Сям’я – каханне і шчасце

Лірычная мініяцюра

Ціхі зімовы вечар. Прайшло навагодняе святкаванне. Ёлка ў святочным убранні зіхаціць рознакаляровымі агеньчыкамі. На ёй і гэтым разам з’явіліся новыя цацкі: бліскучы шарык, серабрыстая сняжынка з крышталікам і маленькае тыграня — сімвал года.

Стала сямейнай традыцыяй набы­ваць новыя цацкі для лясной прыгажуні. Разглядаючы іх на галінках, адразу падумалася, што ў хуткім часе цацак на ёлцы будзе зашмат, таму прыгажуню трэба выбіраць больш высокую. А сын неяк сказаў бацьку: “Такое ўражанне, што ёлка стала маленькай”. На што тата адказаў: “А гэта нічога, што нехта вырас”.

Так, час ідзе: дзеці растуць, мы становімся больш вопытнымі і разважлівымі. І ўсё яскравей разумеем, што шчасце складаецца з самых простых рэчаў: бацькоўскага дому, звонкага дзіцячага смеху, здароўя і любові родных табе людзей.

Сям’я… Традыцыі… Гэта тое, што вяртае нас у маленства, юнацтва, у той час, калі мама і тата заўсёды былі побач, заўсёды падтрымлівалі і падбадзёрвалі, клапаціліся пра цябе, пра сямейны дабрабыт. Так і ты сам стараешся прыкласці ўсе намаганні, каб твой дом быў самым утульным і родным для ўжо тваіх дзяцей.

Сям’я… Традыцыі… Адпраўляць і атрымліваць паштоўкі з нагоды свята. Чытаць словы, ад якіх, як ад духмянага пірага, цягне цеплынёй, водарам і радасцю. Толькі сям’я можа натхніць на шчырыя і ветлівыя словы: “з Новым годам”, “казачнага новага года”, “шчаслівага новага года”, “моцнага здароўя”, “мілыя бацькі”, “заставайцеся такімі шчырымі”…

Сям’я дае нам упэўненасць у сваіх сілах, вучыць нас адкрываць для сябе жыццё. Якое шчасце, калі ты ведаеш, якія шырокія і ласкавыя далоні ў бацькі, якія добрыя і мілыя вочы ў матулі, якія адкрытыя сэрцы ў самых дарагіх табе людзей!

Добра, калі ёсць час не спяшацца, падумаць, паразважаць і пераканацца ў тым, што ты не адзін у Сусвеце, што ты — часцінка гэтага космасу, назва якой такое моцнае і разам з тым пяшчотнае слова — сям’я.

Шчасце — адчуваць цяпло і любоў родных людзей, дзяліцца сваімі думкамі і ўспамінамі, адчуваць іх прысутнасць нават тады, калі яны знаходзяцца далёка.

Ціхі зімовы вечар. Пярэдадзень Каляд. Сям’я збярэцца за вялікім святочным сталом. Адбудзецца сапраўдны цуд, напоўнены водарам мандарынаў, шчасця і кахання.

Таццяна МІХНО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі імя І.М.Ерашова Лепеля.