Характар і поры года

Ці задавалі вы сабе калі-небудзь пытанне пра тое, ці мяняецца наш характар у сувязі са зменай пор года? Магчыма, з надыходам вясны мы ўсе становімся больш мяккімі, рамантычнымі, тонкімі… Існуе шмат класіфікацый адносна характару чалавека, якія ўлічваюць яго псіхалагічныя асаблівасці. Даследуем сёння межы сваёй псіхікі, якія аддзяляюць нас ад знешняга свету, на тонкасць і трываласць.

У побыце мы абазначаем межы псіхікі чалавека, характарызуючы яго як “таўстаскурага” (малаўразлівага, неўспрымальнага) або “танкаскурага” (уразлівага, успрымальнага). Адрозненні па гэтай прымеце ў людзей выяўляюцца даволі рана, у 3—4 гады. І ў “таўстаскурых”, і ў “танкаскурых” ёсць свае перавагі, недахопы, да якіх чалавек прывыкае. Таму ў большасці сваёй людзі не хочуць карэкціраваць склад сваёй псіхікі. Здараецца, што “танкаскурыя” глядзяць на “таўстаскурых” як на эмацыянальна затарможаных і нудных. А “таўстаскурыя” лічаць, што іх антыподы — дзіўныя тыпы, дзівакаватыя, крыху з вар’яцтвам. Гэта значыць, людзі з рознымі межамі псіхікі незразумелыя адно аднаму. Тым не менш і тыя, і другія добрыя. Яны проста розныя.Узаемаразуменне неабходна і магчыма, а наладжваць яго цікава. Напэўна, у кожнага з нас, дзякуючы саманазіранням, ёсць версія пра тонкасць і таўшчыню сваіх псіхалагічных межаў. І ўсё ж здорава даведацца пра гэта дакладна. Прайдзіце тэст Эрнста Хартмана. Ён складаецца з 18 сцвярджэнняў, якія неабходна ацаніць на правільнасць у адносінах да сябе, карыстаючыся шкалой з пяці балаў. Адзін бал — “зусім няправільна”, два балы — “хутчэй няправільна, чым правільна”, тры балы — “часам”, чатыры балы — “хутчэй правільна, чым няправільна”, пяць балаў — “гэта цалкам адносіцца да мяне”.
1. Мае пачуцці непрыметна перацякаюць адно ў другое.
2. Мне вельмі лёгка ўспамінаць свае дзіцячыя пачуцці.
3. Мяне лёгка пакрыўдзіць або крануць.
4. Шмат часу ў мяне ідзе на мары і фантазіі.
5. У мастацкай літаратуры, тэатры, кіно я лічу за лепшае дакладныя сюжэты, якія маюць пэўны пачатак, сярэдзіну і канец.
6. Добрай арганізацыяй можна назваць толькі такую, у якой усе дакладна ўяўляюць свае абавязкі і зразумела, хто за што адказвае.
7. Усяму ёсць сваё месца, і ўсё павінна быць расстаўлена па сваіх месцах.
8. Залішняя блізкасць з іншымі людзьмі часам мяне пужае.
9. Добрыя бацькі заўсёды крыху дзеці.
10. Я лёгка магу ўявіць сябе якой-небудзь жывёлай.
11. Калі што-небудзь здараецца з блізкім мне чалавекам або маім сябрам, я адчуваю сябе так, быццам гэта здарылася са мной.
12. Пачаўшы якую-небудзь работу, я не люблю звязваць сябе планам дзеянняў, а шмат у чым слухаю інтуіцыю.
13. Персанажы маіх сноў часта пераходзяць адзін у другі, аказваюцца рознымі людзьмі.
14. Часта мне здаецца, што на мяне ўплываюць пабочныя сілы.
15. Немагчыма правесці дакладныя межы паміж нармальнымі людзьмі і людзьмі з псіхалагічнымі праблемамі, неўротыкамі і проста вар’ятамі.
16. Я чалавек прыземлены, практычны, рэаліст.
17. Па характары я мог бы быць паэтам, мастаком, артыстам.
18. Часта я чую, што мяне хтосьці кліча па імені, але, азірнуўшыся, не знахожду нікога.
Зробім падлікі. Складзіце ўсе балы па ўсіх 18 пунктах, акрамя 5, 6, 7 і 16. Балы па гэтых чатырох пытаннях трэба лічыць наадварот: 1 за 5, 2 за 4, 4 за 2, 5 за 1. Пры такім адваротным падліку 3 балы, як сярэдні пункт шкалы, так і застаюца трыма баламі.
Вынікі. Сярэдні вынік — звычайна 35 балаў. Калі ў вас — 50 балаў і больш, вашы псіхалагічныя бар’еры вельмі тонкія. А калі вынік — 20 балаў і менш, то вас можна ахарактарызаваць як недастаткова ўразлівага чалавека.

