Старажытная мудрасць гаворыць: “Каб выхаваць добрага чалавека, трэба штодзень на працягу многіх гадоў даваць дзіцяці чатыры ўрокі: здароўя, любові, мудрасці і працы”. “Навучыць дзіця працаваць — гэта значыць зрабіць яго шчаслівым на ўсё жыццё”, — упэўнена Святлана Валянцінаўна Курская, госця нашай рубрыкі. Як настаўнік працоўнага навучання, сурдапедагог (педагог для дзяцей са зніжэннем або адсутнасцю слыху) Святлана Валянцінаўна імкнецца вучыць дзяцей думаць, аналізаваць, прапаноўваць ідэі, цаніць прыгожае, творча падыходзіць да жыцця, бо творчыя людзі хутчэй адаптуюцца ў грамадстве, лепш асвойваюць прафесію і выконваюць сваю работу. Прафесійны вопыт Святлана Курская набывала і прымяняе ў Мінскай абласной спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху.
— Святлана Валянцінаўна, як вы даведаліся пра шарсцяную акварэль і адчулі, што вашым навучэнкам гэта будзе пад сілу?
— Мае вучні разам са мной авалодалі многімі тэхнікамі прыкладнога мастацтва: гэта і дэкупаж, і выпілоўванне лобзікам, і вышыванне. Мне і маім выхаванцам хочацца навучыцца новым спосабам стварэння прыгажосці. Прафесійны вопыт упэўніў мяне, што дзеці з парушэннем слыху выдатна валодаюць пэндзлем і фарбамі. Вось і з’явілася ідэя замяніць фарбы шарсцянымі валокнамі, а пэндзлікі — дзіцячымі пальчыкамі і такім чынам паспрабаваць ствараць вырабы ў тэхніцы шарсцяной акварэлі. Гэтая тэхніка — разнавіднасць валення з шэрсці. Яго можна аднесці да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Работа ў тэхніцы шарсцяной акварэлі спрыяе ўзнікненню ў вучняў станоўчых эмоцый, стымулюе жаданне працаваць і авалодваць тонкасцямі майстэрства. Гэта можа стаць прафесіяй у будучыні.
— Святлана, падзяліцеся сакрэтамі тэхнікі, адна назва якой абуджае цікаўнасць і натхняе.
— У мінулым навучальным годзе мы пазнаёміліся з незвычайным відам рукадзелля — валеннем шэрсці. Узяўшы аднойчы ў рукі маленькі кавалак шэрсці, не расстанешся з ім ніколі. За паўгода мы стварылі розныя вырабы (карціны, магніцік на халадзільнік і брошкі). Але больш за ўсё нам спадабалася пісаць шэрсцю карціны, яны атрымліваюцца яркімі і цёплымі. З Анжэлай Бохан, Настассяй Буцер, Таццянай Дзеравяга, Алесяй Арэхва, Янай Царыкевіч мы спадзяёмся, што нашы работы, выкананыя ў тэхніцы валення, будуць радаваць людзей.
Існуюць дзве асноўныя тэхнікі валення шэрсці: валенне па-сухому (сухое, або халоднае) і па-мокраму (мокрае, або гарачае).
Шарсцяная акварэль — гэта разнавіднасць валення па-сухому. Тэхніка з’яўляецца ўвасабленнем працэсу малявання каляровай шэрсцю. Маляўнічае палатно ствараецца без выкарыстання пэндзлікаў, фарбаў, алоўкаў або вады метадам паслойнага выкладання каляровай воўны. Гатовая карціна з шэрсці прыціснута шклом і абрамлена.
— А якую шэрсць трэба выкарыстоўваць і дзе яе браць?
Слівер — расчасаная авечая воўна, без восцевых валаскоў. Выкарыстоўваецца як аснова для валення з наступным накладаннем шэрсці іншых колераў. Выбеленка — расчасаная, выцягнутая і выбеленая авечая воўна. Выкарыстоўваецца як паверхневая для стварэння светлага фону. Паўтонкая авечая воўна выкарыстоўваецца для дэкору і апрацоўкі вырабаў. Віскоза — недарагая і ў той жа час цудоўная альтэрнатыва шаўковым валокнам. Яна мае прыемны шаўкавісты бляск і дапамагае надаць дадатковую выразнасць карціне з шэрсці. Шэрсць рознага віду купляем у магазінах Мінска.
