Каб не згаслі “калядныя агеньчыкі”

Ёсць кветкі, якія цвітуць лісцем, што не зусім звычайна сярод раслін. У снежні, напярэдадні Каляд, распускаецца незвычайна прыгожая кветка — малачай найпрыгажэйшы (Euphorbia pulcherrima), або пуансэція (Poinsettia).

Цвіце малачай на Каляды, таму яго яшчэ называюць Каляднай зоркай і часта дораць якраз на святы. Аднак многія лі­чаць пуансэцію аднаразовай кветкай і выкідаюць, ледзь яна адцвіце. Між тым правільны догляд дазволіць “калядным агеньчыкам” свяціць не адзін год.

У дзікай прыродзе пуансэція з’яўляецца вечназялёным кустарнікам і можа дасягаць 4 метраў. У хатніх умовах вышыня кусціка дасягае ўсяго толькі 0,3—0,5 метра. Расліна мае цёмна-зялёныя ліставыя пласціны эліпсападобнай формы даўжынёй да 15 сантыметраў. Кветкі жаўтаватыя, дробныя, сабраныя ў разеткападобныя суквецці, але вакол іх утвараюцца ярка-чырвоныя прыкветкі, якія часта людзі лічаць кветкамі. Дзякуючы селекцыі, з’явіліся гатункі з белымі, ружовымі, жоўтымі прыкветкамі, а таксама двухколернымі.

Пуансэція выдатна расце на заходніх ці ўсхо­дніх вокнах. Для захавання яркай афарбоўкі ёй неабходна яркае святло. У перыяд цвіцення асветленасць адыгрывае важную ролю: апынуўшыся ў цёмным месцы, кусцік можа скінуць лісце. Для фарміравання кусціка прыгожай формы кветку неабходна перыядычна паварочваць да святла.

Тэмпературны рэжым залежыць ад фазы росту: падчас актыўнага росту і развіцця — 18—25ºС, у перыяд цвіцення (зімовы перыяд) — 14—16ºС, падчас спакою — 12—14ºС. Улетку расліну можна выносіць на свежае паветра.

Пуансэція — трапічная расліна і любіць вільготнае паветра (каля 60—65%). У асенне-зімовы перыяд глеба павінна быць злёгку вільготнай, у вяснова-летні — кусцікі шчодра і сістэматычна паліваюць.

Праз два месяцы пасля набыцця расліну перасаджваюць у больш прасторную пасу­дзіну ў свежую зямлю. Для вырошчвання пуансэціі лепш за ўсё падыдзе пажыўная слабакіслая зямля. Можна выкарыстоўваць універсальныя грунты для малачайных або самастойна змяшаць гліністы дзёран з ліставой глебай, пяском і торфам (3:2:1:1). На дно ёмістасці варта закласці дрэнаж.

Яшчэ праз два месяцы пуансэція істотна разрастаецца, таму маладыя парасткі абраза­юць прыкладна на трэць. На працягу лета і восені расліна хутка расце. Каб падтрымліваць у расліны дэкаратыўны выгляд, патрэбна перыядычнае абразанне.

У дзікай прыродзе Калядная зорка размнажаецца з дапамогай насення. У хатніх умовах выкарыстоўваюць вегетатыўны метад. Для гэтага робяць нарыхтоўку чаранкоў вясной, даўжыня чаранкоў павінна быць прыкладна 10 см. Зрэзаныя чаранкі змяшчаюць у цёплую ваду, для таго каб атрутны сок выйшаў і не перашкаджаў укараненню. Затым іх апрацоўваюць стымулятарам для росту каранёў і саджаюць у прыгатаваны субстрат. Чаранкі накрываюць плёнкай і ставяць у добра асветленае месца, не забываючы аб перыядычным апырскванні і паліве. Як толькі на чаранках пачынае з’яўляцца пяты-шосты ліст, робяць прышчэпку для фарміравання кроны кусціка.

Догляд расліны складаецца з абавязковых падкормак з мая да восені. Лепш аддаць перавагу мінеральным комплексам. У перыяд цвіцення можна выкарыстоўваць угнаенні з высокім утрыманнем калію.

У хатніх умовах кветка можа падвяргацца захворванням, на ёй могуць пасяліцца шкоднікі: белакрылка, павуцінны клешч, трыпсы, шчытоўкі. Паразітаў знішчаюць з дапамогай народных сродкаў або хімічных інсектыцыдаў.

Каб атрымаць цвітучую расліну да Каляд, у хатніх умовах неабходна ў восеньскі перыяд штучна скараціць для пуансэціі светлавы дзень.

Улічваючы ўсе рэкамендацыі па доглядзе пуансэціі, можна атрымаць прыгожую расліну, якая будзе радаваць вока ў зімовыя месяцы і ствараць атмасферу свята.

Юлія ВЫРДЗІНА,
настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 2 Скідзеля.