Перад любым чалавекам, “танкаскуры” ён або “таўстаскуры”, стаіць праблема выбару, як правесці свой вольны час. Вясной светлавы дзень павялічваецца, а ў нас ствараецца ўражанне, што часу становіцца больш. Час — адзін з самых каштоўных рэсурсаў. Мы — гэта тое, чым напоўнены наш час. Каб мець высокую якасць жыцця, трэба правільна выкарыстаць свой рабочы і вольны час. Калі на рабоце мы выконваем патрабаванні, правілы, вырашаем задачы, не заўсёды намі пастаўленыя, то запаўненне часу для адпачынку цалкам залежыць ад нас.
Варта творча падысці да выбару заняткаў у вольныя часіны і дні. У гэтым выпадку нам будзе лягчэй працаваць, адчуваць радасць і напоўненасць жыцця. Каб вызначыць якасць правядзення вольнага часу, трэба вывучыць яго змест або правесці інвентарызацыю. Пачнём. Прапаноўваем дзесяць пунктаў з двума магчымымі варыянтамі адказаў. Для кожнага пункта трэба выбраць адзін варыянт.
1. а) У вас сапсаваўся тэлевізар, і вы спакойна чакаеце майстра.
б) Адразу ж знаходзіце спосаб адрамантаваць тэлевізар, бо не можаце без яго абысціся ніводнага дня.
2. а) Вы можаце назваць тры кнігі, якія нядаўна прачыталі або збіраецеся прачытаць?
б) Вы яшчэ не ведаеце, што будзеце чытаць, таму што пэўных планаў у вас няма.
3. а) У вас ёсць хобі — калекцыяніраванне званочкаў або захапленне фатаграфіяй, або…
б) Любімы ваш занятак — выцягнуцца на канапе або правесці вечар у найбліжэйшым кафэ.
4. а) Вы любіце прыроду, прагулкі па лесе, карыстаецеся любой магчымасцю, каб здзейсніць экскурсію.
б) Хаджэнне пехатой не прыносіць вам ніякага задавальнення, лепш лішні раз праехаць у аўтобусе або аўтамабілі.
5. а) Цэлы год вы без стомы працуеце, бегаеце па справах, а калі пачынаецца адпачынак, выдатна адпачываеце, нічога не робячы.
б) Лічыце за лепшае падчас адпачынку падарожнічаць, паглядзець новыя месцы.
6. а) Уявіце, што ў вас нечакана з’явіўся свабодны дзень. У вас няма праблемы, што рабіць: планаў шмат.
б) Адкуль мне ведаць, як яго правесці, бо гэта адбылося так нечакана.
7. а) У нядзелю вы чакаеце тэлефоннага званка. Але пакуль яшчэ не пазванілі, седзіце перад тэлевізарам або камп’ютарам.
б) Тым часам займаецеся прыбіраннем у кватэры.
8. а) Дома вы гуляеце ў калектыўныя гульні: шахматы, даміно, настольныя гульні.
б) У вас няма ніводнай з гэтых гульняў, але вы збіраецеся іх набыць.
9. а) Вы не адчуваеце ніякіх эмоцый да чалавека, які разводзіць галубоў, вам гэта абыякава.
б) Вы можаце зразумець таго, хто завёў якую-небудзь жывёлу і вельмі захоплены гэтым.
19. а) Вольны час для вас не праблема, у вас столькі розных інтарэсаў, што вы не ведаеце, чым у першую чаргу зоймецеся.
б) Вольны час бывае для вас цяжарам, і часам хочацца, каб выхадныя хутчэй мінулі.

