Хранічны танзіліт

Хранічным танзілітам называюць хранічнае запаленне паднябенных міндалін. Аднак, калі быць больш правільным, гэта агульнае захворванне з лакалізацыяй працэсу ў паднябенных міндалінах. З кожным годам хворых з такім дыягназам становіцца ўсё больш, але самае страшнае тое, што, як і многія хваробы, хранічны танзіліт “маладзее” і ўсё часцей сустракаецца ў дзяцей 5—7-гадовага ўзросту.

Частыя ВРВІ, ангіны, спрыяльная для мікробаў флора ў ротавай поласці, анатамічная будова міндалін (вузкія крыпты, якія галінуюцца і пранізваюць міндаліну), зніжэнне ахоўных сіл арганізма, спадчынная схільнасць — усё гэта прыводзіць да фарміравання хранічнага запаленчага працэсу ў тоўшчы паднябенных міндалін. Міндаліны бываюць як вялікіх, так і малых памераў. У лакунах міндалін могуць быць бачны казеазныя пробкі або вадкі гной, што ў сваю чаргу прыводзіць да непрыемнага гніласнага паху з рота, а суб’ектыўна праяўляецца ў выглядзе пяршэння ў горле. Пярэднія паднябенныя дужкі пры хранічным танзіліце гіперэмаваныя, патоўшчаныя. Часам міндаліны спаяны з паднябеннымі дужкамі.

Вызначаюць дзве формы хранічнага танзіліту: кампенсаваная і дэкампенсаваная. Пры першай ахоўныя сілы арганізма не даюць інфекцыі выходзіць за межы міндалін, як гэта адбываецца пры дэкампенсаванай форме хранічнага танзіліту. А менавіта з’яўляюцца болі ў суставах (часцей каленных), мышачныя болі, працяглы субфібрылітэт, частыя ангіны, паратанзілярныя абсцэсы. Пашкоджваюцца ныркі, сэрца. У біяхімічным аналізе крыві павышаецца ўзровень “Антыстрэпталізіну — О”, што гаворыць пра хранічную стрэптакокавую інфекцыю.

Да асноўных прынцыпаў лячэння адносіцца санацыя ачага інфекцыі і павышэнне рэзістэнтнасці арганізма. А іменна: 1) прамыванне лакун паднябенных міндалін; 2) фізіятэрапеўтычнае лячэнне; 3) павышэнне імунітэту і ахоўных сіл арганізма; 4) лячэнне звязаных з гэтым паталогій ЛОР-органаў. Да хірургічнага метаду лячэння звяртаюцца пры дэкампенсаванай форме хранічнага танзіліту. Міндаліны выдаляюць як пад агульнай, так і пад мясцовай анестэзіяй.

Армен ГАНЯН,
урач-отарыналарынголаг 22-й дзіцячай паліклінікі Мінска.