Міні-помнікі на шахматнай дошцы

Хто мы такія ў нашым жыцці? Кім хацелі б стаць, ды не сталі? Кім усё-такі сталі? Каралямі, якія ходзяць і наперад, і назад, і ўбок? Каралевамі, якія бязлітасна забіваюць непрыяцеляў іх каралёў? Сланамі, якія кіруюць нашымі жыццёвымі дыяганалямі? Коньмі, якія вечна рухаюцца па сваёй Г-падобнай траекторыі і часта паміраюць за свайго караля? Ладдзямі роспачы, якія могуць плыць уверх ці ўніз, але толькі па цячэнні? Пешкамі? Якія, як гэта ні дзіўна, забіваюць чужога караля за 1 секунду да падзення сцяжка на шахматным гадзінніку…

У пасёлку Прыдняпроўскім, побач з Рагачовам Гомельскай вобласці, жыве ўнікальная пара, ён і яна, муж і жонка, колішнія інжынеры, а цяпер выбітныя майстры — рэзчыкі па дрэве — Сяргей Канстанцінавіч і Алена Вячаславаўна Уралавы. З дрэва, пераважна з ліпы, яны выразаюць шахматы. Але не проста дэкаратыўныя, толькі дзеля прыгажосці, шахматы, а тэматычныя. У іх ужо 14 дошак-камплектаў. Ёсць прысвечаныя Львову (у якім яны доўгі час жылі), Пушкіну (да 200-годдзя з дня нараджэння рускага класіка), Рурыкавічам (да 850-годдзя заснавання Масквы), Другой сусветнай вайне і інш. ­Сяргей Канстанцінавіч называе сябе інтэлектуальным чаляднікам аўтара. Ён прыдумвае тэматычныя канцэпцыі дошак і фігурак, днямі, а то і тыднямі, прападае ў архівах і бібліятэках у пошуках вобразаў, якія адпавядаюць гістарычнай рэчаіснасці. Яна — непасрэдны аўтар, рэзчык. Дзівішся таму факту, што гэта ўсё — плён рук жанчыны, што менавіта яе рукам урэшце аддавалася ліпа і ператваралася ў рэальных герояў сусветнай гісторыі. А свае шахматныя фігуры Сяргей Канстанцінавіч і Алена Вячаславаўна называюць не інакш як міні-помнікамі на шахматнай дошцы, бо ўсе яны канцэптуальна вывераныя, адпавядаюць гістарычнай праў­дзе. Невыпадкова Сяргей і Алена Уралавы — частыя госці ва ўстановах адукацыі Рагачоўшчыны. На шахматнай дошцы тлумачаць дзецям гісторыю, і тым гэта вельмі падабаецца.

Падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Ра­гачоў я меў шчасце сустрэцца і пагутарыць з Сяргеем Канстанцінавічам і Аленай Вячаславаўнай. Дзеля дэманстрацыі сваёй творчасці яны прывезлі ў раённы аддзел адукацыі шахматную дошку, прысвечаную Палтаўскай бітве. Я з захапленнем разглядаў выкшталцоныя фігуркі. Найперш, вядома, Пятра І і Карла ХІІ — каралёў на белым і чорным палях. Потым, успомніўшы, што ў самога некалі быў І дарослы разрад па шахматах, прапанаваў Сяргею Канстанцінавічу згуляць партыю. Ён адказаў, што гэта не гульнявыя, а сувенірныя шахматы. Але ўсё ж пагадзіўся.

Ён быў на чале рускай арміі, ён быў Пятром І.

Я кіраваў шведамі, быў Карлам ХІІ.

Я прайграў…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.