“Каляровая” дыета

“Лепш пабрыдчэць, чым паправіцца, — сказала мне аднойчы мая новая знаёмая (Ліда, жыхарка Нью-Ёрка, маці дзвюх выдатных дзяўчынак, гаспадыня ўласнага агенцтва па прыбіранні кватэр, магазіна здаровай ежы і касметычнага салона). — Мой самы вялікі кашмар — гэта прачнуцца тоўстай і знайсці ў шафе толькі ад зін шэры спартыўны касцюм, — працягнула яна. — Мне спатрэбілася некалькі гадоў работы з псіхолагам, каб зразумець прычыны майго страху.

Адразу пасля эміграцыі ў ЗША і прыезду ў Нью-Ёрк (мне тады было пяць гадоў), нас пасялілі ў маленькай кватэры ў старым доме. Ведаеш, такія дамы-пеналы: усё маленькае, вузкае, і ліфт апошні раз працаваў у мінулым стагоддзі. Мая бабуля была ад прыроды вельмі поўнай жанчынай: кефір, умеранасць у ежы, кавун па няцотных днях — назаві любы спосаб і яна расказала б табе пра яго да самых дробязей, аднак усе яе спробы пахудзець засталіся нязбытнай марай. Дык вось, калі ёй стала дрэнна з сэрцам, то брыгадзе хуткай дапамогі прыйшлося вельмі пастарацца, каб знесці яе ўніз. Яны вельмі стараліся, праўда, але лесвіца была такая вузкая, што яны яе ўпусцілі, уяўляеш, я была маленькая, бацькі на працы”.
Ліда ўздыхае і стараецца не заплакаць. Яна не кажа пра тое, што цікавасць да ежы была страчана на некалькі гадоў, пра прыступы буліміі і дыягнаставаную анарэксію да старшых класаў. Ёй спатрэбіўся час, каб стаць на ногі ў прамым сэнсе гэтага слова, а яе бацькам перастаць карміць яе з лыжачкі і падтрымліваць добры настрой пры дапамозе антыдэпрэсантаў. Сама Ліда сцвярджае, што яе выратавала… Джулія Чайлд, яе любоў да ежы і жаданне падзяліцца гэтай любоўю. Яна з гордасцю паказвае сшытак з рэцэптамі Джуліі, паліцу з кулінарнымі кнігамі і яе персанальнай гордасцю — квітком на гастранамічнае шоу з аўтографам.

