Кветкі надзеі

Вясна звязана з абуджэннем прыроды, і не гракі на крылах вясну прыносяць, а менавіта кветкі: то ледзь прыкметныя, то яркія, з’яўляюцца яе прадвеснікамі. Першыя вясновыя кветкі радуюць нас сваім цвіценнем сярод амаль безжыццёвага ландшафту. Ёсць шмат раслін, якія ва ўжытку называюць падснежнікамі, падкрэсліваючы тым самым, што яны расцвітаюць вельмі рана, ледзь падтае снег, там, дзе прыгрэла сонейка і ўтварыліся праталіны.

У Беларусі падснежнікамі называюць многія расліны: і пралеску высакародную, і ветраніцу дуброўную, і сон-траву, і некаторыя іншыя. Яны растуць у нашых лясах, уваходзяць у склад флоры Беларусі і сапраўды расцвітаюць, ледзь сыдзе снег. Аднак да сапраўдных падснежнікаў яны не маюць ніякага дачынення. Навуковую назву “падснежнік”, па-латыні галантус, Карл Ліней даў роду раслін, якіх у флоры Беларусі няма, але яны даволі часта вырошчваюцца як дэкаратыўныя і зацвітаюць пры цёплым надвор’і ў сакавіку, а то і ў лютым.
Афіцыйная назва падснежніка — галантус — у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “малочная кветка”. Яна, мабыць, дадзена падснежніку за афарбоўку кветак колеру малака. А мы называем галантус падснежнікам таму, што ён з’яўляецца прама з-пад падталага, рыхлага снегу, які страціў белы колер і ператварыўся ў светла-шэрыя крупінкі лёду.

Дзівосная кветка часта становіцца героем розных легенд і паданняў. З дзяцінства мы памятаем добрую казку пра дванаццаць месяцаў. У старой польскай легендзе падснежнікі таксама прыходзяць на дапамогу маленькай дзяўчынцы. Паводле легенды, падснежнікі цвілі летам, як і ўсе кветкі. Але аднойчы ранняй вясной у лес прыйшла дзяўчынка, у якой моцна захварэў брат. Старая знахарка сказала ёй, што, калі яна не знойдзе ў лесе кветку, яе брат памрэ. Але якія кветкі, калі навокал снег. Дзяўчынка горка заплакала, і здарыўся цуд. Яе слёзы растапілі снег і абудзілі маленькі падснежнік.
Іншая легенда расказвае пра тое, як багіня кветак Флора вырашыла зладзіць баль. Усім кветкам яна падарыла асляпляльныя ўборы. Падснежніку дастаўся белы пяшчотны званочак. Снег таксама захацеў прыйсці на баль, але ніхто з кветак не падзяліўся з ім уборам. І толькі далікатны падснежнік не пабаяўся холаду і схаваў снег пад сваім званочкам. У падзяку за гэта снег з тых часоў хавае кветку ад марозу. Іншая легенда гаворыць, што, калі Адам і Ева былі выгнаныя з раю, ішоў снег. Ева змерзла і стала плакаць, успамінаючы аб цёплых райскіх садах. Каб суцешыць яе, Бог ператварыў некалькі сняжынак у кветкі падснежніка. Убачыўшы кветкі, Ева павесялела, і ў яе з’явілася надзея на лепшае. Адсюль і лічыцца, што падснежнік — сімвал надзеі.

