Мы робім мультфільмы

У дзейнасці кожнага педагога важны творчы падыход. А калі педагагічная дзейнасць сама па сабе пастаянная, бесперапынная творчасць? Напрыклад, як у педагога дадатковай адукацыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Алесі Акінчыц.

Тварыць Алесі Мікалаеўне падабалася з дзяцінства. Яшчэ тады яна ведала, што ў дарослым жыцці будзе мастаком.

— Ужо ў больш сталым узросце зразумела, што хачу не толькі сама займацца выяўленчай творчасцю, а і далучаць да мастацтва іншых, — паведаміла А.М.Акінчыц.

Мару сваю Алеся Мікалаеўна ажыццявіла. Атрымала дыплом мастака і спецыяліста роспісу па дрэве, а потым паспяхова скончыла МДУ імя А.А.Куляшова, дзе набыла педагагічную адукацыю. Сваю працоўную дзейнасць у абласным цэнтры творчасці пачала васямнаццаць гадоў назад. За гэты час прайшла шлях ад мастака і дэкаратара да педагога.

У АЦТ А.М.Акінчыц арганізавала аб’яднанне па інтарэсах “Калейдаскоп”, дзе дзеці вучацца бачыць прыгожае ў штодзённым і паказваць гэта праз разнастайную мастацкую творчасць. Зараз гэты гурток наведваюць 80 хлопчыкаў і дзяўчынак. На занятках яны спасцігаюць асновы жывапісу, малюнка і кампазіцыі, спрабуюць сябе ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці: роспісе па шкле, дрэве і іншых матэрыялах, лепцы з салёнага цеста, шыцці, вышыўцы, ткацтве, папяровай творчасці. А з нядаўняга часу навучэнцы атрымалі магчымасць асвойваць і больш сучасныя напрамкі мастацтва — мультыплікацыю і лялечны тэатр.

— Я не магу доўгі час стаяць на месцы. Часта на пошук новага матывуюць самі вучні. Менавіта такім чынам у нашым аб’яднанні з’явіліся анімацыя і тэатр, — адзначыла Алеся Мікалаеўна.

Па яе словах, любуючыся вырабамі з пластыліну навучэнкі Лізаветы Някрасавай, было вельмі шкада, што іх бачыць невялікая колькасць людзей. Захацелася ажывіць персанажы, а не скла­даць іх у каробку. Так усё аб’яднанне захапілася мультыплікацыяй. У выніку А.М.Акінчыц распрацавала мультпраекты “Канікулы” і “Коцік”, якія пакрокава вучаць анімацыі. У дамашніх умовах дзеці могуць паэтапна навучыцца рабіць мультфільм.

— Мы ўжо зрабілі больш за 50 дзіцячых анімацый як на рускай, так і на беларускай мове, а таксама шэраг анімацыйных відэакліпаў. Мае выхаванцы ствараюць не толькі свае ўласныя гісторыі. Праз анімацыю навучэнцы знаёмяцца з народнымі традыцыямі і абрадамі, фальклорам, літаратурнымі творамі беларускіх аўтараў. Наш невялікі анімацыйны вопыт быў прадстаўлены на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Вучні былі адзначаны дыпломамі на вядомых конкурсах “Калядная зорка”, “Мая зямля — Прыдняпроўе”, рэспубліканскай выставе-конкурсе “Салют Перамогі!”, станавіліся ўдзель­нікамі міжнароднага фестывалю “Анімаёўка”, — расказала Алеся Мікалаеўна.

Дарэчы, цяпер выхаванцы “Калейдаскопа” разам са сваім педагогам зноў пусціліся ў творчыя эксперыменты. Асвойваюць новы для сябе напрамак — лялечны тэатр.

— На восеньскіх канікулах паспрабавалі тэатр з салёнага цеста. І дзецям, і бацькам вельмі спадабалася. Вырашылі працягваць тварыць у гэтым кірунку. Зараз ладзім 8 спектакляў паводле казак “Русалачка”, “Снежная каралева”, “Царэўна-жаба” і інш. Дзве пастаноўкі будуць ценявыя, адна — з фетру, дзве — з салёнага цеста і тры — з пампонаў, — патлумачыла А.М.Акінчыц.

У планах Алесі Мікалаеўны — не спыняць творчы пошук і эксперыменты.

— Буду працягваць імкнуцца да новага, да павышэння прафесійнага майстэрства, каб максімальна раскрываць патэнцыял кожнага свайго вучня, — запэўніла педагог.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.