— Разгледзеўшы фотаздымкі, нашы чытачы абавязкова натхняцца і паспрабуюць маляваць шэрсцю. Святлана Валянцінаўна, ці маглі б вы ім даць парады?
— Важна зразумець, што чым больш вам падабаецца сюжэт, які вы ўвасабляеце, тым больш удалай атрымаецца сама карціна і больш цікавым будзе працэс. Калі ў вас небагаты выбар шэрсці па колеры, не засмучайцеся. Шэрсць аднаго колеру пры змешванні з шэрсцю іншага колеру, таксама як і фарбы, утварае адценні рознай ступені насычанасці. Для малявання карцін шэрсцю няважна, умееце вы маляваць ці не. Можаце знайсці гатовы сюжэт і скапіраваць яго шэрсцю. Нават у гэтым выпадку ў вас атрымаецца творчая работа. Калі вы захочаце паўтарыць свой шарсцяны сюжэт, то не спадзявайцеся, дакладна такой жа работы не атрымаецца.
Для карцін з цёмным фонам (цёмна-сіні, чорны, карычневы) у якасці падложкі зручна браць чорны флізелін. У такім выпадку можна пачаць выкладаць карціну не са сліверу для фону, а адразу з каляровай шэрсці патрэбнага цёмнага колеру — эканоміцца шмат сіл і часу, а таксама самога матэрыялу (шэрсці).
У кожнага прадмета на вашай карціне ёсць цені, або блікі, або светлыя і цёмныя плямы-бакі прадмета. Яны абавязкова павінны быць, інакш прадмет не будзе мець аб’ёму. Старайцеся, выкладаючы карціну, адцяняць часткі прадметаў падыходзячым колерам шэрсці, стварайце блікі. Ніколі не аддзяляйце і не выкладайце валокны шэрсці мокрымі рукамі, таму што ад гэтага матэрыял зліпаецца.
— Святлана, наколькі карысныя заняткі шарсцяной акварэллю для вашых навучэнак? Ці знаходзіць гэта практычны выхад, падтрымку навакольных?
— Талент неабходна развіваць з дзяцінства, і настаўнік працоўнага навучання мае цудоўную магчымасць стаць саўдзельнікам гэтай вялікай справы. Кожнае дзіця з парушэннем слыху па-свойму ўнікальнае і ад нараджэння валодае здольнасцямі. Для таго каб іх развіць, неабходна выкарыстоўваць не толькі ўрокі, але і пазаўрочную, гуртковую дзейнасць, што я і раблю. Важна вучыць дзяўчынак шыць, вязаць, вышываць, а таксама розным тэхнікам мастацкай творчасці. Гэта магчыма, нягледзячы на зніжэнне слыху, толькі неабходна вучыць іх праз падтрыманне цікавасці. Вельмі важна, каб выконваліся ўмовы: свабода, самастойнасць, супрацоўніцтва.
Імкненне да новага і прыгожага натуральна для любога чалавека, а для дзіцяці — гэта яшчэ і спосаб самарэалізацыі. Заняткі шарсцяной акварэллю дапамагаюць развіваць важныя для падлетка фізічныя і асобасныя якасці. Шліфуецца дробная маторыка, з’яўляецца цярплівасць, мэтанакіраванасць, самастойнасць. Работа ў тэхніцы шарсцяной акварэлі прадугледжвае знаёмства з гісторыяй і культурай народаў, якія прымяняюць гэтую тэхніку, што дазваляе далучаць навучэнцаў да народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, сусветнай культурнай спадчыны, фарміраваць гарманічныя адносіны да навакольнага свету.