А вось такая легенда існавала на Русі. Аднойчы старая Зіма са сваімі спадарожнікамі Сцюжай і Ветрам вырашыла не пускаць на зямлю Вясну. Усе кветкі спалохаліся яе пагроз, акрамя падснежніка, які выпрастаў сваю сцяблінку і змог выбрацца з-пад снежнага покрыва. Пабачыла Сонца яго пялёсткі і сагрэла зямлю цяплом, адкрыўшы дарогу Вясне, дорачы надзею на лепшае.
Усе легенды розныя, але ўсюды падснежнік сімвалізуе пачатак вясны, перамогу цяпла над холадам, дабра над злом. Англійскае павер’е гаворыць, што падснежнікі, пасаджаныя вакол дома, уберагуць ад злых духаў.
19 красавіка ў многіх краінах адзначаецца Дзень падснежніка. І пачатак святу пакладзены менавіта ў Англіі ў 1984 годзе, дзе падснежнікі вельмі папулярныя. У розных краінах гэтую кветку называюць па-рознаму. Англічане называюць яе снежнай кропляй або снежнай завушніцай; чэхі — сняжынкай; немцы — снежным званочкам, а мы — падснежнікам.
Род падснежніка належыць да сямейства амарылісавых. Прадстаўнікі гэтага сямейства растуць у трапічнай і субтрапічнай зонах (Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка, Цэнтральная і Паўднёвая Афрыка, Міжземнамор’е), і толькі некаторыя віды заходзяць у зону ўмеранага клімату.
Род падснежніка ўключае 17 відаў. У натуральных умовах яны сустракаюцца ў Паўднёвай і Сярэдняй Еўропе, Малой Азіі і на Каўказе. Растуць у ліставых лясах, хмызняках, на высакагорных лугах, размешчаных на вышыні да 2500 м, г.зн. там, дзе дастаткова вільготна і цяніста.
Падснежнікі — самыя раннія вясновыя расліны з белымі паніклымі кветкамі. У аснове пялёстка ёсць зялёная пляма. Адзіночныя кветкі трымаюцца на доўгіх, да 20 см, кветаносах, акружаных каля асновы прыгожым лінейным цёмна- або светла-зялёным лісцем.

Гэта непатрабавальныя расліны, іх нескладана вырошчваць у культуры. Часцей за ўсё культывуюць два віды галантусаў — падснежнік беласнежны і падснежнік Эльвеза. Яны добра растуць і развіваюцца на рыхлых, лёгкіх, добра ўгноеных глебах, якія прапускаюць вільгаць. Як усе цыбульныя расліны, галантус нельга высаджваць у свежаўгноеную глебу. Лепш запраўляць глебу перагноем ці кампостам (5 кг на 1м2) незадоўга да пасадкі. У перыяд вегетацыі дабратворна дзейнічаюць калійныя і фосфарныя ўгнаенні, а вось азотных лепш пазбягаць, яны выклікаюць занадта буйны рост лісця. Лісце гэтай расліны ўдзельнічае ў назапашванні карысных рэчываў, таму яго лепш не абразаць пасля цвіцення, а дачакацца поўнага адмірання. Так у цыбуліны будзе больш сіл, каб парадаваць вас багатым цвіценнем на наступны год, утварыць дзеткі або прыжыцца на новым месцы.
Галантусы цягнуцца да сонца, аднак, каб падоўжыць цвіценне, для іх лепш адводзіць злёгку зацененыя месцы. Добра глядзяцца падснежнікі, высаджаныя групамі на фоне газона, пад дрэвамі і хмызнякамі, якія позна распускаюць лістоту. Вельмі прыгожыя яны ў скалістых садках (ракарыях), дзе іх мэтазгодна размяшчаць на фоне досыць буйных валуноў, а таксама на альпійскіх горках. Даўжыня кветаноса дазваляе выкарыстоўваць падснежнікі і для вясновых букетаў, аднак пакаёвая тэмпература для іх занадта высокая. У букеце падснежнікі стаяць усяго 2-3 дні. Від прыдатны для ранняй выганкі, але, каб даўжэй любавацца кветкамі ў пакоі, гаршкі з раслінамі трэба трымаць там, дзе тэмпература паветра не вышэй за +10—+ 12°С.
Размнажаюць падснежнікі цыбулінамі. Яны небуйныя, даўгаватыя (кветкаводы адносяць падснежнікі да групы дробнацыбульных раслін). Высаджваюць у жніўні на глыбіню 8—10 см, адлегласць паміж цыбулінамі — 5—10 см. Пры добрым доглядзе вакол мацярынскай цыбуліны ўтворацца шматлікія цыбулінкі-дзеткі, і за 2-3 гады могуць сфарміравацца даволі буйныя курцінкі падснежнікаў. Размнажэнне можа быць насеннем, якое ўтвараецца ў пладах-каробачках. Насенне сеюць пад зіму (у верасні) або вясной (у пачатку мая). Расліны, вырашчаныя з насення, зацвітаюць на 3-4 год. На адным месцы без перасадкі падснежнікі можна вырошчваць 5-6 гадоў. Догляд за імі нескладаны. Дастаткова трымаць пасадкі ў чысціні і зрэдку рыхліць глебу.

