмі захацелася пазнаёміцца з гэтым чалавекам і расказаць нашым чытачам пра яго справу па душы — суднамадэляванні і навучанні дзяцей, падлеткаў, юнакоў пабудове і запуску мадэляў суднаў.
Сустрэліся мы з Юрыем Віктаравічам у майстэрні дзіцяча-юнацкай спартыўна-тэхнічнай школы па водных відах спорту, дзе наш суразмоўнік працуе настаўнікам і трэнерам. Майстэрня размешчана якраз насупраць Мінскага палаца дзяцей і моладзі. Палац — таксама рабочая прастора Юрыя Ермакова. Там ён кіраўнік гуртка суднамадэлявання. “Шчаслівы чалавек, — падумала я, — справай па душы напоўнены ўвесь яго час”. Жыццё ў педагога вельмі насычанае. Зараз Юрый Віктаравіч з навучэнцамі рыхтуецца адразу да двух спаборніцтваў: рэспубліканскіх “Навігацыя-2014” і “Тэхнаспорт-2014” у Мінску (у дзень выхаду газеты якраз пачнуцца старты) і да міжнародных у Калінінградзе.
“У Калінінградзе пройдзе чэмпіянат Еўропы. Мадэлі зроблены, спартсмены падрыхтаваны. Наша краіна нас пасылае”, — тлумачыць Юрый Ермакоў. Ён упэўнены, што яго каманда моцны канкурэнт.
— Заўсёды цікава, як знаходзяць справу па душы, як рана яе знаходзяць, што садзейнічае дасягненням?
— Захапіўся суднамадэляваннем я ў дзяцінстве. Мой бацька Віктар Міхайлавіч быў выкладчыкам суднамадэльнага спорту. Працаваў у Рэспубліканскім палацы моладзі. У групе ў яго было да 40 чалавек, за год бацька навучаў да 200 дзяцей. Суднамадэльны спорт быў вельмі папулярны. Цяпер менш ім займаюцца. Я быў у гуртку таты. Мы ездзілі на розныя спаборніцтвы, у тым ліку і чэмпіянаты Савецкага Саюза. Аднойчы быў такі выпадак у Рэчыцы: я выйграў чэмпіянат рэспублікі, заняўшы 1 месца насуперак прагнозам бацькі. Ён меркаваў, што пераможа іншы яго навучэнец. Я тады быў у 4 класе, пабудаваў трэцюю сваю мадэль і выступаў з ёю. У дзяцінстве мне вельмі падабалася будаваць і запускаць мадэлі яхт.
— Як жа развівалася ваша захапленне? Што было пасля першай перамогі?
— Працягваў удзельнічаць у спаборніцтвах. На гонках для дарослых у СССР спачатку займаў 11-12 месцы, паступова паляпшаў свае дасягненні. Пасля службы ў арміі мяне прынялі ў зборную Савецкага Саюза. Да моманту развалу СССР мы з сябрам былі ў тройцы лідараў у гэтым відзе спорту. Адным з апошніх у Савецкім Саюзе я атрымаў званне майстра спорту міжнароднага класа пасля паспяховага ўдзелу ў матчы мацнейшых суднамадэлістаў у класе мадэляў яхт. Тады я атрымаў 1 месца, перагнаўшы Віктара Назарава, які месяц на зад у Берліне стаў чэмпіёнам свету. Успамінаецца 2007 год, калі я стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету ў славацкім горадзе Сенніца. Адначасова з уласнымі выступленнямі дапамагаў бацьку весці гурток, іншы раз падмяняў яго. Нашы з татам любімыя навучэнцы зараз салідныя людзі. Некаторыя сталі вучонымі, працуюць у нашай краіне і за мяжой. Добра памятаю Ігара Германенку, Уладзіміра Чыкалінскага, Канстанціна Шчуку, Андрэя Місякова. З 1984 года ўжо рыхтую толькі сваіх навучэнцаў на базе спартыўнай школы і Мінскага палаца дзяцей і моладзі. Ездзім спаборнічаць з дзецьмі, заваёўваем прызавыя месцы. Спачатку я працаваў на заводзе “Будмаш” макетчыкам. Быў вынаходлівым, творчым, з тэхнічнымі ідэямі спецыялістам. Нават атрымаў бронзавы медаль ВДНГ у 80-я гады за вынаходствы. Але мая актыўнасць, новыя ідэі многім былі, мякка кажучы, не па душы, і мне прапанавалі заняцца трэнерствам у спартыўнай школе, рыхтаваць спартсменаў. Вырашыў, што гэта мне падыходзіць, і не памыліўся.
