Манахромныя кветкі

У кожнага з нас ёсць свае любімыя колеры. Аднаму падабаецца жоўты, другому — сіні, трэцяму — вытанчаны белы. Салідныя кветкавыя фірмы часам прадаюць наборы насення для кветніка аднаго колеру. Але такая кампазіцыя — на аматара. Я, напрыклад, мару пра такі кавалачак свайго невялікага кветніка. Памятаю, у адной установе ўбачыла ў сярэдзіне мая звычайныя нізкарослыя касачы фіялетавага колеру, доўга памятала гэтую дзівосную карціну. Іншая справа — стварэнне такога кветніка патрабуе некаторых ведаў і навыкаў. Таму сёння мы і пагаворым пра гэта.

Зчаго пачаць? Калі нават у вас звычайны кветнік, абавязкова вядзіце запісы — калі пасеялі насенне на расаду, калі яно ўзышло, у які час цвіла тая альбо іншая кветка. Гэта дазволіць вам спланаваць пасадкі ў наступным годзе, нешта дабавіць, ад нечага адмовіцца. Адзначайце колер кветак, іх вышыню, час цвіцення. Гэта і ёсць першы крок да стварэння манахромнага кветніка. Пачынаючы з красавіка і заканчваючы кастрычнікам у кветніку павінна быць хаця б два-тры віды раслін аднаго колеру. А калі вы ўжо стварылі такую кампазіцыю і не ўсё атрымалася, запішыце, калі клумба была пуставатай і чаго вам не хапае.
Другі момант, які датычыцца манахромнага кветніка. У ім абавязкова павінны быць кветкі рознага росту. Вам вырашаць — высадзіць высакарослыя кветкі ў цэнтры альбо на заднім плане, але яны абавязкова павінны прысутнічаць. Напрыклад, у манахромным кветніку цудоўна будзе выглядаць такая шматгадовая ліяна, як кляматыс. Тым больш, што сёння існуюць ліяны і белага, і цёмна-бэзавага, і ружовага колераў, а ўжо адценняў — не злічыць. З аднагадовых ліян для жоўтага кветніка можна параіць тунбергію, для сіняга — кабею, для чырвонага — дэкаратыўную фасолю. А духмяны гарошак увогуле ёсць усіх колераў.
Самы высокі ярус будуць складаць расліны, чыя вышыня каля 1,5 м. Для чырвонага кветніка можна параіць клеому, духмяны тытунь, вятроўнік, вяргіні чырвонага колеру. Для сіняга — дэльфініум, аканіт, ліловую хрызантэму.
Сярэдні ярус — гэта півоні, флёксы, касачы, лілейнікі, цыбульныя — фрытылярыя, гладыёлусы, лілеі. Усе гэтыя расліны бываюць рознага колеру. Нядаўна ў краме я бачыла нават лілейнік сіняга колеру. Што датычыць аднагадовых кветак, то тут выбар увогуле неабмежаваны. Трэці ярус — кветкі ад 30 да 70 см. А падбіўку можна зрабіць прымуламі, маргарыткамі, настуркамі, петуніямі, лабеліяй. Не забудзьце і пра дробнацыбульныя — крокусы, пралескі, галантусы. Яны адкрываюць вясну.
Для любога кветніка абавязкова падбярыце дэкаратыўна-лісцевыя расліны. Гейхеры бываюць усіх адценняў — ад зялёнага да барвовага, стракаталісцевая хоста незаменна ў белым кветніку, зялёная — у чырвоным. Асцільба ўвогуле бывае чырвонага, белага, ружовага колераў. Для жоўтага выберыце хосту з жоўтымі палоскамі, бузульнік.
Наступны момант — абавязкова трэба спалучаць расліны з буйнымі і дробнымі кветкамі. Півоні, лілеі, вяргіні будуць сябраваць з гіпсафілай, лабулярыяй, алісумам, каменяломнікам, глебапокрыўнымі расходнікамі. Нават ружы патрэбны больш сціплыя сябры — кларкія, аднагадовы флокс Друмонда, нізкарослая гадэцыя.
