У Беларусі стартавала міжнародная акцыя “Бэз Перамогі”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Хто не памятае гэтых шчымлівых кадраў фота- і кінахронікі мая 1945 года: мірныя савецкія грамадзяне, пераважна жанчыны, старыя і дзеці, закідваюць цягнікі з салдатамі-пераможцамі, якія вярталіся з Германіі, кветкамі? Цягнікі літаральна патанаюць у гэтай квецені, салдаты іх ловяць, цалуюць, прыціскаюць да сваіх збалелых, зваяваных за доўгія ваенныя гады грудзей… Потым выходзяць на перон, і некаторым з іх шчасціць адразу апынуцца ў абдымках сваіх любых, змарнелых ад невыноснага чакання і шчаслівых ад такой доўгачаканай сустрэчы жонак… Іх рукі адчайна абвіваюць спіны, шыі сваіх герояў… Ён жывы. Ён вярнуўся. Ён вярнуўся назаўсёды. Ён вярнуўся з перамогай. А ў руках, якія абвіваюць спіны, шыі салдат-герояў, — усё тыя ж кветкі…
Па чорна-белых кадрах гэтай хронікі не заўсёды можна зразумець, якія менавіта кветкі. Адказ нам сёння падказваюць элементарная логіка (яны павінны цвісці ў маі; яны растуць усюды, іх можна нарваць дзе заўгодна; яны павінны быць проста любімымі) і людская памяць: гэта быў бэз. Той майскі бэз 1945 года, які назаўсёды ўрэзаўся ў свядомасць старэйшых пакаленняў нашых людзей як сімвал Перамогі, сімвал радасці са слязамі на вачах, сімвал шчаслівага супакаення і прадчування новых радасцей.
Сёння гэты сімвал да нас вяртаецца.
— Вытокі праекта “Бэз Перамогі”, — расказвае загадчык аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік, доктар біялагічных навук, сустаршыня Савета батанічных садоў Расіі і Беларусі Уладзімір Рашэтнікаў, — сягаюць яшчэ ў 2009 год, калі мы, прадстаўнікі нашага батанічнага саду, апынуліся разам з дэлегацыяй Галоўнага батанічнага саду імя М.В.Цыцына Расійскай акадэміі навук на Кубе. Безумоўна, мы там знаходзіліся найперш з даследчымі мэтамі, бо натуральны раслінны комплекс у Беларусі нашмат бяднейшы, чым на востраве Свабоды, і мы накіроўваліся туды, думаючы зусім не пра бэз, а пра магчымасці пашырэння біялагічнай разнастайнасці ў нашым батанічным садзе. Але так атрымалася, што менавіта там, на Кубе, мы падпісалі пагадненне з Галоўным батанічным садам РАН аб стварэнні Савета батанічных садоў Расіі і Беларусі. І адразу ж перад намі паўстала пытанне пра магчымы сумесны праект у рамках будучага супрацоўніцтва. Натуральна, гэта мусіў быць праект, скіраваны на развіццё навукі батанікі і захаванне біялагічнай разнастайнасці, але найперш ён павінен быў быць значным з пункту погляду яго ідэалагічнага складніка, мець глыбокую сімвалічнасць для абедзвюх нашых краін. Так неўзабаве нарадзілася ідэя ініцыіраваць акцыю “Бэз Перамогі”, якая б звязала ўсе 12 гарадоў-герояў і Брэсцкую крэпасць-герой тым, што там з’явіліся б алеі, спецыяльна высаджаныя ўзноўленымі сартамі бэзу ваеннай тэматыкі.
Тут, мабыць, варта патлумачыць чытачу, чаму ўзноўленымі, якім чынам узноўленымі і наогул што маецца на ўвазе пад самім гэтым выразам — “сорт бэзу ваеннай тэматыкі”.
Пачнём з апошняга. І тут мы ў першую чаргу павінны назваць імя франтавіка і геніяльнага савецкага селекцыянера з сусветным імем Леаніда Калеснікава, які прысвяціў усё сваё жыццё вывядзенню бэзу, стварыў цэлую калекцыю новых яго сартоў і назваў іх у гонар падзей і герояў Вялікай Айчыннай вайны. З цягам часу бэз Калеснікава стаў адмысловай “фішкай”, сапраўднай гордасцю савецкай селекцыйнай навукі, а яго дзейнасць на біялагічнай ніве, афарбаваная ў патрыятычныя колеры, натхніла многіх яго вучняў і паслядоўнікаў у былых рэспубліках СССР на працяг гэтай высакароднай справы.