У гутарцы адчуваю, што Юрый Віктаравіч спяшаецца. Аказваецца, назначана трэніроўка на возеры. Удзельнікі бліжэйшых спаборніцтваў запускаюць свае мадэлі, праводзяць іх па трасе. На шчасце, мяне запрасілі на трэніроўку паглядзець і пафатаграфаваць. На беразе ўсе занятыя: хтосьці ўжо пераадольвае перашкоды трасы. Юрый Віктаравіч дае парады малодшым навучэнцам. Паўлу Алаеву (у яго хуткасная мадэль з электрарухавіком) падказвае, каб адразу на поўнай хуткасці трасу не асвойваў, каб прадугледзеў паступовы расход сілкавання. Больш за ўсё ўвагі Мішу Клімянку, бо рэспубліканскія спаборніцтвы, якія маюць адбыцца, для яго першыя. Міша з задавальненнем трэніруецца і прыслухоўваецца да вопытнага трэнера. Яму ж таксама хочацца быць такім, як Юрый Віктаравіч, як старэйшыя сябры. Сапраўды, пачынаючым суднамадэлістам ёсць на каго раўняцца. На прычале дапамагае дзецям Улад Ганіч — чэмпіён свету сярод юніёраў 2011 года ў венгерскім горадзе Банке (клас мадэляў НSS-B). Крыху пазней у майстэрні спартыўнай школы знаёмлюся з Арцёмам Сягаем — сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету сярод юніёраў 2013 года ў Калінінградзе (клас НSS-A), Канстанцінам Круком — чэмпіёнам свету сярод юніёраў 2013 года ў Калінінградзе (клас HSS-D).
— Хлопцы, што такое для вас захапленне суднамадэляваннем?
— Нялёгка выказаць словамі, але мы паспрабуем. Гэта задавальненне, самаразвіццё, стасункі, сябры, якія прыйдуць на дапамогу ў любы момант, замежныя кантакты, уменне многае зрабіць сваімі рукамі.
— Можа, і дзіўнае для вас пытанне, але я ўсё ж яго задам. Хто для вас Юрый Віктаравіч Ермакоў? Які ён?
— Сябар. Заўсёды падтрымае, дапаможа, нават у вучобе. Ён вельмі разумны, шматбаковы. З ім заўсёды ёсць пра што пагаварыць. У нас у камандзе з Юрыем Віктаравічам дух узаемадапамогі і ўзаемаўзбагачэння. Мы стараемся ў трэнера ўсяму навучыцца, што ён умее, а Юрый Віктаравіч стараецца за намі паспяваць у асваенні камп’ютара, напрыклад.
З нашых стасункаў з Юрыем Віктаравічам Ермаковым і яго выхаванцамі я зразумела, што суднамадэляванне — гэта лад жыцця, што ім нельга насыціцца, што гэтае захапленне адточвае розум, напаўняе сэрца радасцю. Юрый Віктаравіч лічыць, падмацоўваючы сваю думку аўтарытэтам фізіка П.Капіцы, што нідзе немагчыма атрымаць таго комплексу ведаў і ўменняў, як пры пабудове мадэлі судна.
“Пакуль дзіця не прасвідруе тысячу адтулін, у суднамадэляванні поспеху не дасягне”, — заўважае Юрый Ермакоў. Для пабудовы мадэлі трэба ўмець і чарцяжы чытаць, быць вытрыманым, упартым, працавітым. Педагог упэўнены, што, навучаючы сваіх вучняў, ён садзейнічае іх паспяховай кар’еры ў дарослым жыцці.
Пра сябе Юрый Ермакоў кажа, што сфармуляваў свой жыццёвы дэвіз ці, калі хочаце, крэда, калі прачытаў раман В.Пікуля “Честь имею”. Крэда Юрыя Віктаравіча, як трымаран, складаецца з трох частак: “Гонар маю! Вучуся як вучыцца! Быць, а не здавацца!”
Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.