Вечная спрэчка паміж кветкаводамі — шматгадовыя і аднагадовыя кветкі. Ну ніяк вы не створыце кветнік толькі са шматгадовых раслін! Толькі званочак карпацкі цвіце ўсё лета без перапынку. Асабліва важна спалучэнне розных відаў кветак у манахромным кветніку. Хіба ёсць замена аксаміткам, львінаму зеву, петуніі, аднагадовым флоксам і вяргіням, якія цвітуць не менш чым па тры месяцы!
У кожным манахромным кветніку абавязкова павінны быць цыбульныя расліны. Гэта крокусы, ранні цыбульны касач, дробнакветкавыя рабчыкі, мускары, пралеска (яна бывае ўсіх колераў, акрамя жоўтага), эранціс, нарцысы, цюльпаны. Для кветніка жоўтага і аранжавага колераў вельмі падыдзе рабчык імператарскі, які цвіце ў маі. Калі ў вас па нейкіх прычынах мала часу, аддайце перавагу цыбульным, якія дастаткова выкопваць раз у тры-чатыры гады. Гэта амаль усе з вышэйпералічаных.
Рознага колеру можна падабраць і лілеі, і вяргіні, і гладыёлусы, і хрызантэмы. Хрызантэмы можна ўвогуле падабраць так, што яны будуць цвісці ў вас ад сярэдзіны ліпеня да замаразкаў.
У верасні парадуюць душу штэйнбергія — восенькі нарцыс і зімоўнік белага і ружовага колераў. Для ружовага кветніка знаходка — высакарослы ружовы расходнік. Ён, дарэчы, бывае і белага колеру, але гэты від сустракаецца радзей.
Абавязкова трэба імкнуцца спалучаць у манахромных кветніках і даўно правераныя расліны, і навінкі. Калі вам складана займацца расадай адналетнікаў, раю пасадзіць у адкрыты грунт валошку, календулу (выведзена шмат цікавых гатункаў), настурку, эшкольцыю, лаватэру, кларкію, цынію — мексіканскую і высакарослую), тыя ж аксаміткі і інш.
А цяпер некалькі парад тым, хто жадае стварыць сіне-ліловы кветнік. Вясной парад кветак пачынаюць сінія мускары, фіялетавыя і сінія крокусы, цыбульны касач, сіняя пралеска. З сярэдзіны мая цвіце нізкарослы касач, шматгадовая валошка, фіялетавы флёкс іголкавы. У чэрвені — званочкі ўсіх відаў — карпацкі, сярэднярослы, кропкавы, Партэншлага, гарачаўка сяміраздзельная, нігела (цыбуля-чарнушка), шматгадовы лянок, фіялетавая скабіёза, любімая мною лабелія, фацэлія. Ліпень — на арэну выходзяць аканіт клабучковы, дэльфініум, шалфей сіні і Вікторыя, фіялетавы ліятрыс, агератум, сіні кермек, сінегалоўнік. І ў жніўні зацвітае аднагадовая астра, катоўнік, хрызантэмы. З цыбульных — чарнільныя гладыёлусы.
Не варта забываць і пра петуніі сіняга і фіялетавага колераў. Яны выглядаюць вельмі багата. З ліян — кляматыс, азарына, кабея, духмяны гарошак. Калі дазваляе месца, пасадзіце рададэндран катаўбінскі і бэзавую гартэнзію. Для сіняга кветніка раслін хапае. Можаце пасадзіць і адну-дзве белыя кветкі, напрыклад, фізастэгію і белы званочак. Белы колер лічыцца ахраматычным — спалучаецца з усімі колерамі.
Манахромны кветнік сплануйце ўжо зараз. Вы і не заўважыце, як прыйдзе вясна.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара.