На дачу — з задавальненнем, з дачы — са здароўем

Дача шмат каму з нас дапамагае расслабіцца і аднавіцца пасля работы ў офісе і на вытворчасці, атрымаць зарад здароўя і бадзёрасці на наступны тыдзень. Але не варта забываць, што гэтая ж любімая дача можа стаць крыніцай небяспекі і траўматызму.

Для тых, хто прыязджае на дачу паляжаць у шэзлонгу і прайсціся па хваёвым лесе, правілы паводзін тыя ж, што і ў гарадской кватэры. Але тыя, хто прыязджае на дачу, каб папрацаваць, павінны ў першую чаргу ведаць і выконваць элементарныя правілы гігіены працы.
Напрыклад, карчаванне пнёў, ускопванне градак, выкопванне ям пад дрэвы, выдаленне камянёў з участка — цяжкая фізічная праца, а таму ёй можна займацца толькі здаровым і адносна маладым. Людзям з такімі хваробамі, як гіпертанія, тромбафлебіт, радыкуліт, варыкознае расшырэнне вен, трэба напружвацца і працаваць з вялікай асцярожнасцю. З глаўкомай і гіпертаніяй не рэкамендуецца працаваць нахіліўшыся, так што палоць градкі прыйдзецца седзячы, нават калі гэта не зусім зручна.
Незалежна ад стану здароўя і ўзросту, лепшы час для фізічнай працы — раніца, калі яшчэ халаднавата. Днём, калі сонца пячэ, лепш больш адпачываць, а падчас працы абавязкова апранаць галаўны ўбор.
Зямлю, пясок, ахапкі пустазельнай травы, не варта пераносіць у руках ці вёдрах — перавозьце іх на тачцы.
Адна з найбольш цяжкіх работ — паліў, бо, напрыклад, ягады з агароднінай патрабуецца паліваць рэгулярна. Для палягчэння гэтага працэсу выкарыстоўвайце падачу вады праз шланг — гэта робіць паліванне нескладаным. Калі такога прыстасавання няма, давядзецца насіць ваду з калонкі або калодзежа. Тут важна ведаць правіла нашэння цяжараў: несці вёдры трэба абавязкова раўнамерна ў дзвюх руках, а не ў адной, інакш узнікае аднабаковая нагрузка на пазваночнік, і ён перакрыўляецца, з’яўляецца радыкуліт. Таксама не падымайце з нахілу на выцягнутых руках вёдры і іншы цяжар, бо ў гэтым выпадку нагрузка на паясніцу вельмі моцная.
Некаторыя працаголікі імкнуцца за выхадныя перарабіць усе справы на дачным участку. Пасля ўдарнай працы на градках часта ныюць спіна і паясніца, па раніцах адчуваецца скаванасць рухаў.
Зменшыце працоўны запал, інакш вы сур’ёзна рызыкуеце здароўем.
Калі вы ўсё ж такі дапрацаваліся да радыкуліту, звярніцеся да доктара. Ён зможа вызначыць прычыну болю: ушчамленне або грыжа міжпазванковага дыска. У першым выпадку дапамогуць абязбольваючыя мазі, масаж, гімнастыка. У другім варыянце неабходна сур’ёзнае лячэнне.
Часта пасля праполкі і ўскопвання пальцы моцна стамляюцца і баляць. У гэтым выпадку трэба аднавіць капілярны кровазварот з дапамогай нескладаных практыкаванняў: круціце кісці рук у розныя бакі па 10 разоў, патрасіце імі; з сілай сцісніце пальцы ў кулак, расцісніце, аслабляючы кісці; зымітуйце рухі, быццам стрэсваеце кроплі вады з рук і пальцаў. Трымайце далоні прама, згінайце па чарзе пальцы і разгінайце.
Што да работы ў садзе, то будзьце акуратныя, каб не параніцца, і заўсёды майце пры сабе аптэчку са сродкамі першай дапамогі. Напрыклад, калі вы параніліся, працуючы з нажніцамі або нажом, то адразу старанна прамыйце рану чыстай вадой і абеззаразьце 3%-м перакісам вадароду або іншым антысептыкам. Рэкамендуецца таксама апрацаваць рану растворам ёду і, вядома, наклеіць на яе лейкапластыр. Прыклейце яго надзейна, каб не адставаў і не з’язджаў.
