Ці складана вырасціць расаду петуніі?

Тэрыторыя любой установы — гэта яе “твар”, таму штогод неабходна скрупулёзна прадумваць, якая ўпрыгожыць. А калі тэрыторыя вялікая, як у нас, важна навучыцца вырошчваць сваю расаду: танна і прыгожа.

Не сакрэт, што самая доўгаквітнеючая расліна, якая не ўступае іншым кветкам па прыгажосці, — гэта петунія. Ужо другі год я як настаўніца біялогіі займаюся вырошчваннем гэтай прыгажуні ва ўмовах вучэбнага кабінета. З упэўненасцю магу сказаць, што расаду петуніі вырасціць нескладана. Для поспеху трэба выканаць усяго некалькі ўмоў: удала падабраць грунт, забяспечыць дастатковае асвятленне, своечасова пікіраваць і падтрымліваць тэмпературу паветра +20 — +25°С.
Глеба павінна быць рыхлай, дастаткова ўрадлівай і добра ўтрымліваць вільгаць. Калі выкарыстоўваць гатовы грунт, трэба дабавіць у яго крыху прамытага пяску (прыкладна 1 частка пяску на 5—6 частак грунту). Можна прыгатаваць уласную сумесь, змяшаўшы для гэтага роўныя часткі перагною, дзярновай зямлі, торфу і прамытага пяску. Я выкарыстоўваю больш просты састаў: торф, агародная зямля і пясок (2:1:1). Галоўнае, каб субстрат для пасеву насення быў абеззаражаны ад хвароб і шкоднікаў і добра прапускаў ваду.
Для пасеву насення можна выкарыстоўваць спецыяльныя пластмасавыя ёмістасці вышынёй не менш за 10 см. Вельмі добра падыходзяць шклянкі ад ёгурту, якія назапашваем на працягу навучальнага года. Ёмістасць трэба запоўніць субстратам на 8 см, 2 см пакінуць свабоднымі, каб пры праветрыванні засцерагчы маладыя ўсходы ад змяненняў тэмпературы і халоднага паветра.
Калі вырошчваць расаду петуніі на падаконніку, сеяць трэба не раней за сярэдзіну сакавіка, калі дзень ужо дастаткова доўгі. Але калі ёсць жаданне высадзіць у маі ўжо квітнеючую расаду, то лепш пасеяць петунію напрыканцы лютага. Тэмпература для паспяховага прарастання насення — +25°С.
Насенне петуніі бывае двух тыпаў — чыстае і пакрытае абалонкай. Грануляванае насенне валодае шэрагам пераваг. Абалонка захоўвае яго ад хвароб і розных механічных пашкоджанняў, а таксама аблягчае высяванне. Перавага насення без абалонкі ў тым, што яно больш таннае і пры правільным высяванні можна дасягнуць добрых усходаў.
Я аддаю перавагу насенню петуніі ў гранулах. Грануляванае насенне размяркоўваецца па паверхні глебы пры дапамозе зубачысткі і зверху зямлёй не прысыпаецца. Пасевы трэба апырскаць вадой з пульверызатара. Потым ёмістасці з пасевамі накрыць шчыльнай празрыстай плёнкай і паставіць у светлае цёплае месца (прыкладна +22°С — +25°С).
Праз тыдзень з’явяцца ўсходы петуніі. З гэтага моманту іх трэба праветрываць хаця б раз у дзень (лепш двойчы). Для гэтага здымаю плёнку, выдаляю з яе кандэнсат і пакідаю пасевы на 10—15 хвілін адкрытымі. Дакладны час праветрывання не мае вялікага значэння. Нічога дрэннага не здарыцца, калі накрыць пасевы адразу. Можна праветрываць пасевы і гадзіну.
Петунія патрабавальная да вільгаці. Перасушка загубіць расліны. Увільгатняць можна з паддона ці палівам пад корань, галоўнае, каб вада не трапляла на лісточкі. Вопыт паказаў, што найлепшы эфект дае паліў пад корань пры дапамозе спрынцоўкі.
Спачатку сеянцы петуніі развіваюцца вельмі марудна, іх сілы ідуць на нарошчванне каранёвай сістэмы. Гэта самы складаны перыяд у вырошчванні расады.
Як толькі сеянцы петуніі падрастуць так, што іх можна ўтрымаць пальцамі, трэба распікіраваць расаду ў асобныя ёмістасці, асцярожна разрыхляючы лапатачкай ці зубачысткай тонкія карэньчыкі. У індывідуальных ёмістасцях расліне будзе зручней развівацца, яна вырасце больш здаровай, ды і перасаджваць у адкрыты грунт расаду будзе лягчэй. Пры пікіроўцы сеянец заглыбляецца да першых сапраўдных лісточкаў, каб утварылася добрая каранёвая сістэма і знізілася верагоднасць пашкоджання парасткаў “чорнай ножкай”.
Калі карэньчыкі доўгія, трэба іх прышчыпнуць, каб пры пасадцы можна было свабодна размеркаваць іх у грунце. Асцярожна паліць, каб грунт асеў. Накрыць празрыстай плёнкай і штодзённа праветрываць расаду. Каб расліны падчас росту моцна не выцягваліся, петунію можна паставіць у больш халоднае месца. Зняць плёнку можна толькі тады, калі на расадзе з’явіцца чатыры сапраўдныя лісточкі.

Важна ведаць:
* Каб з насення вырасла здаровая, прыгожая петунія, расаду неабходна рэгулярна акуратна паліваць. Пры перасыханні глебы расліны загінуць, а залішняя вільгаць прывядзе да з’яўлення “чорнай ножкі”. Яшчэ слабыя сеянцы трэба асцярожна паліваць пад корань.
* Праз два тыдні пасля пікіроўкі ўносяцца падкормкі. Спачатку кожныя два дні трэба толькі апырскваць лісце ўгнаеннем, мяняючы пачаргова стымулятары росту і комплексныя мінеральныя ўгнаенні з азотам. У далейшым можна дабавіць каранёвую падкормку.
* Расада петуніі мае патрэбу практычна ў кругласутачным асвятленні. Неабходна забяспечыць не толькі дзённае дасвечванне сеянцаў у змрочнае надвор’е, але і пакідаць прыглушанае святло на ноч.
* Нельга дапускаць з’яўлення скарынкі на глебе, інакш сеянцы задыхнуцца.
* Калі ўсходы занадта выцягнуліся, трэба падсыпаць крыху глебавай сумесі ці паглыбіць сеянцы у глебу.

Таццяна ЛЕБЕДЗЬ,
настаўніца хіміі і біялогіі Зэльвенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*