Есці не роўна паправіцца

“Любіць знакамітага кулінара і збіраць яго рэцэпты зусім не роўна жаданню стаць ля пліты. Я разумела, што такім стаўленнем да жыцця я не толькі прычыняю гора сваім бацькам, але і губляю сваё здароўе. Для таго, каб перастаць ганяцца за дыетамі і таблеткамі, мне спатрэбілася не толькі ўзяць сябе ў рукі, але і прыняць першае ў маім жыцці дарослае рашэнне: пайсці вучыцца на спецыяліста па здаровым ладзе жыцця. Мяне навучылі не толькі правільна харчавацца, але і разумець, што такое дыета і як яна ўздзейнічае на арганізм чалавека. Адным з яркіх уражанняў быў аповед пра тое, на якія хітрыкі ідуць людзі для таго, каб стаць больш стройнай: вата, прамочаная апельсінавым сокам, воцат, сода, кляновы сіроп і востры перац”.
Ліда з гордасцю расказвае пра тое, што дзякуючы стыпендыі і атрыманаму гранту ёй удалося не толькі вывучыць асноўныя канцэпцыі збалансаванага харчавання і дыеты, але і распрацаваць уласнае палажэнне аб здаровым ладзе жыцця для сябе і сваёй сям’і. У адным з вегетарыянскіх рэстаранаў яна пазнаёмілася з кухарам, які стаў яе мужам і самым галоўным памочнікам.
Вывучыць і зразумець праблему — значыць прайсці палову шляху, — у адзін голас сцвярджаюць разнастайныя падручнікі па эфектыўным планаванні.
Гісторыя навукі ведае дзве тэорыі харчавання. Першая ўзнікла ў часы антычнасці і звязана з імёнамі Арыстоцеля і Галена, другая — класічная тэорыя збалансаванага харчавання — канчаткова сфарміравалася ў канцы XIX — першай палове XX ст. Не заглыбляючыся ў нетры гістарычных фактаў, асноўную інфармацыю можна было б перадаць так: у нас ёсць арганізм, у які мы ядзім. Усё, што мы сабе наелі, хуценька ператварылася ў кроў, схадзіла да печані па ачыстку і корміць нашы органы.
Сучасныя ўяўленні аб прынцыпах здаровага харчавання пачалі фарміравацца ў XIX стагоддзі, канчаткова склаліся да сярэдзіны XX стагоддзя: перыядычна ўзнікае асаблівая мода на які-небудзь кірунак, але нічога прынцыпова новага з той пары чалавецтва сабе яшчэ не прыдумала.
Адзін са складнікаў многіх тэорый здаровага харчавання — дыеты.
Тлумачальныя слоўнікі вызначаюць дыету як “спецыяльна падабраны харчовы рацыён, а таксама рэжым харчавання”. Часцей за ўсё тэрмінам “дыета” называюць рэжым харчавання, які прымяняецца на працягу абмежаванага часу і з канкрэтнай мэтай. Калі вы дачыталі да гэтага месца, то вы можаце смела лічыць сябе экспертам у гэтым пытанні. Да ўсяго вышэйсказанага застаецца толькі дадаць, што акрамя ўсяго пералічанага існуюць дыеты, звязаныя з верай і рэлігійнымі рытуаламі, самыя цікавыя з якіх:
* Дыета Эдэмскага саду (па сутнасці — вельмі шмат агародніны і садавіны, але з думкамі пра тое, што мы павінны есці тое, што магло расці ў райскім садзе).
* Дыета мудрага слова (якая прадпісвае стрыманасць, прастату і рэкамендацыі есці мяса, калі холадна, голадна ці зімой).
* Пра кашрут, халяль, будызм і рэлігійныя пасты ўсе і так ведаюць.
Усяго ў свеце існуе больш за 350 дыет і рэжымаў харчавання, з іх шырока вядомыя і карыстаюцца папулярнасцю не больш за два дзясяткі: усё астатняе дробна, дорага ці складана ў выкананні.
Пры ўсёй разнастайнасці ідэй на рынку дыеталогіі перамагаюць людзі, якія ўмею ць браць лепшае і даступнае з усіх магчымых напрамкаў адразу. Менавіта гэтую ідэю і ўзялі за аснову людзі, якія прыдумалі каляровую дыету, якая заклікае падзяліць прадукты па колерах і днях тыдня. Яе папулярнасць паступова набірае абароты, асабліва пасля таго, як некалькі найпапулярнейшых амерыканскіх кухараў выступілі ў яе падтрымку і распрацавалі спецыяльныя рэцэпты, а галівудскія псіхолагі хуценька прыдумалі некалькі спецыяльных трэнінгаў, якія дапамагаюць не толькі пахудзець, але і вырашыць шэраг іншых праблем.
Строга кажучы, у самой методыцы няма нічога ўнікальнага, за выключэннем таго факта, што спалучэнне эстэтыкі і дыеты дапамагае лепш адаптавацца да новых умоў харчавання, дапамагае змагацца з дэпрэсіяй і лёгка пераносіцца усімі без выключэння. У дадатак “каляровая” дыета дапамагае без самакатавання скідаць да двух кілаграмаў у месяц. А збалансавана яна настолькі, што “садзіцца” на яе можна хоць на ўсё жыццё.

