Мноства людзей не ўяўляюць сабе раніцы без кубачка кавы! Але нямногія ведаюць, што кававае дрэва можна вырошчваць як пакаёвую расліну.
Стройнае дрэўца з пірамідальнай кронай, распасцёртымі галінамі, светла-шэрай карой і ярка-зялёным бліскучым лісцем, снежна-белыя, з пяшчотным пахам зорчатыя кветкі ў густых суквеццях і, урэшце, цёмна-чырвоныя або барвовыя, падобныя на спелую вішню, бліскучыя плады — такія эстэтычныя вартасці гэтай расліны.
Упершыню каву пачалі вырабляць на тэрыторыі Емена. Пазней свежыя плады кантрабандай прывезлі ў Індыю і Паўднёвую Амерыку, дзе кававыя дрэвы знайшлі сваю другую радзіму. Еўрапейцы пазнаёміліся з кавай у канцы XVI стагоддзя і выкарыстоўвалі яе спачатку як лекавы сродак. У Расіі вопытныя садоўнікі паспяхова вырошчвалі кававыя дрэвы ў цяпліцах, якія ацяпляюцца. Вядома, што імператрыца Ганна Іаанаўна варыла сабе каву з зерня з уласнай аранжарэі.
Прыродны від кавы аравійскай — вечназялёнае дрэўца з супрацьлегла размешчанымі бакавымі парасткамі і лісцем. Лісце эліптычнае або падоўжанае, да 15 см даўжынёй і 8 см шырынёй, ярка- або цёмна-зялёнае, бліскучае ўверсе і светлаватае ўнізе, злёгку хвалістае па краі, звужанае на верхавінцы ў доўгае вастрыё.
Дробныя, да 2 сантыметраў, кветкі сабраны па 2—6 штук у пучкападобныя суквецці, размешчаныя ў пазухах лісця. Венчык белы, трубчасты, з пяцілопасцевым адгібам. Памеры кветак і іх колькасць у суквецці вар’іруюцца ў залежнасці ад умоў вырошчвання. Кветкі захоўваюцца на расліне ўсяго некалькі гадзін, але раскрываюцца ў суквецці паступова, таму ў цэлым цвіценне працягваецца некалькі дзён.
Плод — ягада, спачатку чырвонага, а потым цёмна-барвовага колеру, выспявае праз 7—9 месяцаў пасля апылення. Мякаць плода ўтрымлівае два круглыя семені, падобныя на бабы, — гэта і ёсць кававае зерне.
У кветкавым магазіне можна набыць дарослае кававае дрэва, а можна і самому вырасціць яго з насення або чаранка. Малады сеянец з першых дзён адаптуецца да мікраклімату ў пакоі і ў далейшым расце лепш.
Насенне павінна быць свежым, паколькі ляжалае хутка губляе ўсходжасць. Субстрат для пасеву робяць з прасеянай ліставой зямлі, змешанай з буйназярністым пяском. Перад пасадкай насенне ачышчаюць ад мякаці плода, прамываюць у слабым растворы марганцоўкі і злёгку падсушваюць. На паверхню субстрату яго выкладваюць плоскім бокам, злёгку ўціскаючы, але не прысыпаючы зверху. Ёмістасць з насеннем пакрываюць плёнкай або шклом і ставяць у цёплае месца з тэмпературай не ніжэйшай за 23 градусы. Кожныя 2—3 дні насенне праветрываюць.
Усходы з’яўляюцца праз месяц-паўтара і фарміруюць спачатку буйныя семядолі, а потым сапраўднае лісце, пасля чаго сеянцы рассаджваюць у вазоны. Зацвітаюць яны на 4—5-ы год.
На другі год зацвітаюць расліны, вырашчаныя з чаранкоў. Вясной або ў другой палове лета з верхавінкавага парастка зразаюць чаранок з двума вузламі, вытрымліваюць яго 5—6 гадзін у растворы эпіну, пасля чаго заглыбляюць на 3—4 см у сумесь сфагнуму з пяском. Для паспяховага ўкаранення пажаданы падагрэў глебы і высокая вільготнасць паветра.
Важны момант догляду маладых раслін — фармуючая абрэзка. Каву можна вырошчваць у выглядзе куста або штамбавага дрэўца. Калі ў сеянца, які дасягнуў у вышыню 10 см, прышчапіць або адрэзаць верхавінку сцябла, то з ніжніх пупышак, як у куста, адрастуць бакавыя парасткі, якія праз некаторы час таксама трэба прышчапіць.
Для атрымання штамбавага дрэўца на галоўным сцябле выдаляюць усе парасткі да таго часу, пакуль яно не вырасце да 40 см у даўжыню, пасля чаго і яго верхавінку прышчэпліваюць, стымулюючы разгалінаванне. Новыя парасткі і фармуюць крону дрэўца.
У дарослых раслін для фармавання прыгожай кроны штогод у канцы студзеня — пачатку лютага абразаюць кожную галіну, пакідаючы на ёй не больш за чатыры парасткі з пазушнымі пупышкамі для наступных парасткаў.
Маладыя расліны перасаджваюць штогод, буйныя — раз у 3—4 гады ў зямельную сумесь, складзеную з дзярновай і ліставой зямлі, перагною і верхавога торфу ў суадносінах 1:1:1:2. Сумесь павінна мець слабакіслую рэакцыю.
Паліваюць кававае дрэўца толькі адстаянай вадой. Перыядычна для падкіслення можна дабаўляць 1—2 сталовыя лыжкі лімоннай кіслаты на 3 літры раствору.
Размяшчаюць кававае дрэўца на светлым падаконніку, але ад прамых сонечных промняў прыцямняюць. Зімовая тэмпература — не ніжэй за 12 градусаў цяпла. У перыяд актыўнага росту вясной і летам паліў павінен быць шчодрым, восенню і зімой — умераным.
Абавязковы высокі дрэнаж з чарапкоў, керамзіту і пяску. Карысна ў летні перыяд апырскваць дрэўца 2 разы на тыдзень з пульверызатара цёплай вадой.
Пры правільным утрыманні кава цвіце вясной і летам, утвараючы 500 г зерня з паўтараметровага дрэва.
Крупныя кававыя дрэвы цудоўна ўпрыгожваюць прасторныя памяшканні.
А на падаконніку можна трымаць невялікае дэкаратыўнае дрэўца, якое таксама вельмі прыгожае.
Ала ШАЎЦОВА.
Фота Святланы ІЛЬЮК і з інтэрнэту.