У пару цвіцення алешыны, бярозы, асіны або таполі на дачы можа напаткаць і іншая небяспека — алергія. Ёсць людзі, у якіх рэгулярна вясной здараецца алергія на пылок, таму на дачу лепш у гэты час ім не ездзіць, ды і наогул як мага менш бываць на вуліцы. Акрамя пылку дрэваў, ёсць нямала іншых квітнеючых алергенаў, уключаючы злакавыя культуры на палях. Калі алергію выклікае нейкая пэўная расліна на ўчастку, то з ёй давядзецца развітацца назаўсёды. Цвіценне пустазелля таксама можа выклікаць алергію — тады трэба часцей палоць градкі, выдаляючы пустазелле да цвіцення.
Укус насякомага — пчалы, асы, чмяля або шэршня — можа выклікаць цяжкі прыступ алергіі аж да ацёку Квінке і ўдушша. Але часцей за ўсё адзінкавыя ўкусы вос і пчол нічога, акрамя свербу, не выклікаюць. Гэта непрыемна, але не смяротна. Адзінае, што неабходна зрабіць, гэта выцягнуць джала і астудзіць месца ўкусу, каб яд менш раствараўся ў крыві. А вось калі джаліць цэлы рой пчол, то тут ужо можа ўзнікнуць алергія ў цяжкай форме. І калі пасля ўкусаў (або аднаго ўкусу) пачынаецца галаўны боль і млоснасць, то адразу выклікайце хуткую дапамогу, а да яе прыезду пацярпелы павінен піць шмат вады.
Аб дачнай “хіміі” трэба сказаць асобна. Сродкі хімабароны раслін і мінеральныя ўдабрэнні могуць прадстаўляць небяспеку пры празмерным апырскванні раслін або ўнясенні іх у глебу. Пры рабоце з дачнай хіміяй трэба ўжываць сродкі індывідуальнай абароны — гумавыя пальчаткі, ахоўныя акуляры, рэспіратары або марлевыя павязкі. Захоўваць удабрэнні і пестыцыды варта ў асобным закрытым памяшканні, каб зберагчы ад іх дзяцей і хатніх жывёл.
Пра нітраты таксама варта пагаварыць асобна. Расліны перапрацоўваюць нітраты ў іншыя злучэнні, якія для чалавека бяспечныя, але вялікую колькасць нітратаў расліны могуць і не паспець перапрацаваць, і яны ў выглядзе так званых нітразамінаў могуць трапіць у арганізм чалавека з вырашчанай агароднінай. Гэта што тычыцца свежых пладоў. Доўгае захоўванне агародніны ў падвале істотна змяншае ўтрыманне ў іх нітратаў. Гэтаму ж спрыяюць кансерваванне, адварванне, даволі доўгае вымочванне ў вадзе. Нітраты больш за ўсё назапашваюцца ў зяленіўных культурах (пятрушка, сельдэрэй, кінза і інш.), а таксама караняплодах. У памідорах і капусце іх значна менш. Ды і ў саміх раслінах нітраты размяркоўваюцца па-рознаму: у капусце і моркве яны знаходзяцца бліжэй да цэнтра, а ў бульбе і агурках — да скуры.
Ядахімікаты (пестыцыды, фунгіцыды, інсектыцыды) значна больш небяспечныя за ўдабрэнні, таму што спецыяльна прызначаны для знішчэння жывых арганізмаў. Не імкніцеся выкарыстоўваць інсектыцыды адразу, як толькі заўважыце шкоднікаў. Спачатку збярыце шкоднікаў уручную — гэта даволі проста. Затым можна выкарыстоўваць настоі тытуню, часнаку і некаторых іншых раслін, якія адпужваюць шкоднікаў. Наносьце іх на расліны з дапамогай вадкага мыла (4 г на 1 л вады), якое прыліпае да раслін.
Пры рабоце з ядахімікатамі нельга забываць пра сродкі індывідуальнай абароны. Пасля выкарыстання ядахімікатаў абавязкова мыйце рукі і твар з мылам.
Што тычыцца гігіены харчавання, то на дачы гэта ў першую чаргу правільнае захоўванне прадуктаў і барацьба з мухамі. Накрывайце прадукты, якія можна не захоўваць у халадзільніку. Выкарыстоўвайце мухабойкі і стужкі-ліпучкі. А галоўнае, не давайце мухам размножвацца ў харчовых адходах. Смеццязборнік і кампоставы кантэйнер павінны быць аснашчаны шчыльнымі накрыўкамі.
І напрыканцы: на дачы мыць рукі з мылам трэба часцей, чым у гарадской кватэры — гэта зніжае небяспеку заражэння кішэчнымі інфекцыямі.

Надзея СКРЫННІК,
загадчык аддзела грамадскага здароўя
Мінскага абласнога цэнтра гігіены,
эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.