Накідка багіні Ірыды

Зусім нядаўна мне давялося пабываць у родных мясцінах, на поўдні Гомельскай вобласці. Якраз трапіла на апошнія дні цвіцення касачоў. Многім маім суседкам ужо за 80, і ім не заўсёды дазваляе здароўе займацца вельмі капрызнымі кветкамі накшталт гладыёлусаў, якія ці не дзесяць гадоў назад раслі ў кожным кветніку. Затое касачы і півоні ёсць на кожнай сядзібе. Гэтыя кветкі-доўгажыхары могуць расці на адным месцы да 40—50 гадоў. Касачы растуць і цвітуць доўгімі палосамі ўздоўж плота. Цёмна- і светла-сінія, розных адценняў жоўтага і аранжавага, бардовыя, нават чыста белыя. Разбітае сэрца, альбо дыцэнтра, таксама расце на сядзібах і сімвалізуе сум ад таго, што жыццё так хутка набліжаецца да канца, а вось касачы, наадварот, сваім выглядам сімвалізуюць прагу да жыцця ў любым узросце.

Можа, таму, што жывуць тут працавітыя, з добрым сэрцам людзі, і кветкі ў іх буяюць без асаблівага догляду.
Хаця, скажам так, я б не назвала касачы вельмі ўжо простай у вырошчванні кветкай. Асабліва новыя гібрыды і гатункі. Яны і вільгаці не церпяць, і стараннай праполкі патрабуюць, і своечасовага дзялення. Таму мая касачовая калекцыя складаецца і з простых “пеўнікаў”, і з каштоўных гібрыдаў.
А ўвогуле пачынаць займацца касачамі трэба з самых простых гатункаў. Калі вам далі ці вы купілі карэнішча касача, не факт, што ён зацвіце ў першы год. Таму лепш набываць расліну з двума-трыма “лапаткамі”. Карэнішча павінна быць шчыльнае, без умяцін і падгнілых месцаў, а таксама не перасушанае. У ямінку для пасадкі лепш за ўсё дабавіць перапрэлы кампост ці 50 г сухога поўнага комплекснага мінеральнага ўгнаення. Садзіць касачы можна вясной як мага раней альбо пасля цвіцення, пачынаючы з сярэдзіны ліпеня і да сярэдзіны верасня. У апошні час прадаюць квітнеючыя касачы. Іх можна купляць, але пры пасадцы кветку трэба абрэзаць секатарам. Калі ліпень сухі, трэба ўмерана паліваць. Урэшце можна акуратна раздзяліць касач і не выкопваючы з зямлі. Акуратна адсячыце рыдлёўкай патрэбную вам дзялянку, а ямінку засыпце спажыўным грунтам і добра паліце.
Многія кветкаводы памылкова пасля цвіцення абразаюць касачы ці не пад корань. А навошта? Арыентуйцеся па лісці. Калі кветка здаровая, яна захоўвае свой колер і габітус амаль да кастрычніка, а потым абрэжце яе на 2/3 у выглядзе веера. Калі ж лісце месцамі пажоўкла ў ліпені — жніўні, проста крыху абрэжце пажоўклае лісце нажніцамі.
Яшчэ вельмі важны момант пры вырошчванні касачоў. Садзіце кветкі з такім разлікам, што праз 3-4 гады вам прыйдзецца іх дзяліць. Касач разрастаецца вельмі хутка, а калі карэнішча пачынае выпіраць з зямлі, ды і кветкі не такія буйныя, то гаварыць пра прыгажосць не даводзіцца.
Зноў пасаджаную расліну абавязкова трэба шчыльна прыціснуць да зямлі, можна нават паставіць невялікі калок і падвязаць яе.
Яшчэ адзін важны момант — прыгожае размяшчэнне касача. Вядома, вельмі прыгожа выглядае касачовая рабатка, гэта значыць доўгая паласа. Але каб касачы былі ў ёй да месца, карэнішча не павінна быць вельмі буйное, а кветка павінна быць маладой і стройнай. Калі вы вырашылі выкарыстаць касач у якасці саліцёра, падбярыце рэдкі гатунковы экзэмляр і пусціце яго на волю — хай сабе разрасцецца. Можна пасадзіць касачы паміж півонямі — адны шыкоўныя кветкі зменяць іншыя. Няблага глядзяцца побач з касачамі і дробныя адналетнікі — карлікавая астра, вузкалістая цынія, невысокія аксаміткі, мая любіміца лабелія і інш. Калі вам не спадабаецца кампазіцыя з нейкімі відамі адналетнікаў, у наступным сезоне створыце іншую.
А галоўнае — не давайце ператварацца гэтым прыгожым кветкам у зараснікі, так вы проста іх згубіце.
Яшчэ некалькі слоў пра цыбульны касач — ірыдадыктыум. Ён вырошчваецца такім жа чынам, як і крокусы. Пасадка — у верасні — кастрычніку, цвіценне — разам з крокусамі, ранняй вясной. Бывае, што ірыдадыктыум зацвітае і раней. Такі вось маленькі цуд на голай зямлі.

Ала ШАЎЦОВА.
Фота аўтара
і Люцыны ГАПОНІК.