Безумоўна, не засталіся ў баку ад яе і вучоныя-селекцыянеры нашай партызанскай рэспублікі. Дарэчы, Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі можа пахваліцца адной з самых багатых у Еўропе калекцый бэзу, якая расце ў нас з 1933 года. У 50-х гадах мінулага стагоддзя айчыннымі біёлагамі на аснове 130 існуючых на той час у калекцыі сартоў было створана 16 новых — менавіта беларускіх, 6 з іх атрымалі назвы ваеннай тэматыкі: “Партызанка”, “Маршал Жукаў”, “Абаронцам Брэста”, “Капітан Гастэла”, “Севастопальскі салют”, “Аляксей Марэсьеў”.
Іншая справа (і гэта ўжо да пытання, чаму гэтыя сарты і тыя, што былі выведзены ў батанічных садах Расіі, спатрэбілася сёння ўзнаўляць), што за апошнія дзесяцігоддзі многія з іх па розных прычынах былі занядбаны. І, дзякуй богу, на дапамогу вучоным сёння прыйшлі найноўшыя біялагічныя тэхналогіі, у прыватнасці мікракланальнае размнажэнне ў прабірках, каб вярнуць да жыцця створанае калісьці неверагоднымі намаганнямі энтузіястаў-патрыётаў…
— З 2011 года мы пачалі актыўна ўзнаўляць і развіваць сарты бэзу ваеннай тэматыкі, — працягвае Уладзімір Рашэтнікаў. — Сумеснымі намаганнямі, разам з Галоўным батанічным садам імя М.В.Цыцына РАН, Валгаградскім рэгіянальным батанічным садам і Нікіцкім батанічным садам, мы пашпартызавалі, мікракланіравалі і размножылі гэтыя сарты. І сёння можна ўжо з радасцю канстатаваць: мы іх канчаткова ўзнавілі! За апошнія 4 гады мы вырасцілі 5400 саджанцаў легендарнага айчыннага бэзу для пасадкі ў нашых гарадах-героях і Брэсцкай крэпасці! Гэтая пераможная бэзавая вось — паміж Брэсцкай крэпасцю, якая першай прыняла на сябе фашысцкую агрэсію, і Валгаградам — Сталінградам, дзе гітлераўскай пачвары быў перабіты хрыбет, — глыбока сімвалічная для нашай гісторыі. Гэта памяць пра тых, дзякуючы каму мы і сёння можам сустракаць дзень 9 Мая з букетам духмянага бэзу.
Для закладкі алей элітнага бэзу ў гарадах, задзейнічаных у міжнароднай акцыі “Бэз Перамогі”, выбраны знакавыя месцы. У Маскве гэта Паклонная гара, у Санкт-Пецярбургу — Прыморскі парк Перамогі, у Валгаградзе — Мамаеў курган і Камсамольскі сад, у Севастопалі — Сапун-Гара, у Керчы — парк Лётчыкаў, у Смаленску — Рэадаўскі парк, у Новарасійску — мемарыял Няскораным у Цэмдаліне…
У Беларусі акцыя стартавала 23 красавіка: алеі “Бэз Перамогі” былі закладзены насупраць галоўнага ўвахода ў Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” у скверы па вуліцы Зубачова і ля Паўночнай брамы крэпасці. Адметна, што ў гэтым мерапрыемстве ўзяло ўд зел шмат моладзі: студэнты-валанцёры БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, навучэнцы брэсцкай сярэдняй школы № 9, сябры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Святочнае адкрыццё алей у Брэсце пройдзе 7 мая.
1 мая святочны бэз будзе высаджаны ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, у Мінску. 5 мая адбудзецца ўрачыстае адкрыццё алеі “Бэз Перамогі” ў музейна-паркавым комплексе “Перамога” (на тэрыторыі, прылеглай да Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны).
Акцыю плануецца працягнуць і надалей, насустрач 75-годдзю Вялікай Перамогі, дзеля чаго батанічныя сады Беларусі і Расіі, несумненна, падрыхтуюць за наступныя гады яшчэ не адну тысячу саджанцаў…
…А пакуль халодным красавіцкім днём, калі праходзіла прэс-канферэнцыя з нагоды старту праекта ў нашай краіне, я глядзеў на кволыя, з ледзь распушчанымі лісточкамі, саджанцы бэзу, толькі што прывезеныя ў наш батанічны сад з валгаградскага і акуратна рассталеўныя ў гаршчочках у нашым сірынгарыі. Чытаю гордыя назвы сартоў: “Вялікая Перамога”, “Валянціна Грызадубава”, “Эльдэген”…
Ім — яшчэ стаць алеяй.
Ім — яшчэ стаць нашай радасцю.
Ім — яшчэ стаць нашай вечнасцю.
Але яны ўжо — наша Перамога…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара, з інтэрнэту і з буклета “Бэз Перамогі”.