Што да практычнасці, прымянімасці таго, што мы з навучэнкамі робім, і на гэтае пытанне адкажу з задавальненнем. У сувязі з удзелам у ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” мы з дзяўчынкамі зрабілі столькі работ, што мне ўдалося аформіць цэлую выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Мы былі ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені за актыўны ўдзел у выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ХІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Для дасягнення гэтага выніку нам спатрэбілася нямала намаганняў і часу. У маі з гэтымі ж работамі мы ўдзельнічалі ў акцыі “Добрае сэрца”, якая праходзіла ў Доме афіцэраў у Мінску.
— Як рэагавалі гледачы выставы на работы ў такой незвычайнай тэхніцы?
— Спадабаліся і нават вельмі. Многія глядачкі проста прыліплі да стэндаў і задавалі шмат пытанняў: “Як зроблена?”, “Ці шмат часу патрэбна?”, “Працавалі без клею, без вады?”, “Якімі інструментамі зроблена або проста рукамі?”, “Ці выкарыстоўваліся фарбы?” і інш. Я нават атрымала прапанову аформіць кафэ ў Мінску.
— Прынялі заказ?
— Не прыняла. Многа педагагічнай работы. А яна ў мяне — любімая. Менавіта ад яе і расцвітаюць у душы незабудкі! Спадзяюся, што я ніколі не забуду сваіх дзяўчынак-майстрых і яны запомняць нашы творчыя гадзіны, праведзеныя за рукадзеллем.
А цяпер пра падтрымку нашай ініцыятывы. Усе работы маіх падапечных спачатку выстаўляем у нашай школе. Педагагічнаму калектыву, усім вучням і іх бацькам падабаюцца вырабы вучняў, сяброў, сыноў і дачок. Тата Алесі Арэхва прапаноўваў нават фінансаваць закупку шэрсці, каб толькі яго дачка развівала свае мастацкія здольнасці. Яна, Алеся, Анжэла, Насця дораць свае работы блізкім ім людзям: педагогам, сябрам, бацькам па крыві і названым. Тое, як прымаюць гэтыя падарункі блізкія, таксама падтрымлівае цікавасць да працягвання творчай работы. Стымулюе дзяцей і ўсё тое новае, што мы асвойваем. Напрыклад, вокамгненныя вырабы. Мы стварылі брошкі, аблямаваныя зламанымі засцёжкамі-маланкамі па контуры, а ўнутры запоўнілі малюнкам з шэрсці. Так што не выкідвайце старыя маланкі, асабліва металічныя. Імі можна аблямоўваць шарсцяную акварэль.
Адміністрацыя школы і ўвесь педагагічны калектыў падтрымліваюць заняткі нашых вучняў творчасцю. Дзякуй дырэктару Іне Вітольдаўне Волчак, намеснікам дырэктара Дзіяне Дзмітрыеўне Турбал, Наталлі Мікалаеўне Гардзяйчук.
Я як настаўнік працоўнага навучання ствараю для дзяўчынак сітуацыю поспеху, заўважаючы і развіваючы іх творчыя здольнасці ў даступнай і цікавай дзейнасці. У нашай школе ёсць усе ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу падапечных. Ёсць добрая матэрыяльная база: электрамеханічныя машыны “Джаноме”, пяцініткавы аверлок “Джаноме”, вышывальная машына, стол для раскрою тканін, калекцыі тэхналагічных працэсаў вырабу тканін (“Лён”, “Шэрсць”, “Бавоўна”), новыя тэхналагічныя табліцы, тэхнічныя сродкі навучання.
Урокі кулінарыі праходзяць у дзіцячым кафэ, якое абсталявана неабходнымі кухоннымі рэчамі, электраплітой, мікрахвалёўкай і іншымі электычнымі прыборамі — памочнікамі маленькай гаспадыні (блендар, міксер, сокавыціскалка, агароднінарэзка, электрамясарубка, электрачайнік). Для развіцця нашых вучняў ёсць усё, і гэта цудоўна, бо фарміраванне творчых здольнасцей у дзяцей з парушэннем слыху адбываецца па агульных законах дзіцячага псіхічнага развіцця. Галоўнае — зразумець, прыняць і ўзбагаціць унутраны свет дзіцяці і не сумнявацца ў яго значнасці.
Святлана РАДЗЬКОВА.