Каб адпачынак быў на карысць

Здароўе, радасць сонечных дзён і доўгачаканы адпачынак абяцае нам лета, але ў адпачынку ёсць і адваротны бок, пра які не варта забываць.

Што трэба ведаць?

Бадай, няма больш эфектыўнага спосабу загартоўкі, чым водныя працэдуры. Плаванне, як від фізічных практыкаванняў, паляпшае кровазварот і дыханне, здымае боль у мышцах і нервовых ствалах, дапамагае аднавіць і павялічыць аб’ём руху ў паралізаваных канечнасцях і кантрактурах у суставах.
Купальны сезон для загартаваных лепш за ўсё адкрываць пры тэмпературы вады і паветра не менш як 15-16°С. Аптымальны час для купання — раніца і вечар па 5-6 хвілін, даводзячы яго паступова да 20—30 хвілін. Спачатку заходзьце ў ваду 2-3 разы ў дзень з інтэрвалам 3-4 гадзіны.
Не варта адразу кідацца ў ваду разагрэтым ці потным, а тым больш на перапоўнены страўнік і ў стане алкагольнага ап’янення. Перад заплывам гіпертонікам і сардэчнікам ёсць сэнс прыняць нечарговую прапісаную ўрачом таблетку. На адпачынку не адмяняйце адразу лекі, бо хвароба можа вярнуцца (ціск, сардэчны боль і інш.). Заўсёды майце пры сабе лекавыя сродкі для сэрца: нітрагліцэрын, валідол; для зніжэння ціску: карынфар, і на выпадак сутаргаў у нагах — шпільку.

Помніце!

Нельга далёка заплываць тым, хто перанёс нядаўна інфаркт міякарду, інсульт, сур’ёзную хірургічную аперацыю, і тым, хто пакутуе ад эпілепсіі, сутаргаў канечнасцей, хранічнай сардэчнай недастатковасці.

Асцярожна: сонца!

Сонца — гэта лякарства. У правільна падабранай дозе яно стымулюе нервовую сістэму, паляпшае абмен рэчываў, садзейнічае ўтварэнню ў арганізме неабходнага вітаміну Д, спрыяльна адбіваецца на залозах унутранай сакрэцыі, паляпшае ахоўныя сілы арганізма і падымае яго агульны тонус. Пры перадазіроўцы атрымліваецца адваротны эфект. Прамыя сонечныя промні проціпаказаны хворым з ішамічнай хваробай сэрца, гіпертаніяй, варыкозным расшырэннем вен, атлусценнем, туберкулёзам, хваробай Паркінсона, эпілепсіяй, хваробамі вачэй, печані, а таксама дзецям дашкольнага ўзросту.

Час загараць!

Самы спрыяльны час для загару — раніца з сямі да дзесяці гадзін. Пачынаць трэба паступова, з 5—10 хвілін, даводзячы да 1—1,5 гадзін. Помніце: ногі павінны быць павернуты да сонца, а галава прыкрыта светлай панамай ці іншым галаўным уборам, на вачах — сонцаахоўныя акуляры. Часцей мяняйце становішча цела, не спіце на пляжы. Перапоўнены страўнік, алкаголь, піва, розныя тонікі з алкаголем не саюзнікі сонцу, а яго лютыя ворагі. Калі “перабралі” ўльтрафіялету, устрымайцеся ад загару 1-2 дні. Пры апёках выкарыстоўвайце прымочкі з настою мяты, святаянніка, кары дуба. Калі апякліся да пухіроў, не зрывайце іх, а папырскайце пантэнолам.

“И когда на море качка…”

Тым, хто аддае перавагу дынамічнаму адпачынку на цеплаходах, аўтобусах, цягніках, самалётах, але іх укалыхвае, варта ведаць, што хвароба ўкалыхвання бывае скрытай і выяўленай. Першая працякае ў лёгкай форме і часцей выяўляецца ў канцы падарожжа слабасцю, млоснасцю, галавакружэннем, пазяханнем. У такім выпадку выкарыстоўвайце аэрон, валідол ці мятныя таблеткі пад язык. Лімонны сок, чай, кава дапамогуць справіцца з укалыхваннем. Пры выяўленай форме ўсе вышэйпералічаныя сімптомы ўзмацняюцца і дапаўняюцца халодным потам, слінацячэннем, млоснасцю, ванітамі, сэрцабіццём, падзеннем ці пад’ёмам артэрыяльнага ціску. У цяжкіх выпадках чалавек страчвае прытомнасць.
Каб не азмрочваць адпачынак, ведаючы пра сваю хваробу, не карыстайцеся гэтымі відамі транспарту, а калі ўсё ж адважыліся, то не перагружайце сябе перад падарожжам ежай і падчас яго старайцеся адмаўляцца ад каларыйнай ежы. Майце пры сабе аэрон, валідол, мятныя таблеткі, нашатырны спірт і для перакусу любыя цытрусавыя.
У аўтобусе, машыне сядайце на пярэднія месцы. Каюта на цеплаходзе павінна быць у цэнтры, лепш на шлюпачнай палубе, якая добра праветрываецца. Не чытайце, не фіксуйце вочы на блізкіх аб’ектах, а часцей глядзіце ўдалечыню. Трымайцеся далей ад тых, хто курыць, ад харчовых блокаў і аматараў спіртнога: пахі ад іх могуць справакаваць млоснасць.
Прыемнага вам летняга адпачынку.

 Кацярына АЛЯШКЕВІЧ,
метадыст аддзела грамадскага здароўя
Рэспубліканскага цэнтра гігіены, 
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.