Ключ да тэста. Калі вы выбралі варыянт “а” пры адказах на пытанні 1, 2, 3, 4, 6, 10, запішыце сабе па два балы.
Таксама два балы, калі вы выбралі варыянт “б” на пытанні 5, 7, 8, 9.

Вынікі. Ад 0 да 8 балаў. Вольны час вы праводзіце вельмі аднастайна: не шукаеце забаў, не маеце дастаткова інтарэсаў. Неабходна час ад часу праяўляць актыўнасць і вынаходлівасць, волю і жаданне. Наўрад ці вы парадуеце свайго партнёра, калі адкажаце яму, што не ведаеце, як правесці выхадныя.

Ад 10 да 18 балаў. Вы лічыце за лепшае спакойны адпачынак каля тэлевізара або з кнігай у руках. Але гэта не заўсёды дапамагае вам вярнуць сілы. Ці не заняцца вам спортам? Магчыма, далей намераў справа не пойдзе. І ўсё ж калі вы дапоўніце свой вольны час спартыўнымі забавамі, паходамі, музыкай, то атрымаеце больш задавальнення ад жыцця.

Ад 16 да 20 балаў. Вы ўмееце карыстацца кожнай хвілінай, слова “сум” вам незнаёмае. Калі вы набралі роўна 20 балаў, задумайцеся: ці цікавая вам ваша работа, што вам дае сям’я, а што вы ёй? Ці застаецца ў вас час на што-небудзь, акрамя забаў?

Можна дапусціць, што большасць зімовых думак круцілася вакол таго, як цёпла апрануцца, смачна паесці, выспацца, не спазніцца на работу, выканаць даручэнні начальства, не захварэць. А вясной нам хочацца большага: гуляць па сонечным горадзе, выязджаць за яго межы, хадзіць у кафэ, перастаўляць мэблю, знаёміцца з новымі людзьмі і яшчэ шмат чаго. Самы час задумацца, ці задаволены вы жыццём, толькі-толькі ачуўшыся ад зімовай мернасці.
Ацаніце свае адносіны да жыцця.
1. Іншыя апранаюцца лепш, чым вы?
2. Вы хочаце жыць у іншым доме?
3. Хацелі б вы мець іншую работу?
4. Ці хацелася вам хоць раз выдаць сябе за кагосьці іншага?
5. Ці ганарыцеся вы тым, што зрабілі ў сваім жыцці?
6. Ці ўмееце ладзіць з партнёрам?
7. У вас заўсёды добрыя адносіны з сябрамі?
8. Ці знаходзіце вы агульную мову са сваякамі?
9. Вы задаволены сваім сексуальным жыццём?
10. Вам падабаецца ваша знешнасць?
11. Ці добра вы спіце?
12. Ці часта вы бываеце расчараваны і ўзлаваны?
13. Ці падабаецца вам быць актыўным?
14. Вы лёгка расслабляецеся?
15. Ці думаеце, што лёс да вас несправядлівы?
Падлічыце балы. У пытаннях 1—4, 12, 15 адмоўны адказ прыносіць 1 бал, а ў пытаннях 5—11, 3, 4 — наадварот, 1 бал дае адказ “так”.

Вынікі. 9 балаў або больш. Вы вельмі задаволены сваім жыццём. Цалкам натуральна, што існуюць некаторыя рэчы, якія хацелася б змяніць, але ўвогуле вы шчаслівыя і задаволеныя тым, што маеце.

Ад 4—8 балаў. Вы ў асноўным задаволены, хаця існуе тое, што хацелася б па магчымасці змяніць.

3 балы ці менш. Вы незадаволены, і ў гэтым няма сумненняў. Многае вы хацелі б змяніць у сваім жыцці. Поўнае задавальненне выклікаюць толькі некаторыя аспекты вашага ладу жыцця.
Якія б вынікі па тэстах, прапанаваных сёння, вы, паважаныя чытачы, ні атрымалі, самы час строіць планы невялікіх або глабальных змен у жыцці, прадыктаваных вясновымі вятрамі, смелымі сонечнымі промнямі, светлымі і яснымі вечарамі. Вясна ідзе і набірае сілу, а разам з ёй і мы квітнеем і як быццам нанова нараджаемся. Гэта натуральна, бо мы — частка прыроды.

Святлана РАДЗЬКОВА.