Белы панядзелак

Панядзелак — вугляводы. Яны спрыяюць актыўнай выпрацоўцы інсуліну, росту цукру ў крыві і дазваляюць хутка аднавіць працаздольнасць.
Адварная або запечаная бульба, бананы, рыс, малако, сыр, спагеці, адварное або абсмажанае на грылі нятлустае мяса, каштаны.
* Смачная бульбачка атрымаецца, калі адварыць яе ў спалучэнні вады і малака (100 мл малака на 600 мл вады) з дабаўленнем некалькіх зубчыкаў часнаку. Калі бульба ўжо будзе практычна гатова, дадаць крыху менш за палову сталовай лыжкі каньяку, які выпарыцца і надасць бульбе незвычайны водар. Падаваць на стол, густа пасыпаўшы сечанай зелянінай.

 

Чырвоны аўторак

Дзень памідораў, вішні, чарэшні, чырвонага сухога віна, чырвонага салодкага перцу і чырвонага вінаграду. Рэчывы, якія змяшчаюцца ў прадуктах чырвонага колеру, напаўняюць нас энергіяй, паляпшаюць кровазварот і мышачны тонус, стымулююць дзейнасць наднырачнікаў, умацоўваюць імунную сістэму, чысцяць арганізм ад шлакаў, паляпшаюць крывятворную функцыю.
Буракі, чырвоныя ягады, чырвоны вінаград, чырвоны салодкі перац пастаўляюць у арганізм флаваніды, якiя з’яўляюцца больш моцнымі антыаксідантамі, чым вітамін С.
* Салат з буракоў і чарэшні. 5 шт. буракоў (невялікіх), 100 г чарэшні (я брала замарожаную), 2—3 зубчыкі часнаку (ціснем), чайная лыжка вэнджанай папрыкі, соль на смак, базілік (свежы або сухі), 5—6 сталовых лыжак ёгурту або маянэзу. Наразаем, змешваем, запраўляем. На 10 хвілін ставім у халадзільнік.

 

Зялёная серада

Ківі, зялёны чай, агуркі, марская капуста, зялёны гарошак, спаржа, капусная агародніна (брокалі, квяцістая капуста, качанная і брусельская капуста) і ліставыя салаты. Большасць зялёных прадуктаў змяшчаюць грубыя валокны, што робіць іх выключна карыснымі для нашай сардэчна-сасудзістай сістэмы. Акрамя таго, зялёная ежа здымае нервовае напружанне і галаўныя болі. Брусельская капуста і брокалі ўтрымліваюць вялікую колькасць хларафілу і магнію, неабходных нервам і мышцам. Ліставыя салаты з’яўляюцца багатай крыніцай вітамінаў С, Е і А.
Настойліва рэкамендую паспрабаваць пюрэ з квяцістай капусты. Выдатны заменнік бульбянога, якое ўжо крыху надакучыла, і магчымасць здзівіць гасцей і дамашніх новымі кулінарнымі гарызонтамі.
* Адварваем квяцістую капусту з дабаўленнем 2—3 зубчыкаў часнаку, лаўровага ліста, чорнага перцу і солі. Дастаём, закладваем у камбайн, дадаём сметанковае масла, цёрты пармезан і некалькі лыжак вады, у якой варылася капуста, здрабняем у пюрэ і падаём. Як варыянт, выкладваем на кавалачкі суцэльназерневага хлеба, прысыпаем сырам і запякаем у духоўцы, падаём, папырскаўшы аліўкавым алеем.

 

Аранжавы чацвер

У меню гэтага дня ўваходзяць манга, гарбуз, ласось, морква, абрыкосы, апельсіны, дыні, персікі і грушы. Гэтыя прадукты ўтрымліваюць бэта-карацін, які прадухіляе заўчаснае старэнне. Аранжавы колер павышае апетыт і настрой, надзяляючы нас пачуццём радасці. Аранжавыя прадукты спрыяюць пахудзенню, абараняюць ад прастуды, з’яўляючыся крыніцай вітаміну С (асабліва цытрусавыя), памяншаюць боль, валодаюць супрацьсутаргавым дзеяннем, аднаўляюць клеткі лёгкіх і павышаюць эластычнасць злучальнай тканкі.
* На дзве порцыі 1 буйная морква, 1 буйная хурма і мёд на смак. Усё чысцім, мыем, здрабняем у блэндары, дадаём дзве сталовыя лыжкі вады і … атрымліваем самы сапраўдны мус. Хочаце больш складаны смак, дадайце салодкі яблык. Хочаце ўскладніць сваю страву да будыйскіх прынцыпаў і аздаравіць кроў? Дадайце трохі вострага чырвонага перцу.
Дарэчы сказаць, хурма для нас недаацэнены прадукт. А яго вельмі смачна дадаваць у посную аўсяную кашу: чысцім, наразаем кубікамі, злёгку абсмажваем без алею на патэльні, дадаём трохі карыцы і сталовую лыжку мёду. Змешваем гэта са звычайнай сумнай аўсянай кашай і “ну дзе ж вы былі ўсё маё жыццё!”.

