Хвароба або мускульны голад?

У эпоху індустрыялізацыі і прагрэсу, усеагульнай камп’ютарызацыі і інтэрнэту колькасць фізічных намаганняў і нагрузак на чалавечы арганізм значна скарачаецца. Памяншаецца часам і неабходнасць у іх. Цывілізацыя з карысці для чалавека нярэдка ператвараецца ў яе супрацьлегласць, спараджаючы такія сур’ёзныя захворванні, як гіпадынамія.

Гіпадынамія — гэта абмежаванне рухальнай актыўнасці, якое прыводзіць да парушэнняў функцыі арганізма: апорна-рухальнага апарату, кровазвароту, дыхання, стрававання. З кожным годам гіпадынамія нарастае і ператвараецца ў сацыяльную з’яву, яе яшчэ называюць “хваробай цывілізацыі”.
Па даных СААЗ ад хвароб, выкліканых недастатковай фізічнай актыўнасцю, штогод у свеце памірае каля 1,9 млн чалавек. Гарадское насельніцтва схільна да гэтай хваробы больш, чым сельскае.
Гіпадынамія можа быць звязаная з захворваннем, асаблівасцямі ладу жыцця, прафесійнай дзейнасцю, доўгім пасцельнай рэжымам і г.д. У школьным узросце яна нярэдка выцякае з нерацыянальнага распарадку дня дзіцяці, перагрузкі вучобай (з прычыны чаго застаецца мала часу для прагулак, гульняў, заняткаў спортам), празмернага захаплення камп’ютарам або гульнямі, звязанымі з сядзячым ладам жыцця.
Гіпадынамія ў спалучэнні з іншымі фактарамі можа з’явіцца перадумовай да ўзнікнення цэлага шэрагу хваравітых станаў і нават захворванняў.
Без працы мышцы слабеюць і паступова атрафіруюцца. Памяншаецца сіла і вынослівасць, парушаецца дзейнасць нервовай сістэмы, абмен рэчываў. З цягам часу могуць развіцца астэапароз і астэахандроз. Гіпадынамія прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў, такіх як ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, расстройствы дыхання і стрававання. Часта праяўляецца метабалічны сіндром (атлусценне, павелічэнне рызыкі атэрасклерозу). Зніжэнне рухальнай актыўнасці ў сярэднім і сталым узросце паскарае старэнне арганізма, прыводзіць да слабасці і драхласці мышцаў, парушэння агульнага і мазгавога кровазвароту. Усе гэтыя змены ў канчатковым выніку адбіваюцца на працягласці жыцця ў бок яе змяншэння.
Асабліва небяспечная гіпадынамія ў раннім узросце. Так званы мускульны голад у дзяцей можа прывесці да больш выяў-леных парушэнняў функцый, чым у дарослых, да зніжэння не толькі фізічнай, але і разумовай працаздольнасці.
Папярэдзіць гіпадынамію ў паўсядзённым жыцці дапамагаюць паўнавартасная фізічная актыўнасць, штодзённая ранішняя зарадка, вытворчая гiмнастыка, заняткі фізкультурай і спортам, фізічная праца, пешыя прагулкі і г.д.

Наталля АДЗЯРЫХА,
валеолаг Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.