Неўзабаве пасля адцвітання надземная частка падснежнікаў цалкам адмірае, і цыбуліны ўпадаюць у стан спакою. Гэта трэба ўлічваць пры стварэнні кветнікаў. Утвораныя “пустыя месцы” варта замаскіраваць раслінамі, якія маюць слаба развітую каранёвую сістэму і прад’яўляюць да глебы і рэжыму ўвільгатнення амаль такія ж патрабаванні, як і падснежнікі. Добра абсадзіць участкі з падснежнікамі алісумам марскім. Ён засухаўстойлівы, нізкарослы, багата разгаліноўваецца і можа хутка задэкарыраваць аголены ўчастак.
Займаючыся развядзеннем падснежнікаў, трэба памятаць, што толькі пры правільным доглядзе можна дасягнуць жаданага выніку. Пры моцным загушчэнні, павышанай вільготнасці, высокай кіслотнасці глебы расліны часта губляюць дэкаратыўнасць і пашкоджваюцца шэрай, белай або склерацыяльнай гніллю, а таксама ржой.
Шэрая гніль праяўляецца на ўсіх частках расліны ў выглядзе шэрага плесневага налёту, а на цыбулінах утвараюцца чорныя дробныя склероцыі. Белая гніль пашкоджвае галоўным чынам цыбуліны. На цыбулінах і прылеглай да іх глебе з’яўляецца белы міцэлій з чорнымі склероцыямі. Пашкоджаныя цыбуліны, як правіла, цалкам згніваюць у глебе да з’яўлення лісця ці даюць слабае, дэфармаванае лісце і кветаносы. Для папярэджання захворванняў і барацьбы з гніллю цыбуліны варта апрацоўваць перад пасадкай, а расліны — у перыяд вегетацыі 0,2%-ным растворам фундазолу або 0,2—0,5%-ным растворам тапсіну. Пры адсутнасці гэтых фунгіцыдаў можна апрацаваць расліны і цыбуліны 1%-най бардоскай вадкасцю.
Часам на лісці падснежнікаў з’яўляецца ржа, якую выклікае грыб. Захворванне праяўляецца ў выглядзе чорна-карычневых глянцавітых плям на абодвух баках лісця. Пры невялікім пашкоджанні можна выдаліць і спаліць засыхаючае лісце. Пры моцным пашкоджанні трэба апырскаць расліны 1%-най бардоскай вадкасцю або апрацаваць калоіднай серай, дадаўшы ў яе для лепшага прыліпання раствор мыла. Ва ўмовах прысядзібнай гаспадаркі выкарыстоўваць іншыя хімікаты небяспечна.
Падснежнікі — марозаўстойлівыя расліны, аднак у суровыя зімы іх трэба прыкрыць яловымі лапкамі. Пры надыходзе ўстойлівых халадоў падснежнікі можна прысыпаць слоем перагною таўшчынёй 5 см.
Знайдзіце для падснежнікаў у сваім садзе зручнае месца, забяспечце ім належны догляд, і яны парадуюць вас сваімі цудоўнымі грацыёзнымі кветкамі і абвесцяць аб тым, што вясна ідзе!

Люцына ГАПОНІК.
Фота аўтара.