 

Фіялетавая пятніца

Баклажаны, салата з фіялетавым лісцем, чорныя аліўкі, чорныя соевыя бабы, сельдэрэй, чорныя парэчкі, слівы, чарнасліў, цёмны вінаград.
Гэты колер сілкуе нервовую сістэму, галаўны мозг, нармалізуе вышэйшую псіхічную дзейнасць арганізма, валодае заспакаяльным уздзеяннем і дапамагае пры нервовых расстройствах. Ежа гэтага колеру рэкамендавана ўсім, хто марыць аб натхненні. Некаторыя прадукты фіялетавага колеру (ажыны і чорныя парэчкі) утрымліваюць вялікую колькасць антыаксідантаў, якія з’яўляюцца лепшымі барацьбітамі з так званымі “свабоднымі радыкаламі” — віноўнікамі большасці хвароб і заўчаснага старэння.
*Гэты рэцэпт быў прыдуманы ў манастыры Трамонці. У сярэднія вякі манахі гэтага манастыра елі баклажаны, мачаючы іх у салодкі лікёр з травой і спецыямі. Калі ў XVI стагоддзі ў Еўропу быў завезены шакалад з Новага Свету, яны сталі мачаць баклажаны ў шакалад. Сёння гэтая традыцыя працягваецца ў вытанчаным рэцэпце melanzane al cioccolato.
2—3 невялікія баклажаны,
100 г малочнага або горкага шакаладу,
3 ст.л. чырвонага віна,
1 ст.л. бальзамічнага воцату,
4 ст.л. кедравых арэшкаў,
4 ст.л. сметанковага масла,
мука для паніроўкі,
1 ч.л. апельсінавай цэдры.
Нарэзаць баклажаны вельмі тонка. Абмакнуць кавалачкі ў малаку, муцэ і абсмажыць на сметанковым масле. Шакалад растапіць на вадзяной лазні з 3 сталовымі лыжкамі чырвонага віна і дадаць бальзамічны воцат. Пасаліць баклажаны буйной марской соллю, паліць шакаладным соусам, пасыпаць кедравымі арэшкамі і апельсінавай цэдрай.

 

Жоўтая субота

Прадукты гэтага колеру неабходныя для нармальнага функцыянавання стрававальнай сістэмы і ачышчэння арганізма ад шлакаў. Яны дабратворна ўздзейнічаюць на памяць, канцэнтруюць увагу і паляпшаюць стан скуры. Да іх адносяцца ананасы, персікі, абрыкосы, салодкі жоўты перац, кабачкі, салодкія жоўтыя яблыкі, кукуруза, сыр, мёд і яечны жаўток.
* Самы просты на свеце рэцэпт дэсерту. Бяром яблыкі, мыем, чысцім, выразаем асяродак, закладваем унутр палачку карыцы, палову чайнай лыжкі сметанковага масла, жоўтыя разынкі, ставім у гарачатрывалы посуд і выпякаем 30—35 хвілін пры тэмпературы 180оС.

 

Нядзеля

У гэтага дня колер увогуле адсутнічае, таму што гэты дзень разгрузачны. Адпачывайце ад працэсу жавання і піце мінеральную ваду.

Таша ЛАПАЦЕНКА,
гастранамічны аглядальнік, партнёр і дарадца Гільдыі шэф-кухараў Беларусі,
член Асацыяцыі рэстаранна-гастранамічных аглядальнікаў Расіі.